Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагестанскі раб Аляксандар: Я тут ніхто і зваць мяне ніяк


31-гадовы жыхар Краснапольскага раёну Аляксандар Шаўцоў, якога мінулым летам захапілі ў рабства ў Расеі, уцёк зь няволі. Ягоныя пакуты ў Расеі працягваліся 9 месяцаў.

Цяпер з 29 сьнежня ён знаходзіцца ў дагестанскім сяле Карабудахент, кілямэтраў за 40 ад Махачкалы. Часовы прытулак Аляксандру даў мясцовы жыхар Мурат. Аляксандар чакае дапамогі зь Беларусі. Ён распавёў сваю гісторыю карэспандэнту Свабоды:

«Паехалі на працу, на будоўлю. Працаваў у Расеі, у Маскве. Там непаразуменьні выйшлі, і нас не разьлічылі. І трапіў у Дагестан. Прапанавалі працу. Толькі няясна было, дзе. А калі зразумеў, то было ўжо позна. Калі я першы раз трапіў у Дагестан, я трапіў на цагельны завод. Адпрацавалі мы там месяц. Цяжка было. Там таксама хлопец з Воршы быў і таксама з Бабруйску. З хлопцам з Воршы, з Вовам, мы сышлі 17 ліпеня мінулага году з заводу. Трапілі на падпрацоўку да адной жанчыны, зрабілі хляўчук. Яна заплаціла, і нам хапіла да Астрахані даехаць. А што ў Астрахані — грошай няма, і таксама працу шукалі. І потым я трапіў у Калмыкію, таксама бяз грошай, безь нічога. У Калмыкіі быў 4 месяцы. На кропцы, гэта дом у стэпе, дзе трымаюць скаціну — бараноў, кароў. Але людзі добрыя, плацілі заробак, апраналі і кармілі. 2 сьнежня я выехаў з Астрахані, даехаў да Валгаграда, потым на Маскву. 3 сьнежня даехаў у Маскву. А там атрымалася такая сытуацыя, што ў мяне грошы адабралі. І 5-га сьнежня я зноў паехаў у Дагестан. І таксама так прыехалі, куды — невядома. Дзе высадзілі, таксама ня ведаю. Дзе працаваў, таго сяла ня ведаю. Проста было ўжо холадна, і вырашылі ісьці дахаты. А пайшлі ня ў той бок, і вось трапіў да Мурата. Ён проста ўбачыў, што я з сумкай, бадзяга. Прыняў мяне ў свой дом, знаходжуся ў яго. Я тут ніхто і зваць мяне ніяк. Калі нават адсюль я выйду, адзін Бог ведае, куды я траплю. Можна вунь у горы трапіць, бараноў папасьвіць гады тры-чатыры. І цябе наагул ніхто шукаць ня будзе».

Аляксандар распавёў, што на цагельным заводзе грошы плацілі толькі пасьля заканчэньня сэзону, праз паўгода.

«А заплацяць ці не заплацяць — гэта толькі адзін Бог ведае. Месяц там папрацавалі, я быў на штабялёўцы. Цяжкая праца, 14 гадзін працоўны дзень. Жылі ў пакоях па пяць чалавек. Кармілі — грэчка, манка, суп... Апошні раз я зьвязаўся з мамай з цагельнага заводу 15 ліпеня мінулага году. Проста ў хлопца быў тэлефон, і празь яго зьвязваліся. А потым 17 ліпеня я сышоў з цагельнага. Мамчын мабільны тэлефон я згубіў. А пазваніць на хатні не было адкуль».

Карэспандэнт: «А з цагельнага заводу вы як сышлі?»

Аляксандар: «Правільней сказаць — зрабілі ногі. Карацей, зьбеглі ноччу, а 2 гадзіне ночы. Гэта было лета, цёпла. Пайшлі праз Махачкалу».

Пра працу ў Расеі Аляксандар кажа так:

«Гледзячы дзе працаваць будзеш. Недзе ж людзі плацяць, і нармальна плацяць. І заробак як заробак. Усё нармальна. А недзе ж і скоцтва такое ёсьць».

Аляксандар спадзяецца, што яму дапамогуць зь Беларусі выбрацца з Дагестану і вярнуцца дахаты.

«Я нікуды не зьбіраюся сыходзіць. Вы там вырашайце, нумар ёсьць, тэлефануйце. Міліцыя, паліцыя, думайце. Я ня ведаю, тут павінна быць дэпартацыя ці што, я ж іншагародні ўжо. Я ж беларус. Пашпарт у мяне ёсьць на руках. Я хачу выехаць. Мне тут людзі гатовыя дапамагчы, але чакаюць падтрымкі зь беларускага боку. Калі нехта паедзе па мяне ў Махачкалу ці нехта суправаджаючы, Мурат мяне адвязе і перадасьць з рук у рукі. Мне хочуць усе дапамагчы. Але, са свайго боку, зь Беларусі ніякай падтрымкі нават не адчуваю. Каб тут не дапамаглі дазваніцца да бацькоў, я ня ведаю, што я наагул рабіў бы. Я зьбіраюся дахаты, але як мне адсюль выехаць, калі ў мяне грошай няма ні капейкі? Я ўжо ў вышуку, я ня ведаю, калі там мяне маці падала ў вышук. Мяне ніхто не шукае. Вы ж таксама мне павінны дапамагчы неяк адсюль выехаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG