Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кася Камоцкая: «Мне вельмі крыўдна»


Кася Камоцкая

Кася Камоцкая

«Будзе няпраўдай казаць, што канцэрт забаронены. Мне ніхто нічога не забараняў, скажу так», — сьпявачка Кася Камоцкая камэнтуе інфармацыю пра тое, што яе канцэрт, які меўся адбыцца 10 студзеня ў КЗ «Менск», не адбудзецца.

«Шчыра кажу, я не магу зразумець, што адбываецца. Усё да арганізатара канцэрту Паўла Кашырына. Апошні раз я размаўляла зь ім на пачатку сьнежня, і болей ён на сувязь не выходзіў. Слухаўку ён не бярэ», — кажа Камоцкая.

«Мне вельмі крыўдна і вельмі шкада, што канцэрту няма. Спадзяюся, што знойдзецца чалавек, які зможа гэта арганізаваць. Мы гатовыя граць і правядзем гэты канцэрт. Хай і не ў канцэртнай залі «Менск», — заключае Кася Камоцкая.

«Мы ніякага ліста пра адмену канцэрту Камоцкай ад арганізатараў не атрымлівалі, — паведаміў Радыё Свабода намесьнік загадчыка аддзелу культуры КЗ «Менск» Канстанцін Мардар. — Нічога ня ведаем. У нас на гэты дзень „Старасьвецкая камэдыя“ тэатру Янкі Купалы».

Сайт kvitki.by на 14.00 прадаваў квіткі і на канцэрт Касі Камоцкай, і на спэктакль «Старасьвецкая камэдыя». Абедзьве падзеі меліся адбыцца 10 сьнежня ў малой залі КЗ «Менск».

На 14.20 было прададзена каля 50 квіткоў на канцэрт Камоцкай і 1 (!) квіток на спэктакль «Старасьвецкая камэдыя».

Павал Кашырын, арганізатар канцэрту Касі Камоцкай, кажа:

«Я ня буду нічога тлумачыць. Я ўжо ўсім усё расказаў. Гэта састарэлая інфармацыя. Гэты канцэрт павінен быў быць яшчэ на пачатку сьнежня. Але праз два дні мы вырашылі, што яго ўсё ж ня будзе 10 студзеня. Мы проста забыліся адклікаць гэтую навіну».
XS
SM
MD
LG