Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц «ўзмоцненага харчаваньня» для палітвязьня Мікалая Дзядка закончыўся


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Заўтра, 12 студзеня, паводле зьвестак актывісткі Валерыі Хоцінай, заканчваецца месяц «узмоцненага харчаваньня», які лекары прызначылі яе мужу, палітвязьню Мікалаю Дзядку.

Вядома, што Мікалай Дзядок у зьняволеньні захварэў на страўнік, але турэмныя лекары дагэтуль не змаглі паставіць яму дакладны дыягназ. Валерыя Хоціна распавяла карэспандэнту Свабоды, чым «узмоцненае харчаваньне» адрозьніваецца ад звычайнага.

«Яму даюць вараныя яйкі, малако, часам сокі. Гэта акрамя звычайнай турэмная ежы, якая складаецца з даволі грубых каш ды супоў. Але гэта толькі на месяц, які заканчваецца як раз заўтра, 12 студзеня».

Узмоцненае харчаваньне было прадпісана Мікалаю Дзядку пасьля ягонага вяртаньня ў магілёўскую турму з жодзінскай калёніі, куды яго адвозілі для мэдычнага абсьледаваньня. Гэтае абсьледаваньне, аднак, давялося адкласьці з-за хваробы некаторых мэдычных адмыслоўцаў. Валерыя Хоціна, са спасылкай на мужа, якога ў канцы мінулага году бачыла ў турме, кажа, што абсьледаваньне мусяць правесьці пазьней, дзеля чаго Мікалая Дзядка зноў павязуць у Жодзіна.

«Пасьля Новага году прыйшоў ад Мікалая ліст. Напісаў, што атрымаў шмат віншаваньняў са сьвятамі, ў тым ліку ад замежных амбасадараў. Вельмі ўдзячны ўсім, хто яго падтрымлівае», — таксама паведаміла Валерыя Хоціна.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок адбывае 4,5 года пазбаўленьня волі за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі, чаго ён ў судзе не прызнаў. На волю Мікалай Дзядок мусіць выйсьці праз год і 2 месяцы.
XS
SM
MD
LG