Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле людзей, якім давялося быць у зьняволеньні, ці ня самае папулярнае чытво за кратамі — гэта эзатэрычная літаратура: кнігі, якія спэцыфічна трактуюць малавывучаныя, часам зусім містычныя здарэньні... За калючкай шмат хто верыць у цуды, надае значэньне розным снам, знакам ды прыкметам.

«Вера ў забабоны мацнейшая, чым у Бога»


«Вера ў забабоны, у розныя іншасьветныя сілы нашмат мацнейшая, чым у Бога, хоць часам людзі і лічаць, што вераць у Бога, а сустракаюцца і тыя, хто верыць ва ўсё адразу. Але ўсё гэта ў чалавеку вельмі глыбока», — мяркуе колішні палітвязень, вэтэран МУС Сяргей Парсюкевіч, які сядзеў у Жодзіне, Шклове і колішняй менскай калёніі на Кальварыйскай:

«Калі апынаесься ў экстрэмальнай сытуацыі, а менавіта такой і ёсьць турма ды зона, і разумееш, што спадзявацца няма на што, то пачынаеш верыць у што заўгодна. Я сутыкаўся з тым, што зэкі пачынаюць вывучаць эзатэрыку, усходнюю філязофію, творы псыхааналітыкаў пра тое ж калектыўнае несьвядомае. Часу для гэтага шмат. Якасьць літаратуры залежыць ад інтэлекту. Людзі за кратамі — самыя розныя. Ёсьць вельмі разумныя ды адукаваныя, а ёсьць такія, што пары словаў зьвязаць ня могуць».

Расказваюць, што нярэдка ў вязьніцах можна пачуць байкі старых зэкаў пра анамальныя зьявы, якія здараюцца асабліва ў старых турэмных пабудовах, там, дзе пралілося нямала крыві... Да гэтых гісторыек можна ставіцца па-рознаму, але што абсалютна не прынята — дык гэта сьмяяцца зь іх.

Былы асуджаны Ігар, які ў свой час адбываў пакараньне ў самай старой беларускай вязьніцы — Гарадзенскай крытай турме, не выключае, што штосьці ў гэтым ёсьць. У гарадзенскім астрогу, кажа ён, два будынкі — стары і новы. Новы з камэрамі на 4 месцы называюць яшчэ «амэрыканкай», бо падобны да сучасных заходніх турэмных пабудоваў. Стары будынак, у якім сядзеў Ігар, завецца «бастыёнам».

Паводле Ігара, калі абстрагавацца ад таго, у якой установе ты апынуўся, то адчуваньне, што «трапіў у даўніну. Там камэры, дзе раней былі кельлі. На прагулку ў дворык ідзеш праз турэмную вежу, па крутой лесьвіцы. Здараюцца нават і нейкія містычныя выпадкі. Ва ўсялякім разе, тыя, хто ня верыў у Бога ці іншыя вышэйшыя сілы, прынамсі на нейкі час пачыналі сумнявацца, ці сапраўды іх няма».

Ігар: «Недзе перад нейкім хрысьціянскім сьвятам прадстаўнікі праваслаўнай царквы разносілі па камэрах папяровыя іконкі. Адну мы прымацавалі скотчам да дзьвярэй. Здаецца, моцна. А потым (гэта было ў 2004-м) неяк глядзім тэлевізар — паказвалі жывы рэпартаж зь Беслану, падчас штурму школы. Розныя БТР, вайскоўцы. Уся камэра замерла — глядзім, а ў гэты час ікона адрываецца і пачынае павольна падаць на падлогу. Мы тады зьдзівіліся таму супадзеньню. А потым празь нейкі час з навінаў даведваемся, што тады загінулі некалькі сотняў дзяцей... Пасьля таго стараліся прыклейваць іконы як мага больш трывала».


Са словаў уфолягаў


У СМІ можна прачытаць пра анамальныя здарэньні накшталт палтэргейсту, якія назіраліся ў старых турэмных пабудовах, дзе ў часы СССР чыніліся масавыя забойствы. Пра зданяў у вязьніцах і лягерах казалі ня толькі колішнія вязьні, але і кантралёры, іншыя супрацоўнікі. Шмат пісалася пра падобныя выпадкі ў маскоўскай Бутырцы, былой вайсковай турме Ліепайскага порту ў Латвіі, сьледчым ізалятары службаў дзяржбясьпекі ў Алма-Аце, мардоўскай калёніі ды іншых пэнітэнцыярных установах.

Падобныя выпадкі ў заходніх турмах вывучаюцца экспэртамі ў галіне паранармальных зьяваў. Найбольш шчыруюць у гэтым напрамку брытанскія «паляўнічыя на прывідаў». У 2003 годзе група парапсыхолягаў з гэтай краіны дасьледавала старую Мэльбурнскую турму, пераўтвораную цяпер у музэй. Прафэсійныя паляўнічыя на прывідаў вывучалі будынак з дапамогай магутных мікрафонаў, гіпэрадчувальных датчыкаў інфрачырвонага і электрамагнітнага выпраменьваньня. На іх думку, у месцы, дзе ў свой час было павешана 136 чалавек, могуць і павінны назірацца анамаліі.

Паводле кіраўніка групы Дэрына Дона, апаратура зафіксавала шэраг эфэктаў, якія не паддаюцца тлумачэньню. Да прыкладу, была выяўленая незвычайная электрычная актыўнасьць. Самі дасьледчыкі чулі жаночы голас, які нібыта клікаў на дапамогу. Гэта здарылася ў адзін з чэрвеньскіх дзён. Потым у турэмных архівах знайшлі запіс, што менавіта ў гэты дзень, але пару стагодзьдзяў таму, была забітая адна зьняволеная. Яе камэра была ў тым жа блёку, дзе працавалі брытанцы. Праз год дасьледчыкі вярнуліся ў Мэльбурнскую турму, і зноў на зробленым уначы запісе быў выразна чуваць жаночы голас.


Хлопчык са сну


Жонка асуджанага, актывістка руху «Эўрапейская Беларусь» Марына Цітова ў сваім Фэйсбуку прызналася, што за дзевяць гадоў, што яе муж адседзеў за кратамі, зь ёй былі дзьве дзіўныя гісторыі. Абедзьве ў сьценах калёніі, падчас працяглага спатканьня з сужонцам. Адна зь іх здарылася некалькі гадоў таму, акурат у навагоднія дні.

Тады муж Марыны, афіцэр беларускага войска, утрымліваўся ў Наваполацкай калёніі № 10. Маёр Сяргей Цітоў, які да арышту ў 2005-м служыў на акруговай базе рамонту і зьнішчэньня зброі, быў разам з калегамі абвінавачаны ў стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі з мэтай крадзяжу ўзбраеньня. Для вэрдыкту суду — 12 з паловай гадоў пазбаўленьня волі — хапіла завочных паказаньняў ананімных сьведак.



Калі жанчына на свае сьціплыя даходы мусіць адна цягнуць на сабе чатырох дзяцей і ў той жа час маральна і матэрыяльна падтрымліваць мужа за кратамі, то назваць яе жыцьцё цяжкім — гэта мякка сказана. Аднойчы, паехаўшы на працяглае спатканьне з мужам, Марына ўжо на месцы заўважыла, што недзе згубіла кашалёк з усімі грашыма. Пра той выпадак напісала невялікае эсэ.

«У той раз, калі маршрутка зь Менску давезла мяне да аўтавакзалу ў Наваполацку, — піша Марына, — мне, як і заўсёды, прыйшлося браць таксоўку да калёніі. Магчыма тады, упохапку, як расплачвалася з кіроўцам, я і згубіла грошы на дарогу назад. Тое, што грошай няма ў кашальку, я заўважыла толькі ў пакоі кантралёраў, калі здавала мабільнік. Зразумела, настрой быў істотна сапсаваны. На той момант у Наваполацку ў мяне знаёмых не было, а апынуцца на працы ў Менску трэба было своечасова. Пад раніцу наступнага дня ў турэмным гатэліку я прысьніла вельмі прыгожы сад, які чамусьці падаўся мне райскім. У гэтым садзе гуляў хлопчык. Ён падышоў да мяне і павёў за сабой, паказваючы пышныя дрэвы і кветкі, дзівосныя паляны. Сад быў незвычайна яркі, амаль блішчэў пад промнямі сонца. Потым хлопчык спытаў, чаму я такая сумная. Я адказала, што ня ведаю, як мне вярнуцца дадому. Тады хлопчык пачаставаў мяне смачным тортам і сказаў, што ў яго сёньня дзень нараджэньня і ён мяркуе, што ўсё будзе добра, і папрасіў мяне прайсьці далей, са словамі: «Хадзем, я пазнаёмлю вас са сваімі бацькамі!..»

Марына Цітова

Марына Цітова

На гэтым я і прачнулася. Было яшчэ зусім рана. Муж моцна спаў. Калі ён прачнуўся, я распавяла яму пра мой прыгожы сон. Муж усьміхнуўся — ён ніколі нічога ня сьніў.

Разагрэць сьняданак я выйшла на кухню гатэля. Кухня была агульная: сталы, пліты ў рад і тры мыйкі. Ля пліты стаяла мілавідная жанчына і нешта разьмешвала ў каструлі. Пліты працавалі кепска, і мы незаўважна, слова за слова, разгаварыліся. Я распавяла пра мужа, а жанчына — пра сына, якога пасадзілі за забойства...

...Але вось надышоў час разьвітаньня. Спачатку выходзілі з прадуктамі асуджаныя. Потым, гадзіны праз паўтары, — тыя, хто прыехаў на спатканьне.

Знаёмая жанчына сядзела ў калідоры і плакала, яе супакойваў мужчына, як я зразумела, муж. Я ня плакала. Разьвітаўшыся са сваім мужам, я з жахам думала пра тое, як дабрацца да Менску...

Калі ўсе зэкі выйшлі, мая новая знаёмая падышла да мяне і спыталася, адкуль я. Яны таксама былі зь Менску, прыехалі на машыне — і прапанавалі ехаць зь імі. Сказаць, што я ўзрадавалася, значыць нічога не сказаць!..

Жанчына была за рулём. Муж сядзеў побач. Я — ззаду. У дарозе дадому мы зноў гаварылі пра нашых блізкіх, якія засталіся на зоне. Я даведалася, што сына гэтых людзей забойцам назваў суд. Міліцыя засьпела яго, калі ён заснуў на лаўцы ля чыгуначнага вакзалу на Дружнай. Перад гэтым у кампаніі хлопец выпіў. Была ноч, і дадому яму дабірацца не было на чым. А непадалёк здарылася забойства. Нож, якім забілі дзяўчыну, ляжаў побач з маладым чалавекам. Вось так, выглядала, і вызначылі забойцу. Натуральна, усе нашы юрыдычныя інстанцыі не давалі магчымасьці грунтоўна разгледзець скаргі і заявы. Касацыя засталася бязь зьмены.

І тут я здранцьвела. Жанчына сказала, што ў іх быў яшчэ адзін сын. І што ўчора ў яго быў дзень нараджэньня. Але яго забілі некалькі гадоў таму, а забойцу так і не знайшлі...

Я ўзгадала хлопчыка з майго ранішняга сну, як ён гуляў у прыгожым садзе, як частаваў мяне тортам і абяцаў пазнаёміць са сваімі бацькамі...

Усе наступныя разы, калі я прыяжджала на працяглыя спатканьні да мужа ў турэмны гатэль, я нібыта імкнулася шукаць там «сьляды» таго хлопчыка з майго сну. Ягоных бацькоў я больш не сустракала. І больш нічога там ня сьніла. Аднак у тое, што гэта было проста супадзеньне, ня веру... Хаця б таму, што гэтая гісторыя здарылася перад Новым годам, калі, бадай, кожны з асуджаных спадзяецца, што ў наступным годзе нешта зьменіцца ў ягоным лёсе. А анёлы, хоць і жывуць толькі ў нашых снах, яны ўсё ж таксама чыясьці малітва».


«У культуры руліць турэмны блатняк»


А цяпер да пошты «Свабоды ў турмах» — водгукаў на наш кароткі агляд турэмных песень. На сваім сайце мы выклалі твор гулагаўскай клясыкі «Па тундры» ў выкананьні Макарэвіча і Казлова, а таксама прыклад турэмнага рэпу, створанага ў Магілёўскай калёніі № 19 (аўтар — Міця Аўчыньнікаў, які памёр у мінулым годзе), далі фрагмэнт запісу з прэзэнтацыі праекту беларускага шансону «Варанок», створанага, так бы мовіць, вольнымі аўтарамі — паэтам Генадзем Бураўкіным ды музыкам Зьмітром Вайцюшкевічам.

Водгукі пра перадачу гучалі спрэчныя, але былі сярод іх і пажаданьні працягнуць тэму. Сымон зь Менску напісаў: «Што вы за журналісты!? Песьні надрукуйце. Хоць адну, а можа і каля 10. Дайце прыклад сапраўдных турэмных і напісаных Бураўкіным. Далі вы паўпустую інфармацыю».

З Сымонам не пагадзіўся чытач пад нікам «Мінак»: «Можа, яшчэ песьні з зэкаўскім матам надрукаваць ды пачаць прапагандаваць расейскае турэмнае мысьленьне? Ці не вялікі гонар для расейскага шансону!»

Паважанае спадарства, наша перадача ня ставіць перад сабой мэты прапагандаваць ані расейскае турэмнае мысьленьне, ані расейскі турэмны шансон. Мы проста канстатуем, што папулярнасьць гэтага жанру, які адны называюць шансонам, а іншыя — блатняком, выйшла па-за межы турмаў і што такія песьні трывала занялі сваю нішу. А вось крытыку за тое, што на сайце не выстаўляюцца тэксты турэмных песьняў, цалкам прыняць мы ня можам. Па-першае, фармат нашай праграмы, у якой мы закранаем самыя розныя тэмы турэмнага жыцьця, абмежаваны. Па-другое, паколькі размова ідзе пра песьню, то лягічней усё ж слухаць яе з сайту, а не чытаць. Да таго ж для чалавека, які ўмее карыстацца інтэрнэтам, знайсьці самому тэксты ў сеціве будзе няцяжка.

Некаторыя іншыя водгукі.

«У краіне руліць блатняк, — піша наведнік сайту, які назваўся Алексам, — пад назвай „шансон“ ён трапіў ня толькі на вядучыя каналы тэлебачаньня, FM- радыё... Ён наганяе нас у маршрутцы, таксі, крамах і проста на вуліцы. Гэтая гадасьць рэальна запатрабаваная ў рэальных пацаноў і ня менш рэальных цёлак. А вось патугі сучасных рок-гуртоў, якія спрабуюць граць нешта цікавае і прагрэсіўнае, амаль нікому не патрэбныя».

У іншых допісах, аднак, гаворыцца: сярод таго, што завецца шансонам, сустракаюцца неблагія рэчы, якія даспадобы і «высокакультурным людзям». Адзін з аўтараў спасылаецца на прыклад палітвязьня Ігара Аліневіча:

«Выбачаюся, аднак зусім не крымінальнік Ігар Аліневіч адкуль назву для сваёй кнігі „Еду в Магадан“ узяў? З турэмнага рэпу Васі Абломава!»

Сапраўды, у папулярнага сёньня расейскага рок-выканаўцы Васі Абломава (сцэнічны псэўданім музыкі і прадусара Васіля Ганчарова) ёсьць песьня з такой назвай. Ці пасьпеў яе пачуць перад сваім арыштам Ігар Аліневіч — іншае пытаньне. Шырока вядомым праект стаў дзесьці пасьля лета 2010-га, калі, схаваўшыся за псэўданімам, аўтар выклаў на YouTube просьценькі кліп «Еду ў Магадан». Хуткім часам кліп сабраў мільёны праглядаў, а ў 2011-м увайшоў у дваццатку лепшых песень Першага расейскага тэлеканалу. «Еду ў Магадан» пяецца ад імя выдуманага выпускніка кансэрваторыі, які грае ў шынку і дзякуючы прымітыўнаму твору пра этап крымінальніка становіцца мэгавядомым. Музыкі з пачуцьцём гумару ацанілі праект Васі Абломава як адкрыты сьцёб з усяго, што мае дачыненьне да шансону, але шмат каму з прыхільнікаў жанру песьня спадабалася. Сам аўтар у гэтай сувязі адзначаў: «Для мяне загадка ўсе тыя, хто прыняў песьню за чыстую манэту, без іроніі і мэтафараў... Я сказаў людзям, што яны прыдуркі. А яны пляскаюць у ладкі».




Захапленьне шансонам на волі — ад незадаволенасьці жыцьцём?


Як лічыць, удзельнік нашай праграмы — былы палітвязень, маёр міліцыі ў адстаўцы Сяргей Парсюкевіч, «у грамадзкай сьвядомасьці сёньня назіраецца пэўны зрух, які ня можа не адбівацца на ўзроўні масавай культуры»:

«У шырокіх масах назіраецца незадаволенасьць жыцьцём, супрацьстаўленьне сябе сілавым структурам ды дзяржаве, і, адпаведна, гэта робіць уплыў на мастацтва. Ці ёсьць тут нейкая небясьпека? Калі гаварыць пра мяне і пра кола маіх знаёмых ды блізкіх, то — не. Усё залежыць ад таго, што слухаеш. Да гэтага песеннага жанру нельга стаіцца адназначна. Тут ёсьць нешта прыкольна-сьцёбавае пра жыцьцё. Ёсьць пра тое, што нехта ў некага нешта скраў, на штосьці наступіў і г.д. Гэта для мяне абсалютна нецікава і нават агідна. Але ёсьць і цікавыя рэчы. Той жа „Владимирский централ“ Міхаіла Круга. Я лічу, што гэта песьня цэлага пакаленьня».

Міхаіл Круг — адзін з тых аўтараў расейскага шансону, хто ніколі нідзе не сядзеў. У 2002 годзе ён загінуў ад рук тых, каму прысьвячаў свае песьні. «Владимирский централ» прызнаны сымбалем новага расейскага шансону.



Папулярнасьць і жывучасьць расейскага турэмнага шансону на постсавецкай тэрыторыі тлумачыцца ня толькі тым, што гэтыя песьні занялі сваю трывалую нішу на тэлебачаньні, радыё, інтэрнэце, але і актыўным распаўсюдам гэтага жанру кіроўцамі: таксістамі, дальнабойшчыкамі, прыватнымі аўтамабілістамі. Шмат хто зь іх называе шансон сваім улюбёным жанрам. Наш магілёўскі карэспандэнт высьвятляў, чым менавіта так даспадобы шансон магілёўскім кіроўцам. Шмат чые адказы зводзіліся да таго, што гэтая музыка «супакойвае, бо ў ёй простыя словы і яна пра жыцьцё». Таксістаў ставіць гэтыя песьні просяць пасажыры, у асноўным — з былых сядзельцаў. (Дарэчы, у цэнтры Магілёва, непадалёк ад аўтавакзалу, месьціцца крытая турма, а ў прадмесьці — дзьве папраўчыя калёніі).



Папулярны магілёўскі выканаўца аўтарскіх песень Васіль Аўраменка згодны з тымі, хто адзначае ў шансоне прастату музыкі, запамінальнасьць тэкстаў, нескладанасьць мэлёдыі:

«Падача ж такая простая. Яна добра спалучаецца якраз з дарогай. Яна не такая манатонная, як праца матора ці колаў. Яна неяк у такт кладзецца ў такія вось працяглыя вандроўкі. Таму яна і папулярная ў тых, хто за стырном».

Сам музыка не хавае, што ў маладосьці захапляўся некаторымі выканаўцамі расейскамоўнага шансону, але, кажа, тое захапленьне перарос. У сваім рэпэртуары беларускамоўны бард ня мае запісаў, падобных да расейскага шансону. Тое, што ў расейскім шансоне прысутнічае турэмная тэматыка, Васіль Аўраменка зьвязвае з савецкай мінуўшчынай — «значная частка такіх песень застаецца ў тым турэмным рэчышчы паводле інэрцыі савецкай спадчыны. Хаця і там, як і ў любой музычнай культуры ёсьць шэдэўры, але і ёсьць тое, ад чаго вушы вянуць».

На пытаньне, ці мае шанцы прыжыцца ў масавай культуры беларускамоўны шансон, бард Васіль Аўраменка адказвае:

«Такое магло б быць, вядома ж, калі б гэтыя песьні былі на слыху. Калі б раціраваліся на радыё і тэлебачаньні, былі каналы іх распаўсюджваньня, то яны б вялікую частку аўдыторыі адваявалі. Аднак паколькі ўсё гэта ў такім андэграўндзе, то застаецца малавядомым. Калі б было болей аўтараў і раскруткі — яны б таксама загучалі ня горш за расейскія».

Пра першы альбом беларускага шансону «Варанок» ніхто з удзельнікаў нашай сёньняшняй перадачы ня чуў.

Сяргей Парсюкевіч лічыць, што ўсё гэта трэба неяк больш рэклямаваць. Ён упэўнены, што такі музыка, як Зьміцер Вайцюшкевіч, мае ўсе дадзеныя, каб песьня ў ягонай падачы закранула любую аўдыторыю. Шкада, што папулярныя музыкі сёньня ня маюць магчымасьці выступаць у калёніях. Вязьням такія канцэрты вельмі патрэбныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG