Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя зьбірае веча ў падтрымку Луцэнкі


Удзельнікі Ўсеўкраінскага веча «Салідарнасць супраць тэрору» у Кіеве, нядзеля 29 сьнежня 2013 года.

Удзельнікі Ўсеўкраінскага веча «Салідарнасць супраць тэрору» у Кіеве, нядзеля 29 сьнежня 2013 года.

«Зьверскае» зьбіцьцё экс-міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Луцэнка лідэры ўкраінскай апазыцыі расцэньваюць як замах на забойства.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве лідэраў фракцый Вярхоўнай Рады Арсенія Яцанюка, Алега Цягнібока і Віталя Клічко, інфармуе сайт партыі «Бацькаўшчына».

"Улады ўжо даўно перайшлі мяжу, але начныя падзеі пад Сьвятошынскім райадзьдзелам міліцыі Кіева яшчэ раз прадэманстравалі, што гэтая ўлада ня спыніцца перад забойствамі актывістаў",— гаворыцца ў заяве.

«Гэта яшчэ раз даказвае, што пратэсты на плошчах па ўсёй краіне павінны працягвацца. Мы зробім усё, каб зьмяніць уладу і назаўжды памяняць сыстэму, пры якой міліцыя б’е свой народ за бяздумнымі загадамі », — адзначаецца ў дакумэнце.

Лідэры апазыцыі заклікалі ўсіх неабыякавых выказаць сваю нязгоду з палітыкай уладаў і салідарнасьць са зьбітымі актывістамі на Народным веча ў Кіеве ў нядзелю, 12 студзеня, а 12:00.




Стан здароўя экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Луцэнка, які пацярпеў падчас канфлікту каля будынку Сьвятошынскага райадзьдзела міліцыі, сярэдняй цяжкасьці. Пра гэта паведаміла яго жонка Ірына Луцэнка.

Апрача таго на сёньняшнім веча, як чакаецца, лідэры апазыцыі прадставяць плян пратэсту на бліжэйшы час. На гэтым тыдні прадстаўнікі савета Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Майдан» заявілі аб пачатку фармаваньня страйкавага камітэту і пераход да «больш рытмічнай» працы Эўрамайдана.

Паводле сябра рады аб’яднаньня «Майдан» Зарана Шкірака, патрабаваньні акцыі застаюцца ранейшымі: адстаўка міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі, прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, прэзыдэнта Віктара Януковіча, а таксама правядзеньня датэрміновых выбараў.

Украінская апазыцыя, якая з 21 лістапада мінулага года праводзіць на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве бестэрміновую акцыю пратэсту супраць спыненьня ўладамі эўрапейскай інтэграцыі, вядомую як Эўрамайдан, пэрыядычна склікае там масавыя мітынгі на сваю падтрымку, якія называе Народнымі вечамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG