Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 студзеня ў кампаніі па правядзеньні мясцовых выбараў наступае новы этап — вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Карэспандэнт Свабоды Уладзімер Глод высьвятляў, ці будуць вылучацца на мясцовых выбарах лідэры апазыцыйных палітычных партыяў.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў Свабодзе:

«Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён давыбараў. Гэта значыць з 12 студзеня па 10 лютага. На маю думку, гэта найбольш адказны этап для кандыдатаў у дэпутаты».

Найбольшую колькасьць вылучэнцаў рыхтуе партыя «Справядлівы сьвет». Яе лідэр Сяргей Калякін сказаў Свабодзе, што ён таксама будзе балятавацца:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Магу сказаць дакладна: асабіста Калякін будзе ўдзельнічаць у выбарах у гарадзкі савет Менску. З намесьнікамі сытуацыя складаецца па-рознаму. Я ведаю, з розных прычынаў ня будуць удзельнічаць Лашкевіч і Елісееў. Па астатніх трох ёсьць пытаньні. Мы не прымалі яшчэ рашэньня. Хоць у нас ёсьць агульная рэкамэндацыя для ўсіх сябраў партыі, каб яны разглядзелі магчымасьць свайго ўдзелу».

Партыйныя справы не дазваляюць асабіста вылучацца ў кандыдаты кіраўніцы БСДП (Грамада) Ірыне Вештард:

Ірына Вештард

Ірына Вештард

«У мяне так дужа працы, што няма часу займацца яшчэ і ўласнай выбарчай кампаніяй. У нас у сакавіку плянуецца партыйны з’езд. А пайсьці на выбары, то гэта ж трэба працаваць з насельніцтвам. Гэта значыць, трэба адсунуць частку партыйнай працы ад сваёй сьпіны. А ў мяне, напрыклад, першы намесьнік шчыльна заняты сыстэмай назіраньня за выбарамі. Ды і іншыя намесьнікі маюць гурбу працы. Я з задавальненьнем бы вылучылася, я ж 16 год была мясцовым дэпутатам. Але ў мяне цяпер вышэй галавы працы, і без выбараў».

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў Свабодзе, што кожны з лідэраў партыі асабіста будзе вырашаць — балятавацца яму ў мясцовы савет альбо не:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«На гэту тэму дужа мы не размаўлялі. Кожны прымае рашэньне сам.Таму лепш запытацца кожнага. Асабіста я пакуль вагаюся. Ня ведаю, ці мне варта ці не варта балятавацца на мясцовых выбарах пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх? Я прыхільнік таго, што найперш трэба дапамагаць маладым.
Але канчатковае рашэньне прымем крышку пазьней, час яшчэ ў запасе ёсьць. Хутчэй за ўсё нехта пойдзе.

Мы апошнім часам шмат займаліся вылучэньнем у камісіі, падавалі скаргі ў суды .Гэтую працу не зробіш наскокам. А зараз дапамагаем фармаваць ініцыятыўныя групы. Працэс пайшоў».

Аргкамітэт у справе стварэньня партыі БХД ачльваюць тры сустаршыні: Георгій Зьмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец. Спадар Рымашэўскі распавядае:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Што тычыцца ўдзелу ў выбарчых кампаніях у якасьці кандыдата, то ні ў мяне, ні ў Паўла Севярынца такой магчымасьці яшчэ два гады ня будзе. Мы маем судзімасьці, і цягам двух год яны яшчэ не здымаюцца. Гэта — абмежаваньне.

Што тычыцца Юры Зьмітрука, то гэта цалкам магчыма. У нас ёсьць агульная партыйная стратэгія на гэтую выбарчую кампанію. Мы маем свае мэты, і ў рамках гэтай стратэгіі магчыма ён будзе вылучацца».

У рамках сваёй стратэгіі зьбіраецца дзейнічаць падчас мясцовых выбараў і Аб’яднаная грамадзянская партыя, адзначае яе лідэр Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Наша дзейнасьць прывязаная да тэрыторыі ўсёй Беларусі. Гэта, відаць, будзе наша адрозьненьне ад усіх астатніх. Мы ня будзем прывязвацца толькі да той тэрыторыі, дзе зарэгіструюцца нашыя сьпікеры. А для кіраўнікоў партыі, то тут будзе адна абавязковасьць — мы будзем даверанымі асобамі. Гэта як мінімум. А мажліва, і сьпікерамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG