Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута пра найлепшыя дэбюты 2013 году


Ганна Янкута

Ганна Янкута

Дэбютныя кнігі — і празаікаў, і паэтаў, і перакладчыкаў — выходзілі сёлета на працягу ўсяго году. Варта згадаць і зборнікі вершаў Віялеты Пачкоўскай «Арэхападзеньне», Тані Скарынкінай «Книга для чтения вне помещений и в помещениях», Кірылы Анохіна «Асьцярожна, дрэвы зачыняюцца», і пераклад рамана Міхаэля Кумпфмюлера «Хараство жыцьця», зроблены Ірынай Герасімовіч, і іншае. Аднак самыя цікавыя, як на мяне, сёлетнія дэбютныя кнігі выйшлі ў канцы 2013-га і, магчыма, яшчэ не пасьпелі трапіць у рукі да ўсіх сваіх патэнцыйных чытачоў. А таму чаму б не пачаць 2014 год менавіта з гэтых кніг?

Проза: Маргарыта Аляшкевіч, «Мадэль для забойства» — BYBOOKS, 2013.

Маргарыта Аляшкевіч, ужо добра вядомая ў літаратурных колах як крытык, аўтар шэрагу рэцэнзіяў, у тым ліку «гедройцаўскіх», вырашыла ў 2013 годзе ўрэшце прадставіць шырокай публіцы і сваю прозу. Яе гісторыі пра мадэлек, што бадзяюцца па азіяцкіх краінах, удзельнічаюць у модных фотасэсіях і перажываюць сьмешныя і небясьпечныя прыгоды, ужо часткова друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», аднак у канцы мінулага года выйшлі ў поўным камплекце электроннай кнігай пад назвай «Мадэль для забойства» (BYBOOKS, 2013). Слова «забойства» зьяўляецца ў назьве зусім не выпадкова: бяскрыўдныя на першы погляд дзяўчаткі, адна з якіх прыехала ў Азію працаваць у мадэльным агенцтве па кантракце, а другая спэцыялізуецца на журналістыцы і праз пратэрмінаваную візу ніяк ня можа вярнуцца дадому, увесь час выпрабоўваюць цярпеньне адна адной. Пакуль справа тычыцца ўсяго толькі станікаў (купляць ці не купляць, і калі купляць, то колькі?), атмасфэра ў кнізе застаецца яшчэ даволі прыязнай, хаця і пачынае патроху электрызавацца; а вось калі справа даходзіць да хлопца ці, што яшчэ горш, да дыетаў… Аднак у дэтэктыў гэты дапаможнік па забойстве сяброўкі на кухні і ў машыне ды даведнік па сьвеце высокай моды так і не ператвараецца. Можна было б сказаць, што аўтарка кнігі паставіла сабе за мэту папрактыкавацца ў напісаньні лёгкага чытва для старшаклясьніц, калі б толькі яе без нічога ніякага раптам не пацягнула на моўныя дзівоты, і вось ужо мадэлькі ці не на кожнай старонцы ўражваюць нас сваімі калярытнымі выслоўямі, прыказкамі, прымаўкамі і праклёнамі («каб табе вочы завярнула, каб цябе качкі стапталі, каб цябе на тым сьвеце паперлі, як ты тут сваю цялежку прэш…»). Лёгкасьць стылю і лёгкае вар’яцтва з мовай — ня толькі абедзьве гераіні, але і сам апавядальнік (ці, хутчэй, апавядальніца) раз-пораз не стрымліваюцца і паказваюць, на што яны здатныя, — робяць кнігу цікавым беларускім экспэрымэнтам, аўдыторыю якога прадказаць зь лёту зусім ня проста. І ўсё ж, як бы там ні было і колькі таемных прыхільнікаў ні знойдзецца ў Яначкі і Агаткі, гэта кніга — для дзяўчатак. Каляровая вокладка ад дызайнэркі Ксеніі Малайчук гэта толькі пацьвярджае. Станікі, высокія абцасы, модныя буцікі, прыгоды ў Ганконгу і Токіё — і ніводнай нагоды абвінаваціць Маргарыту Аляшкевіч у эксплюатацыі папулярных тэмаў ці гендэрных стэрэатыпаў.

Паэзія: Уладзь Лянкевіч, «70% вады» — Менск, «Кнігазбор», 2013.

Нягледзячы на тое, што дэбютны зборнік вершаў Уладзя Лянкевіча, які выйшаў у сэрыі «Пункт адліку» бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменьнікаў, называецца «70% вады», галоўны герой гэтай кнігі — мова, прычым ня толькі беларуская, а мова ўвогуле. Ужо першы тэкст — пераклад з францускай верша Сулеймана Дыяманкі, сучаснага паэта, які нарадзіўся ў Сэнэгале і жыве ў Францыі, — пацьвярджае гэтую думку: Лянкевіч-перакладчык гуляецца са словамі так, што чытачам ужо і не зусім цікава, што там было ў арыгінале і пра што верш увогуле: «няхай ён выйшаў з маіх нататак і табе даспадобы надта // нават калі так — то гэта не мой верш, а папяровы матылёк». Тут гульня ідзе найперш з рыфмамі і з гукапісам, які робіць верш амаль што гіпнатычным, аднак чым далей, тым больш мова прымушае чытача зьвяртаць на сябе ўвагу. Так, напрыклад, у вершы «Балотная» выбудоўваюцца цэлыя шэрагі сынонімаў: «спакваля неўпрыцям цішком // незаўважна паціху // ціхачом і паволі...», у вершы «А яшчэ пісаць і крэсьліць...» адна і тая ж фраза напісаная на розных мовах, а адзін з эпіграфаў да верша «Пакажы, што ты хаваеш у руцэ...» ўвогуле ўзяты са слоўніка. Дзіцячыя песенькі і прыгаворкі (як у той жа «Балотнай» ці ў «Калыханцы пра рыбіну») таксама працуюць на вобраз мовы, якая цікавая аўтару ва ўсіх праявах. Апагею моўная тэма дасягае ў «Пятнаццатым санэце» — пародыі на «самую-сапраўдную-не-падобную-на-рускую-беларускую-мову», напісаную зь вялікай любоўю, веданьнем справы і літаратурнага кантэксту. Многія вершы са зборніка ўжо вядомыя чытачам па песьнях гурту «TonqiХod» («Гульня ў гарады», напрыклад, ці «Сьвятло ў вочы фарамі...»), асобныя тэксты — па ранейшых публікацыях, аднак нават добра вядомыя вершы пачынаюць гучаць па-новаму, калі робяцца часткай зборніка і чытаюцца нібыта ўпершыню.

Пераклад: Оскар Ўайлд, «Саламея» (пераклала Кацярына Маціеўская) — Мінск: «Кнігазбор», 2013.

«Саламея» Оскара Ўайлда («Кнігазбор», 2013; пераклад Кацярыны Маціеўскай) — гэтая самая знакамітая, бадай што, і самая шматпакутная п’еса, напісаная ангельскім пісьменьнікам па-француску, а потым на ангельскую мову перакладзеная Альфрэдам Дугласам, — у самым канцы мінулага года зьявілася ў перакладзе на беларускую мову, прычым пераклад гэты зроблены, насуперак кепскай традыцыі, не з ангельскага тэксту Дугласа, а менавіта з арыгінальнай францускай вэрсіі. Кніга выйшла ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка», а таксама ў бібліятэцы часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum», і самыя ўважлівыя чытачы абавязкова знойдуць на вокладцы, намаляванай дызайнэркай Марыяй Мухінай, пазнавальны «прайдзісьвецкі» твар у капелюшы. П’еса Ўайлда можа быць цікавая беларускаму чытачу ня толькі як літаратурны твор (а яго значнасьць ужо больш за стагодзьдзе сумневаў не выклікае), але і як спроба стварыць даволі спэцыфічны ўзвышаны стыль, на які працуе, напрыклад, неймаверная колькасьць біблейскіх цытат і адсылак. Нягледзячы на невялікі памер і агульную цэльнасьць п’есы, асобныя яе фрагмэнты чытаюцца як вершы прозаю (мабыць, таму перакладчыца палічыла патрэбным улучыць у кнігу таксама і ўласна ўайлдаўскія вершы прозаю, цыкл з 6 невялікіх тэкстаў), асобныя ж (напрыклад, спрэчкі габрэяў) — як камічныя інтэрмэдыі. Абсалютна неабходны элемэнт для любога выданьня «Саламеі» Ўайлда — ілюстрацыі Обры Бёрдслі — у кнізе таксама ёсьць. А таму можна сказаць, што тэма ўайлдаўскай «Саламеі» па-беларуску на сёньняшні дзень закрытая.
XS
SM
MD
LG