Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: спробы тэрактаў у Стаўрапольскім краі


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

У забойствах шасьці чалавек у Стаўрапольскім краі падазраюць трох жыхароў паселішча Сьветлаводзк, што з Кабардзіна-Балкарыі.

Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах. Паводле адной з вэрсій, мэтай тых, хто нападаў, маглі быць паліцэйскія.

Целы шасьцярых чалавек былі выяўленыя ў чатырох кінутых аўтамабілях у трох населеных пунктах краю. У двух выпадках месцы здарэньня былі замінаваныя. Адна міна выбухнула, але ніхто з супрацоўнікаў паліцыі не пацярпеў.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, зараз апэратыўнікі займаюцца пошукамі трох ураджэнцаў Кабардзіна-Балкарыі: 32- гадовага Анзора Маргушава, 25- гадовага Вадзіма Шагенава і 23- гадовага Артура Маргушава. Апошнія двое падазраваных ужо былі абвешчаныя ў фэдэральны вышук раней.

Як паведаміла крыніца «Российской газеты», трое падазраваных зьяўляюцца ацалелымі членамі бандгрупы, якім удалося сысьці падчас спэцапэрацыі ў кастрычніку мінулага года.

Сьледчы камітэт Расіі абвясьціў, што крымінальныя справы па ўсіх чатырох выпадках будуць аб’яднаны ў адну вытворчасьць.

Газэта «Коммерсант» выказала вэрсію, што галоўнымі мэтамі тых, хто нападаў, былі паліцыянты, бо выбуховыя прылады ў аўтамабілях з забітымі павінны былі спрацаваць пры пад’езьдзе апэратыўна-сьледчых брыгад.

Паводле газэты «Известия», у якасьці галоўнай сьледчыя адпрацоўваюць вэрсію, згодна з якой большасьць загінуўшых займаліся прыватным возьніцтвам і былі забітыя пасьля таго, як адмовіліся плаціць так званы «падатак на джыхад» паўночнакаўкаскіх баявікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG