Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абавязкі прэзыдэнтаў напісаньне прадмоваў да кніг не ўваходзіць. Яны іх і ня пішуць. Хіба толькі зрэдку, у выняткавым парадку. Скажам, у свой час прэзыдэнт Францыі Жорж Пампіду напісаў прадмову да анталёгіі францускай паэзіі. Праўда, гэта быў збор ягоных улюбёных вершаў, ім жа самім і ўкладзены. Тая паэтычная анталёгія да гэтай пары лічыцца адной зь лепшых у гісторыі францускага прыгожага пісьменства.

Прызнацца, я не чакаў, што прадмовы пачне пісаць і Аляксандар Лукашэнка. Неяк не пасуе яму гэты занятак. Кіраўніка вобласьці аблаяць і зьняць з пасады ў жывым эфіры — пасуе, лазьню ў сталічным мікрараёне «Малінаўка» адкрыць — за мілую душу, галявы пас Пуціну перад пустымі варотамі аддаць — тут Аляксандар Рыгоравіч у сваёй талерцы, Папу Рымскага букваром адарыць — таксама ў ягоным рэпэртуары. А прадмову напісаць... Адразу паўстае пытаньне — да чаго? Дзе той новаяўлены шэдэўр з шэдэўраў, песьня песьняў, вартыя прэзыдэнцкай прадмовы?

Самае дзіўнае, што такая песьня песьняў знайшлася. Праляжала ў архівах роўна сто гадоў і — прычакала свайго зорнага часу. Каму ж гэта так пашчасьціла? — запытаеце вы. Пра тое, што Нобэлеўскі камітэт Льва Талстога не заўважыў — тое ўсім вядома. А каго яшчэ? І тут, хочам мы таго ці не, безь лірычнага адступленьня не абысьціся.

Сто гадоў таму па паўднёвай Меншчыне падарожнічаў дзіўны вандроўнік. За два леты ён пераадолеў амаль дзьве тысячы вёрст — дзе на падводзе, дзе чыгункай, дзе на параходзе, дзе на ровары. Апошні транспартны сродак, праўда, сябе не апраўдаў — зь яго палешукі насьміхаліся, і ўрэшце з жалезным конікам вандроўніку давялося разьвітацца. З чым ён ніколі не разьвітваўся, дык гэта з грувасткай скрынкай на трыножніку, перад якой, паставіўшы ў жывую чаргу, муштраваў тых самых палешукоў. Стань вось тут, зірні туды, павярніся бокам. Адным словам, адрываў ад пільнай сялянскай работы. Падазроны тып.

Палешукі, да любой муштры ня дужа прыдатныя, некалькі разоў здавалі яго ў пастарунак. Як паўвека таму паўстанцаў Каліноўскага. Аднойчы ў Петрыкаве вандроўніка зь ягоным загадкавым рыштункам арыштавалі проста на кірмашы, дзе ён абходжваў, няйначай са сламыснымі намерамі, мясцовых ганчароў і бондараў, стэльмахаў і кашаплётаў. У вёсцы Грыцэвічы валасны пісар прыняў яго за замежнага выведніка і таксама неадкладна выклікаў стражніка. А на адной з чыгуначных станцый вандроўніку патаўклі ўвесь ягоны рыштунак, бо ведама ж — паляшук і за адну шчэпку знойдзе зачэпку. А там шчэпак было шмат.

Што праўда, кожнага разу затрыманага даводзілася адпускаць. Бо як толькі справа даходзіла да сур’ёзнага высьвятленьня асобы, ён выцягваў з патайной кішэні пасьведчаньне на блянку «Минскій губернаторъ», зь пячаткай і подпісам, дзе чорным па белым прадпісвалася «предъявителю сего Исаакію Авраамовичу Сербову оказывать законное содействіе в составленіи этнографических коллекцій».

Такім чынам, падазроным вандроўнікам быў этнограф Ісак Сербаў — пасланьнік Імпэратарскага Расейскага геаграфічнага таварыства. Аддамо яму належнае — нягледзячы на часам негасьцінны прыём, ён сваім прафэсійным кодакам зрабіў больш за 2000 здымкаў на абшары ад Пінска да Рэчыцы, ад Барысава да Турава. 442 зь іх увайшлі ў шыкоўны альбом, выдадзены летась у Менску.

Ангельскамоўная вэрсія зьмешчаных у альбоме тэкстаў дазваляе меркаваць, што тавар ад пачатку задумваўся на экспарт. У такіх выпадках прадмова ад прэзыдэнта — бяспройгрышны маркетынгавы ход. З такой прадмовай і дзяржбібліятэкі ад набыцьця не адмовяцца, і амбасады распаўсюджваць ахвотней возьмуцца.

На якой казе выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» пад’ехала на вядомы адрас Маркса, 38, я ня ведаю. Але Аляксандар Лукашэнка да альбому «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911–1912» прадмову напісаў. Правільную прадмову. У ёй сказана і пра «каштоўную спадчыну», і пра «шанаваньне продкаў», і пра тое, як неабходна «ведаць і памятаць гісторыю сваёй Радзімы і быць беларусам». Але я не зьбіраюся аналізаваць тэкст прадмовы (аў), іх у альбоме дзьве — другая, грунтоўная і куды больш цікавая, належыць мастацтвазнаўцу Вользе Лабачэўскай — аўтару ўсяго праекту. Я паспрабую вызначыць, чаму ўвогуле кіраўнік краіны раптам вырашыў выступіць у нехарактэрнай для яго ролі прадмовапісальніка. Што яму ў тых здымках стогадовай даўніны магло спадабацца?

«Угледзімся ў твары на фотаздымках — такія знаёмыя і родныя», — піша Аляксандар Лукашэнка. Давайце прыгледзімся да тых твараў і мы.



Вось на фота жыхар мястэчка Любяшоў Пінскага павету Гаўрыла Палікарпчук — «37 гадоў, 2 аршыны і 4 вяршкі, з каўтуном». Жывая ілюстрацыя да вядомай някрасаўскай паэмы «Чыгунка», якую шматлікія пакаленьні беларускіх школьнікаў змушаныя былі вучыць на памяць. Памятаеце? «Лица бескровные, веки упавшие... ноги опухли, колтун в волосах...» Запамінальны партрэт беларуса атрымаўся ў Някрасава. І ў Сербава — таксама.



А вось яшчэ адзін любяшовец, зафіксаваны для гісторыі кодакам Сербава. Подпіс этнографам зроблены проста паўзьверх здымка: «Конь есьць сена, а ў палукашы ляжыць Герасім Чарняк, з каўтуном». Герасім, як і яго аднавясковец Гаўрыла, выглядаюць так, быццам пражылі гадоў трыццаць на бязьлюднай высьпе і дарэшты абрабінзоніліся. Яны глядзяць на фотаапарат, як папуасы на вінчэстэр у руках Міклухі-Маклая.

Трапілі ў аб’ектыў Ісака Сербава і зьнябожаныя Гітля і Шмэрка Эрэнбургі (абодва па 2 аршыны і 4 вяршкі) зь вёскі Рудня Бабруйскага павету. І Саўка Музычык зь Юравічаў, засьпеты этнографам проста ў баразьне. Двое валоў цягнуць нават не саху, а нейкае сапраўды дапатопнае рала.

Тут жыве народецъ. Фота І. Сербава. 1912.

Тут жыве народецъ. Фота І. Сербава. 1912.



Вось хата ў вёсцы Выганашчы Пінскага павету, пальцам папіхні — паваліцца. Вось хлеў з плятня ў вёсцы Вуйвічы, які ўвесь сьвіціцца. Вось вуліца ў Язьвіне на Бабруйшчыне, па якой рухаюцца нейкія чалавекападобныя цені па калені ў гразі. Вось случак (сакун — паводле Сербава) Хведар Шаўкун — у разбэрсаных пасталах, на якога глядзець бяз жалю і спачуваньня немагчыма. Такое адчуваньне, быццам менавіта яго меў на ўвазе Герцэн, ствараючы яшчэ адзін абагульнены тып беларуса: «Десять поколений, замученных на барщине, образовали такого парию, его череп сузился, его рост измельчал, его рот судорожно искривлён, он отвык от слова». Герцэнаўскі «Колокол» званіў на ўсю Заходнюю Эўропу, і так тады нас у той Эўропе ўспрымалі...

Як падаецца, за нештачка ўсё ж этнограф Ісак Сербаў палешукоў не любіў — здымаў пераважна лапцюжных абдзіртусаў, ракурсы ня лепшыя выбіраў. А вось паляшучак любіў. У сьвяточных строях, яны проста заварожваюць сваёй натуральнай прыгажосьцю — усе гэтыя Праксэды, Прузыны, Куліны, Параскі, Адаркі, Агапкі і Аўхіміі (за аўтэнтычную перадачу імёнаў — дзякуй дадатковы). Паляшучкі на здымках ня толькі белазуба ўсьміхаюцца, але і сьпяваюць. Ад Праксэды Стральчук зь вёскі Плотніца Пінскага павету этнограф запісаў жыцьцярадасную прыпеўку: «Як пэмэр мэй небэжчык, // Поховала журбу ў гэршчэк, // Чэрэпочком накрыла, // Шоб по ёму не тужыла!».

На тле гразкіх вуліцаў і змрочных мужчынскіх твараў белымі айсбэргамі плывуць па сербаўскай фотакраіне праваслаўныя храмы. З усіх астатніх архітэктурных помнікаў кодакам дасьледчыка зафіксаны хіба толькі адзін — зразумела ж, імпэратару Аляксандру ІІ. У тым жа, неаднойчы згаданым, Любяшове, дзе мужыкі каўтуны пазапускалі.

А цяпер задамося пытаньнем: ці правільна зрабіў Аляксандар Лукашэнка, напісаўшы прадмову да працы Сербава? Яшчэ як правільна. Бо і звычайны фотаальбом можа стацца чыньнікам вялікай палітыкі. Помніцца, як за савецкім часам прапагандысты ледзь ня ўсе паказчыкі параўноўвалі з 1913 годам. А чаму і ў наш час не параўнаць? Думаю, беларускія амбасадары ды які-небудзь чарговы лорд Бэл ужо атрымалі з дыпляматычнай поштай па асобніку сербаўскага альбому. І зь цягам часу ў замежных СМІ зьявяцца гучныя піяр-публікацыі: глядзіце, Эўропа з Амэрыкай, там, дзе паляшук з каўтуном на балотнай купіне сядзеў, сёньня лядовы палац красуецца!

Наколькі мне вядома, «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава» — першае і адзінае кніжнае выданьне, да якога прадмову напісаў Аляксандар Лукашэнка. А раз пісаў (ці падпісваў), то мусібыць пагартаў і сёе-тое пабачыў. Ці не адтуль у прэзыдэнцкі лексыкон лёгкай ластаўкай упырхнула слова народецъ (яго найлепш ужываць менавіта са старым ерам)? Бо той люд на фотаздымках і ёсьць народецъ — з каўтуном на галаве, з помнікам імпэратару Аляксандру ў галаве, зь перададзеным нашчадкам бязмоўем на вуснах, на якіх, нібы імпэрскі пірсінг, да сёньняшняга дня муляецца сто гадоў таму адмерлая літара Ъ.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG