Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Майдане зноў сабралася шматтысячнае Народнае веча


Больш за 50 тысячаў бяруць удзел у Народным вечы ў Кіеве. Радыё Свабода вядзе жывую трансьляцыю зь месца падзеі.

Людзі працягваюць прыбываць, нягледзячы на дождж.

Людзі зьбіраюцца ў цэнтры Кіева штотыдзень ад 24 лістапада, калі адбылася першая шматтысячная акцыя з патрабаваньнем да ўкраінскіх уладаў падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

З 1 сьнежня апазыцыйныя мітынгі зьбіраюцца на Майдане Незалежнасьці. Толькі 5 студзеня з-за падрыхтоўкі да сьвяткаваньня Калядаў апазыцыя не склікала веча, але і ў той дзень на Эўрамайдан прыйшлі каля 10 тысяч грамадзян.

На вечы заплянаваны выступленьні лідэраў апазыцыі, сьвятароў, грамадзкіх дзеячаў. Плянуецца, што са сцэны будзе абвешчаны плян дзеяньняў Майдана на бліжэйшы час.




Стан здароўя экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Луцэнка, які пацярпеў падчас канфлікту каля будынку Сьвятошынскага райадзьдзела міліцыі, сярэдняй цяжкасьці. Пра гэта паведаміла яго жонка Ірына Луцэнка.

Апрача таго на сёньняшнім веча, як чакаецца, лідэры апазыцыі прадставяць плян пратэсту на бліжэйшы час. На гэтым тыдні прадстаўнікі савета Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Майдан» заявілі аб пачатку фармаваньня страйкавага камітэту і пераход да «больш рытмічнай» працы Эўрамайдана.

Паводле сябра рады аб’яднаньня «Майдан» Зарана Шкірака, патрабаваньні акцыі застаюцца ранейшымі: адстаўка міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі, прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, прэзыдэнта Віктара Януковіча, а таксама правядзеньня датэрміновых выбараў.

Украінская апазыцыя, якая з 21 лістапада мінулага года праводзіць на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве бестэрміновую акцыю пратэсту супраць спыненьня ўладамі эўрапейскай інтэграцыі, вядомую як Эўрамайдан, пэрыядычна склікае там масавыя мітынгі на сваю падтрымку, якія называе Народнымі вечамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG