Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяспраўе ў фэадальнай вотчыне»


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

Суд Слуцкага раёну Менскай вобласьці прыняў рашэньне аднавіць на працы Тамару Жураўлевіч апэратарам жывёлагадоўчага комплексу саўгаса «Слуцк».

Саўгас таксама павінен аплаціць жыхарцы аграгарадка Вежы вымушаны прагул з 15 лістапада мінулага году да 10 студзеня 2014 году ў памеры 8 мільёнаў 546 тысяч рублёў. А таксама кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 2 мільёнаў рублёў. Таксама саўгас павінен аплаціць усе судовыя выдаткі.

Змагацца за праўду цялятніцы Тамары Жураўлевіч дапамагала дэмакратычная актывістка Зінаіда Цімошак. Спадарыня Зінаіда таксама выступала сьведкай на судзе.

«Тое, што тварыла начальніца кадраў, жонка дырэктара саўгаса Васіля Чапоўскага, гэта паказчык бяспраўя ў фэадальнай вотчыне. Нібыта гэта адбываецца ў нейкім сярэдневяковым царстве, дзе няма ніякага працоўнага заканадаўства. Там парушаны некалькі пунктаў крымінальнага заканадаўства, і я так думаю, што пракуратура яшчэ будзе працаваць. У судзе было даказана, што мела месца фабрыкацыя дакумэнтаў.

Жураўлевіч працавала на комплексе звычайнай цялятніцай 11 гадоў і вельмі добра. Яны жылі ў саўгасных дамах, уклалі грошы ў рамонт, бо былі голыя сьцены. У сувязі з тым, што гэтае жыльлё маюць перавесьці на арэнднае, яны захацелі яго прыватызаваць. А начальства ўпіралася. Людзі зьвярнуліся ў кампанію „Гавары праўду“, у цэнтар па правах чалавека. Жураўлевіч, якая актыўна выступала, была, відаць, заўважаная. І супраць яе пачала фабрыкавацца справа аб звальненьні. Жураўлевіч на судзе казала, што яна вельмі перажывала і ня думала, што яе выкінуць з працы як ката, што была такая несправядлівасьць».

14 кастрычніка мінулага году, у выходны дзень, Тамары Жураўлевіч патэлефанавала загадчыца комплексу і сказала, што спадарыня Тамара звольнена ў сувязі з выхадам на пэнсію і на яе месца ўжо прыняты новы чалавек. Аднак загад аб звальненьні ёй ня выдалі, і яна некалькі разоў прыходзіла на працу. Ня вытрымаўшы няпэўнасьці, трапіла ў лякарню. У гэты час ёй даслалі ліст, што ёй не падоўжаны кантракт і яна звольнена з 15 лістапада. У гэты ж дзень яна атрымала выпіску з загаду пра тое, што ёй дадзены чарговы адпачынак. Атрымалася, што адначасова яна была звольнена ў сувязі з выхадам на пэнсію, знаходзілася ў адпачынку і працавала па тэрміновым кантракце. Пасьля выхаду зь лякарні Жураўлевіч працавала да 14 лістапада і была звольнена ў сувязі з заканчэньнем фіктыўнага кантракту, заключанага на адзін год, які яна насамрэч не падпісвала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG