Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроўская vs Астаповіч: спрэчка вакол сярэднявечнага Берасьця можа дайсьці да пракуратуры


Дасьледчыца архітэктуры сярэднявечнага Берасьця Ірына Лаўроўская патрабуе публічных выбачэньняў ад кіраўніка Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча. Яна вінаваціць яго ў тым, што ён бяспраўна распараджаецца яе інтэлектуальнай уласнасьцю.

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская сьцьвярджае, што матэрыялы «з дасьледаваньнямі сярэднявечнага Берасьця, яго пляніровачнай структуры і культавай архітэктуры», якія Антон Астаповіч перадаў музэю «Брэсцкая крэпасьць», утрымліваюць яе напрацоўкі, на выкарыстаньне якіх спадарыня дазволу не давала.

Ірына Лаўроўская сьцвярджае, што візуалізацыя рэканструкцыі гістарычнай забудовы выканана на падставе яе ўласных навукова абгрунтаваных рашэньняў пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным ўдзеле.

Акрамя таго, спадарыня Ірына кажа, што гэтыя матэрыялы і раней выкарыстоўваліся ад імя Антона Астаповіча ў часе прэстыжнага конкурсу Europa Nostra Awards у катэгорыі «навуковае дасьледаваньне«.

Ірына Лаўроўская

Ірына Лаўроўская

«Ведаючы тое, як матэрыялы апынуліся ў іх руках, я вымушаная зрабіць заяву, бо далей замоўчваць тое, што спадар Астаповіч перайшоў ўсе межы прыстойнасьці, немагчыма. Ён тыражуе матэрыялы без згадкі дасьледчыка, падмяняе паняцьці чым зьневажае гонар іншых сябраў Таварыства Аховы Помнікаў. Я была шакаваная, калі ўбачыла копію матэрыялаў прадстаўленых на конкурс Europa Nostra Awards. У іх Астаповіч хлусьліва заявіў што зьяўляецца аўтарам дасьледваньня, што ён той, „каму належаць матэрыялы дасьледаваньня і дае дазвол Europa Nostra свабодна выкарыстоўваць матэрыялы для публікацыі...“ і падмацоўваў гэтую заяву ўласным подпісам,» — распавяла Ірына Лаўроўская.

Спадарыня Лаўроўская кажа, што ня зьбіраецца падаваць у суд на кіраўніка Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, яна толькі хоча публічных выбачэньняў:

«Астаповіч павінен прынесьці прабачэньні мне і музэю крэпасьці. Бо можна ўявіць, якая канфліктная сытуацыя магла паўстаць паміж даўнімі партнёрамі: мной і дырэкцыяй музея крэпасьці, калі б не своечасовае паразуменьне.»

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства аховы помнікаў» Антон Астаповіч распавёў «Свабодзе», што выбачацца ня зьбіраецца, а наадварот гатовы зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай:

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

«Я вельмі прашу, каб „Радыё Свабода“ апублікавала гэты матэрыял, таму што гэта будзе падстава мне напісаць заяву ў пракуратуру, каб прыцягнуць яе да адказнасьці за паклёп. Тым больш, што ў нас усе доказы, у яе ніводнага працоўнага файла няма».

Антон Астаповіч так пракамэнтаваў Свабодзе ўсю гэтую сытуацыю:

«У 2010 годзе адмыслоўцы архітэктурнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў рабілі па просьбе Лаўроўскай графічную рэканструкцыю страчаных гістарычных аб’ектаў Берасьця дзеля таго, каб Лаўроўская змагла ў красавіку 2010 году гэтую рэканструкцыю паказаць на навукова-мэтадычнай радзе. Потым Лаўроўская гэтыя матэрыялы назвала сваімі. Хаця гэтыя матэрыялы зробленыя Таварыствам аховы помнікаў, канкрэтным калектывам аўтараў. І менавіта не на падставе яе матэрыялаў, а на падставе тых матэрыялаў архіўных, якія выстаўленыя ў адкрытае карыстаньне ў інтэрнэце.

Гэтыя матэрыялы былі скарыстаныя для напісаньня нашай аўтарскай працы на міжнародны конкурс Europa Nostra Awards.

Ірына Лаўроўская шмат гаворыць пра сябе, як пра адмыслоўцу па Берасьцю, але ў яе нічога няма акрамя размоваў. Мы прасілі ў яе, але яна не дала нам нават дысэртацыі пачытаць сваёй, якой на ганарыцца,» — рэзюмаваў Антон Астаповіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG