Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бацька памерлай у «Экамэдсэрвісе» патрабуе кампэнсацыі


У Кастрычніцкім раённым судзе Менска пачаўся працэс па справе кіраўнікоў мэдычнай фірмы летась памерла, не ачуняўшы пасьля плястычнай апэрацыі.

Агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла, што сума маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі, якую патрабуе бацька загінулай пацыенткі «Экамэдсэрвіса» Юліі Кубаравай, складае 10 мільярдаў рублёў.

Сам Юры Кубараў лічбы пазову ні разу не назваў ні ў працэсе, ні ў інтэрвію журналістам пасьля таго, як судзьдзя Ала Абакунчык задаволіла ягонае хадайніцтва як пацярпелага далучыць да матэрыялаў справы пазоў да «Экамэдсэрвіса» аб кампэнсацыі матэрыяльных і маральных стратаў у сувязі са сьмерцю дачкі.

Юры Кубараў паабяцаў журналістам назваць суму пазову пазьней, на працэсе.

Юры Кубараў сказаў журналістам, што ён не задаволены тым, што на лаве падсудных не сядзяць хірург Серабро і ягоная асыстэнтка падчас апэрацыі, мэдычная сястра Бандарэнка.

«Ён высакаклясны як хірург. Але, магчыма, у гэты момант аказаўся палахліўцам. Як на фронце, дзе, бывае, усё вырашае адзін дзень. Ён аказаўся баязьліўцам, калі не сказаць больш — злыднем. Бо ведаў, ня мог ня ведаць, што здарылася. Але не зрабіў ніякіх дзеяньняў. А што хірург ня ўдзельнічае ў працэсе ў якасьці абвінавачанага... Мяне папярэджвалі, што справа ўвогуле можа не дайсьці да суду, калі ўлічыць, што гэта справа супроць лекараў. Гэта, лічу, унікальны выпадак, што дайшло да суду. Бо ёсьць шмат прыкладаў, калі справы проста не заводзяцца. Калі 5 гадоў таму была справа ў Гомелі, дзе газам атруцілі парадзіху, то там вінаватым аказаўся толькі тэхнік, які падключаў, а лекары аказаліся ўвогуле быццам невінаватыя. Тут хоць неяк лекары абвінавачваюцца. Будзе зь іх зьнята абвінавачаньне ці не, гэта пытаньне да паважанага суду. Але, мяркую, ня ўсе названыя тыя, хто павінен быць прызнаны вінаватым. Пакуль хірург праходзіць па гэтай справе як сьведка, але мая мэта, каб ён быў як абвінавачаны».

Юры Кубараў папрасіў журналістаў не палітызаваць гэтую справу — на ягоную думку, гэта ня суд над прадпрымальніцкай структурай. Сам ён лічыць, што пэўныя лекары мусяць несьці адказнасьць за бесчалавечнае стаўленьне да сваёй пацыенткі.

«Тут справа ў бесчалавечнасьці, вось чаму я параўноўваю гэта зь Нюрнбэрскім працэсам. Калі паміраюць маладыя, здаровыя і прыгожыя — гэта вайна. А пасьля кожнай вайны павінен быць свой працэс. Паўтараю, я іх абвінавачваю толькі ў бесчалавечнасьці. Сваім бесчалавечным стаўленьнем да пацыента яны гэта ўсё зрабілі, кожны зрабіў свой унёсак. Ня скажаш, што нехта адзін гэта зрабіў, але сукупнасьць агульных дзеяньняў прывяла да жудаснага для мяне выніку».

Паводле артыкула аб службовай нядбайнасьці прыцягнутыя да адказнасьці былая гендырэктарка фірмы Галіна Валжанкіна і былы галоўны інжынэр Вадзім Міхута. Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў абвінавачаны ў неналежным выкананьні абавязкаў, што прывяло да сьмерці чалавека. Усе трое падсудных сядзяць не ў жалезнай клетцы, а на першай лаве ў залі. Абвінавачваньне ў судзе падтрымлівае прадстаўнік Генпракуратуры Мікалай Жэчка.

Запытаць у абвінавачаных, ці прызнаюць яны сваю віну, не ўдалося — адразу, як судзьдзя абвясьціла перапынак да заўтра, падсудныя сышлі з залі і не затрымаліся ў судзе. Іхнія абаронцы адмовіліся паведаміць пазыцыю сваіх кліентаў. Стаўленьне абвінавачаных Галіны Валжанкінай, Вадзіма Міхуты і Аляксандра Шурава да абвінавачаньня стане вядома 10 студзеня, калі пачнуцца іх допыты.
XS
SM
MD
LG