Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» паказалі на кінафэстывалі ў Індыі


Міжнародны кінафэстываль у Пуне

Міжнародны кінафэстываль у Пуне

12 студзеня ў індыйскім горадзе Пуна на міжнародным кінафэстывалі паказалі фільм «Жыве Беларусь!». Наступны паказ — 14 студзеня.

Міжнародны кінафэстываль у Пуне заснаваны ў 2002 годзе. Штогод зьбірае найлепшыя фільмы з усяго сьвету. Акрамя гэтага, наяўнасьць у горадзе Інстутыту фільму і тэлебачаньня, а таксама Нацыянальнага архіву фільмаў робяць Пуну галоўным кінематаграфічным цэнтрам краіны.

Два месяцы таму фільм удзельнічаў у найбуйнейшым Міжнародным індыйскім кінафэстывалі — у Гоа.



Фільм «Жыве Беларусь!» зьняты ў 2012 годзе польскім рэжысэрам беларускага паходжаньня Кшыштафам Лукашэвічам паводле сцэнара, напісанага супольна з Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся беларускія акторы.



Фільм апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам.

Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах

Фільм часткова заснаваны на фактах біяграфіі Францішка Вячоркі.

Фільм быў паказаны на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча), Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі.

Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG