Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спадзяецца на пераўтварэньні ў царкве


Мітрапаліт Павел

Мітрапаліт Павел

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка спадзяецца на пераўтварэньні ва ўнутраным жыцьці Беларускай праваслаўнай царквы ў сувязі з прызначэньнем мітрапаліта Паўла патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

«З вашым прызначэньнем мы зьвязваем надзеі на правядзеньне пераўтварэньняў ва ўнутраным жыцьці царквы, актывізацыю яе сацыяльнага служэньня і асьветніцкай дзейнасьці», — заявіў Лукашэнка на цырымоніі ўручэньня прэмій «За духоўнае адраджэньне».

Лукашэнка паабяцаў «усялякую дапамогу» мітрапаліту Паўлу і заклікаў «народ і нашу інтэлігенцыю прыняць мітрапаліта Паўла як свайго, роднага нам па духу, чалавека». Ён адзначыў, што праваслаўная царква адзіная, зь якой урад заключыў пагадненьне аб супрацоўніцтве.

Лукашэнка таксама выказаў спадзяваньне, што мітрапаліт Філярэт паправіцца:

«Мітрапаліт Філярэт заўсёды будзе з намі, у нашых шэрагах. Мы ўсе любім нашага ганаровага патрыярха, мітрапаліта Філярэта. Мы выкараскаемся. Я перакананы».

Мітрапаліт Павел зьвязвае росквіт Беларусі з тым, што яе кіраўніцтва расставіла правільныя акцэнты ў сваёй палітыцы.

«Тое, што адбываецца адраджэньне Беларусі, і тое, што квітнее краіна, ніколькі не дзіўна, бо правільна зроблены акцэнт на эвангельскія духоўныя каштоўнасьці. Вы самі жывяце так, самі працуеце, і, гледзячы на вас, народ падцягваецца. Для мяне словы, што прагучалі сёньня з вуснаў Аляксандра Рыгоравіча былі ясна вызначанай праграмай, па якой павінен ісьці кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы. Я хацеў бы таксама падзякаваць і даць высокую ацэнку працы мітрапаліта Філярэта: ён сапраўды падняў плянку ўзаемадзеяньня царквы і дзяржавы на такі ўзровень, што для мяне будзе цяжка яго прытрымлівацца. Але словы падтрымкі, што прагучалі, усяляюць надзею і радасьць, што тут так цесна, рука аб руку, твораць царква і дзяржава. Я паспрабую зрабіць так, каб тая справа, якую зьдзяйсьняў мітрапаліт Філярэт, вы і ўрад, і ўвесь праваслаўны беларускі народ, працягнулася, каб мы стваралі, а не разбуралі», — цытуе Інтэрфакс выступ мітрапаліта Паўла на цырымоніі ўручэньня прэмій «За духоўнае адраджэньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG