Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая рэпліка на артыкул вельмі паважанага мною за самаахвярнасьць Зьмітра Дашкевіча «Наш і ваш кандыдат» на сайце «Хартыі» 6 студзеня 2014 году выклікала ягоную рэакцыю. У адказ ён напісаў новы артыкул «Тры памылкі і адна праўда Карбалевіча». Паколькі прызнаваць свае памылкі ня хочацца, то дазволю сабе пракамэнтаваць гэты матэрыял.

Першая мая памылка, на думку Зьмітра Дашкевіча, тычыцца таго, што я няправільна ацаніў ступень рашучасьці пратэстоўцаў 19 сьнежня 2010 году. Мой апанэнт лічыць, што яны якраз дзейнічалі нерашуча. Ён не тлумачыць, што значыць у ягоным разуменьні «рашучыя дзеяньні». Таму тут цяжка нешта аспрэчваць. Ці то трэба было штурмаваць будынак адміністрацыі прэзыдэнта, ці ісьці на Дразды...

Хачу зазначыць, што некалькі гадоў таму ў Малдове прадстаўнікі апазыцыі, незадаволеныя абвешчанымі вынікамі выбараў, узялі штурмам будынак парлямэнту, шмат чаго там паламалі, пабілі. І што? А нічога, пад раніцу пратэстоўцы разышліся па дамах, будынак хутка адрамантавалі, і ўсё вярнулася да статус-кво. Рэвалюцыі не атрымалася.

Гэта я да таго, што захапіць будынак і захапіць уладу — гэта розныя рэчы. Ёсьць такая нематэрыяльная, трохі абстрактная рэч, як легітымнасьць. Рэвалюцыя адбываецца тады, калі рашучыя дзеяньні праціўнікаў улады прызнаюцца грамадзтвам, а ўсьлед за гэтым — і дзяржаўнымі інстытутамі (у тым ліку і сілавымі структурамі), як справядлівыя і правільныя.

Затым Зьміцер Дашкевіч аспрэчвае неабходнасьць адзінага кандыдата. Ягоны тэзіс гучыць так: «Не адзіны кандыдат можа мабілізаваць больш галасоў пратэстнага патэнцыялу, а спэктар кандыдатаў, кожны зь якіх мабілізуе сваю каманду аднадумцаў і кожны зь якіх зьбярэ галасы менавіта свайго электаральнага поля».

Любыя спрэчкі маюць сэнс, калі апанэнты чуюць адзін аднаго. Падаецца, што ў дадзеным выпадку паважаны апанэнт мяне ня чуе. Я кажу пра тое, што неабходная ўмова, без выкананьня якой Плошча ня мае пэрспэктываў, — гэта электаральная перавага апазыцыйнага кандыдата над Аляксандрам Лукашэнкам. Яшчэ раз пра мой сцэнар. За месяц да выбараў незалежныя сацыёлягі даводзяць, што галоўны апанэнт кіраўніка Беларусі набраў рэйтынг, сувымерны з лукашэнкаўскім. У гэтым выпадку наступае палітычны і псыхалягічны пералом у грамадзтве, вэртыкалі, сілавых структурах, выбарчых камісіях. І калі Ярмошына абвяшчае, што Аляксандар Лукашэнка набраў 85%, гэтаму ніхто ня верыць. Выхад людзей на Плошчу — заключны этап, які завяршае пераможную кампанію.

Але для такога сцэнару наяўнасьць адзінага кандыдата — неабходная ўмова. Калі гэта будзе спэктар кандыдатаў, як прапануе Зьміцер Дашкевіч, то галасы праціўнікаў Лукашэнкі расьцярушацца. Кожны будзе мець у лепшым выпадку па 10–15%. І сацыёлягі давядуць, што дзейны кіраўнік апярэджвае бліжэйшага канкурэнта ў 2–3 разы. У такім выпадку абывацель на Плошчу ня выйдзе. Бо ня ўбачыць сэнсу: дыктатар жа перамагае. Туды прыйдуць толькі актывісты апазыцыі. З усім вядомым вынікам.

Нарэшце, пра трэцюю, «самую заскарузлую» маю «памылку». Зьміцер Дашкевіч піша: «Аксамітныя рэвалюцыі», якія скінулі з Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі і іншых краін камуністычнае ярмо, адбываліся безь перамогі адзінага кандыдата на выбарах. Але ж нават ня ў гэтым асноўная памылка, а ў тым, што мы выходзім на Плошчу перадусім не перамогу нейкага кандыдата абвяшчаць (хаця можа быць і гэта!), а патрабаваць сумленных выбараў. Людзі, вы разумееце розьніцу?"

Гучыць вельмі прыгожа, але ідэалістычна. Вядома, можна заклікаць народ на «Майдан» дзеля голай ідэі свабодных выбараў. Але досьвед апошніх 15 гадоў паказвае, што беларусы выходзяць масава на вуліцу толькі адзін раз за пяць гадоў: у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Было адно выключэньне, калі быў пратэст пасьля рэфэрэндуму аб дазволу Лукашэнку балятавацца без абмежаваньня тэрмінаў у 2004 годзе. Можна назваць гэта «асноўнай памылкай», але ж гэта — беларуская рэальнасьць. І нікуды ад яе ня дзецца. Палітыкі, якія ня лічацца з рэальнасьцю, заўсёды прайграюць.

10.01.2014 г.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG