Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарняўскі: Помнік Леніну мае такое ж значэньне, як твор Мікелянджэла


Ва Ўкраіне ўсё часьцей і часьцей апаганьваюць і дэмантуюць помнікі Леніну: толькі за першыя дзевяць дзён 2014 году ў рознай ступені пацярпелі прынамсі 4 манумэнты бальшавіцкаму правадыру. На сярэдзіну 2013 году ва Ўкраіне заставалася амаль 1350 помнікаў Леніну.

Дакладнай інфармацыі, колькі помнікаў Леніну засталося ў Беларусі, няма. Афіцыйныя крыніцы пра гэта маўчаць.

Беларускія інтэрнэт-рэсурсы даюць розныя лічбы — ад 190 да 266. Але толькі 8 з гэтых помнікаў маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці — у Менску, Баранавічах, Пінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску і Салігорску.

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі патлумачыў Радыё Свабода, што дакладную колькасьць помнікаў Леніну назваць немагчыма — бо тыя зь іх, якія не зьяўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, ня ўлічваюцца Міністэрствам культуры.

«Залежыць ад таго, як лічыць помнікі. Ёсьць тыя, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, — гэта адно. А ёсьць проста помнікі ў школьных дварах, у вёсках — такія вельмі складана палічыць. Ва Ўкраіне цяпер адбываецца масавы дэмантаж помнікаў Леніну. Магу сказаць, што я не прыхільнік такога. Я супраць руйнаваньня помнікаў увогуле. Кожны помнік для нечага ставіўся. Проста з часам яго функцыя можа зьмяніцца. А ёсьць жа манумэнты, у тым ліку і сярод помнікаў Леніну, якія маюць высокае мастацкае значэньне. Як іх можна зьнішчыць? Для мяне аднолькава непрымальна зьнішчыць твор Мацьвея Манізера на плошчы Незалежнасьці і зьнішчыць твор Мікелянджэла.

Ёсьць, вядома, няўклюдныя помнікі Леніну з гіпсу, з бэтону. Іх было вельмі шмат, у кожным двары кожнага цэху стаяў гіпсавы помнік, які развальваўся ці развальваецца з часам. Пра мэтазгоднасьць захоўваньня помнікаў, якія ня маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, няхай людзі вырашаюць, якія побач зь імі жывуць ці працуюць. Міністэрства культуры тут ня можа даваць рэкамэндацыі», — адзначыў Ігар Чарняўскі.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што пакуль бальшавізм не асуджаны на афіцыйным узроўні, зьнішчаць помнікі Леніну ў Беларусі няма юрыдычнай падставы:

«Быў судовы працэс над нацызмам. Там усё зразумела. А вось камунізм мы так і не асудзілі. Таму, прызнаючы ўсе хібы і злачынствы бальшавізму, трэба зазначыць, што юрыдычна ўсе дзеяньні супраць гэтай зьявы будуць супрацьпраўныя.

Я асабіста супраць вандалізму і барбарства. Так, у Беларусі ёсьць вельмі шмат помнікаў Леніну, якія не ўяўляюць эстэтычнай вартасьці. Я асабіста ня супраць іх дэмантажу. Але разам з тым ёсьць помнікі Леніну, зробленыя вядомымі скульптарамі. Яны вартыя захаваньня. Вядома, застаецца пытаньне наконт таго, ці вартыя яны захаваньня ў тым месцы, дзе пастаўленыя, ці ў рамках музэйных экспазыцыяў.

Таксама ёсьць помнікі Леніну, якія ўтвараюць унікальныя горадабудаўнічыя ансамблі. Акурат такі — помнік на плошчы Незалежнасьці ў Менску, дзе Дом ураду і помнік аўтарства Манізера — гэта адзіны ансамбль. Ён унікальны яшчэ і тым, што сам помнік ёсьць ня толькі помнікам асобе, але і савецкай эпосе беларусізацыі, што выяўлена ў надпісе на манумэнце, выкананым дарэформенным правапісам. Яго руйнаваць ні ў якім разе нельга».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG