Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджайнасьць на палетках Беларусі ў 2013 годзе зьнізілася параўнальна з 2012 годам.

Пра гэта сьведчаць лічбы, якія 10 студзеня зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Так, летась збожжа сабралі на 17,6% меней параўнальна з папярэднім годам, а сярэдняя ўраджайнасьць зьнізілася з 34,4 цэнтнэра з гектара ў 2012 годзе да 29,7 — у 2013. Тая ж самая сытуацыя з бульбай — 14,5% (208 і 194), з цукровымі буракамі — 4,5% (485 і 437). Зьменшылася таксама вытворчасьць рапсу і ільновалакна.

Эканаміст Міхась Залескі так пракамэнтаваў Свабодзе вынікі 2013 году ў расьлінаводзтве:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«У Беларусі, як і ўва ўсім сьвеце, ураджайнасьць сельскагаспадарчых культураў залежыць ад стану надвор’я. Супрацьстаяць надвор’ю можна двума спосабамі — працаю і капіталаўкладаньнямі. Гэта — высокаарганізаваная праца, бездакорнае выкананьне тэхналёгіяў і агратэхнічных мерапрыемстваў і, натуральна, адпаведныя капіталаўкладаньні. Усё гэта разам дазваляе кампэнсаваць прыродныя ваганьні.

Што да ваганьняў. У Беларусі яны зьвязаныя з трохгадовым і дванаццацігадовым цыклямі сонечнай актыўнасьці. Таму на два ўраджайныя гады ў нас прыпадае трэці неўраджайны. Мінулы год такім не павінен быў быць. Па ўсіх прыкметах неўраджайным павінен быць год 2014-ты. Паглядзіце за вакно».

Апошнія два гады Аляксандар Лукашэнка ставіць перад аграрыямі задачу — накарміць сьвет беларускімі харчамі. Беларусь, паводле ягоных словаў, павінна штогод прадаваць за мяжу харчоў на 7 мільярдаў даляраў. Але пры такой ураджайнасьці, як летась, падобна, трэба думаць пра іншае — каб харчоў хапіла самім беларусам.

XS
SM
MD
LG