Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майданаўцы спынілі спробу разабраць барыкаду на Хрышчаціку


У сталіцы Ўкраіны Кіеве адбыўся інцыдэнт каля адной з барыкад на Хрышчаціку, па якім ужо больш за месяц ня ходзіць грамадзкі транспарт, паколькі вуліца занятая намётамі пратэстоўцаў і перагароджаная некалькімі барыкадамі.

11 студзеня, паводле «Інтэрфакс-Україна» каля 50 чалавек, якія ніяк не пазначылі сваю палітычную прыналежнасьць, спрабавалі разабраць адну з барыкад на Хрышчаціку, а менавіта тую, якая знаходзіцца каля ЦУМу. Невядомыя трымалі ў руках плякаты з надпісамі па-руску «Уважайте жителей города», «Лагерь, пора домой» ды іншыя. Як паведамілі ўкраінскія мэдыі, на абарону барыкады хутка прыйшлі ўдзельнікі Майдану, пасьля чаго невядомыя нападнікі зьбеглі. Пра бойку ці пацярпелых нічога не паведамляецца.

Яшчэ 21 лістапада мінулага году на цэнтральнай плошчы Кіева Майдане незалежнасьці ўзьнік стыхійны лягер працэсту супроць адмовы афіцыйных уладаў Украіны падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. У ноч на 30 лістапада байцы адмысловага атраду міліцыі «Беркут» разагналі і моцна зьбілі студэнтаў, якія пратэставалі на Майдане. У наступныя дні былі прадпрынятыя спробы цалкам зачысьціць Майдан ад пратэстоўцаў, але абаронцы намётавага лягеру змаглі абараніцца.

Кожную нядзелю на Майдане адбываюцца народныя веча, якія зьбіраюць дзясяткі тысяч людзей. У навагоднюю ноч на Майдане сабралося, паводле арагнізатараў, да 500 тысяч чалавек, якія разам прасьпявалі гімн Украіны і выказаліся за эўраінтэграцыю.

Майдан патрабуе адстаўкі прэзыдэнта краіны Віктара Януковіча і ягонага ўраду ды правядзеньня датэрміновых парламэнцкіх выбараў. Арганізатары пратэсту заяўляюць, што будуць заставацца на плошчы да будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Афіцыйна выбары прэзыдэнта Ўкраіны маюць адбыцца ў 2015 годзе.
XS
SM
MD
LG