Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі турыст: цэны ў Беларусі эўрапейскія, а сэрвіс — савецкі


Расейскія турысты, якія абралі Беларусь месцам калядна-навагодніх вакацыяў, вяртаюцца дадому і дзеляцца ўражаньнямі ад тутэйшых прыгодаў.

Агульны ляйтматыў нататак у сеціве — савецкі сэрвіс за неадэкватныя грошы. Чым незадаволеныя суседзі ў абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам год гасьціннасьці?

Яшчэ пры канцы сьнежня мінулага году амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў прыкінуў, што на сьвяты Беларусь наведаюць блізу 1 мільёна расейцаў. Нашэсьце з усходу выпала асабіста засьведчыць ужо 2 студзеня, па дарозе з Воршы: у бок Менску ішоў шчыльны аўтамабільны паток, і абсалютная бальшыня транспарту мела расейскую рэгістрацыю. Прычым гэта была ўжо другая хваля — першая пасьпела засяліцца ў санаторыі, гатэлі і найманыя кватэры яшчэ да Новага году.

Многія расейцы не хаваюць, што едуць у Беларусь, каб задаволіць настальгію па савецкіх часах — беларускія гарады мала зьмяніліся за апошнія дзесяцігодзьдзі. Так, Ларыса Арлова зь Яраслаўля піша, што на навагоднія сьвяты жылі ў менскім гатэлі «Агат». Зьдзівіла, што ў нумарах не душавыя кабіны, а чыгунныя ванны, чаго даўно няма ў іншых краінах: «Утульна, бяз шыку. Увогуле, гатэль нібыта з СССР, але гэта не напружвала, хутчэй, наадварот, супакойвала. З вакна — від на лес і спартыўную пляцоўку, з адваротнага боку бачны праспэкт Незалежнасьці і Нацыянальная бібліятэка. Побач „Беларусбанк“, абмен грошай да 23.00».

Але такіх нэўтральна-паблажлівых характарыстык адзінкі. Большасьць зьдзіўленыя «саўковым» сэрвісам, дарагавізнай жыцьця і непрыветлівасьцю беларусаў. Перадусім ад заможных расейцаў з прэтэнзіямі дасталося зоркавым гатэлям. Рэгіна і Rufat ацэньваюць Crowne Plaza:

«Якасьць ежы не адпавядае патрабаваньням да 5-зоркавага гатэля. Нельга сказаць, што яна жахлівая, але неядомая — гэта дакладна. Адчуваньне, як быццам харчуесься ў сталоўцы. Для сьняданкаў выбірайце лепш гатэлі з тэрасамі ў Монтэ-Карла, МанакаJ».

«Жахлівы саўковы гатэль. Кошты як у Маскве ў Mariott, а якасьць пакідае жадаць лепшага. Ні зубных шчотак, ні халатаў...»

Кацярына з Масквы абураная абслугоўваньнем у новым пяцізоркавым «Прэзыдэнт-гатэлі»:

Ніхто ніводнага разу не ўсьміхнуўся гасьцям, не сказаў дзякуй
«Хтосьці вучыў пэрсанал працаваць? Ніхто ніводнага разу не ўсьміхнуўся гасьцям, не сказаў дзякуй і г.д. Выснова: савецкі сэрвіс у горшым праяўленьні, жахлівая нясмачная ежа за вялікія грошы. Як гатэль з такім сэрвісам мог атрымаць 5 зорак?»

Пры пад’езьдзе да Менску аўтамабільны паток дзяліўся: палова заварочвала на сталіцу, іншыя працягвалі шлях далей — як правіла, ехалі да Дзеда Мароза ў Белавескую пушчу ці ў арандаваныя аграсядзібы. Масквіч Дзяніс зь сябрамі спыніліся на базе адпачынку пад Стоўпцамі. Малады чалавек падзяліўся са Свабодай уражаньнямі ад навагодняга сьвяткаваньня:

«Калі я маніторыў цэны на адпачынак, у першую чаргу быў зьдзіўлены тым, што для беларусаў адна цана, а для грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі абсалютна іншая, у два, а то і ў тры разы большая! Прычым, практычна ўсюды: у гатэлях,
для беларусаў адна цана, а для грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі абсалютна іншая, у два, а то і ў тры разы большая
пансіянатах, дамах адпачынку, на турбазах і г.д. То бок — строгі падзел паводле грамадзянства: для сваіх — таньней, для расейцаў — даражэй. Нягледзячы на саюзную дзяржаву, саюзную дамову і дэкляраваныя аднолькавыя правы. Зразумела, што кошты паслуг непасрэдна на месцы адны і тыя ж. Не было такога, каб у бары ў цябе папрасілі пашпарт і, даведаўшыся, што ты з Расеі, сталі заломваць утрая больш».

Карэспандэнт: «Што тычыцца сэрвісу: багата расейцаў, паезьдзіўшы па сьвеце, робяць высновы не на карысьць Беларусі...»

«Так, на жаль, сэрвіс не пасьпявае за ўзроўнем коштаў. Напрыклад, на той базе адпачынку, дзе мы былі, як і належыць, у навагоднюю ноч працаваў бар, але наступныя тры дні ён не працаваў. Як нам патлумачылі, бармэнка перапрацавалася ў сьвяточную ноч і стамілася. Іншымі словамі, тры дні на гэтай базе немагчыма было купіць нават мінэральнай вады, па пітво і ежу трэба было ехаць у суседнія вёскі. А ўвогуле, калі параўноўваць з маскоўскімі коштамі, у Беларусі ўсё роўна яшчэ шмат што таньнейшае. Хай яна ўжо не такая танная, як было 2–3 гады таму (тады сапраўды быў рай для адпачынку), але адпачываць камфортна можна. Сёньня цэньнік, натуральна, падняўся, але каб разам яшчэ і сэрвіс гэтаксама вырас, то цаны б не было беларускаму адпачынку».

Рыма Волкава з Табольску Цюменскай вобласьці піша, што апошні раз на радзіме продкаў была на пачатку 1990-х, і тады вярнулася з самымі лепшымі ўражаньнямі. Цяпер усё наадварот:

«Людзі азлобленыя, на пытаньні адказваюць зь вялікай неахвотай, асабліва гандляры. У Менску не змаглі купіць сім-карты ні ў аэрапорце, ні на чыгуначным і аўтавакзале. Квіткоў на цягнік да Гомеля не было, а маршрутка ішла зь іншага вакзалу. У Гомелі так і не ўдалося паспытаць нацыянальных страваў, на вочы трапляліся толькі піцэрыі і каўкаскія рэстараны. У санаторыі „Чонкі“ народную кухню таксама не прапаноўвалі. У санаторыі празь дзень давалі канцэрты мясцовыя эстрадныя вакалісты, але ні разу — народныя калектывы. Яшчэ напрошваецца выснова: парадак у краіне трымаецца на паказусе — чысьціня на вуліцах, але за плотам бур’ян і дзікія дрэвы».

Тацьцяна з Санкт-Пецярбургу вырашыла адпачыць зь сям’ёй у санаторыі КДБ Беларусі «Лясное». Аднак, нягледзячы на раньняе браніраваньне і 100-працэнтную папярэднюю аплату, ніхто іх там не чакаў. У выніку некалькі дзён, пакуль ня вызваліўся нумар, яны жылі паблізу ў аграсядзібе. Тым часам на аплочаныя працэдуры трэба было дабірацца па паўгадзіны ў кожны бок. У гутарках з калегамі па няшчасьці выявілася, што госьці з Расеі жывуць дзе заўгодна — ад каміннай і більярднай заляў да лазьні і паркоўкі. Са скандалам атрымаўшы забраніраваны нумар, жанчына сутыкнулася зь мясцовай кухняй: «Харчаваньне жахлівае. Мэню на замову, але стравы падаюцца ня тыя, якія выбіраеш. Супы гадкія. Кіраўніцтва санаторыя не адмаўляе, што яны гатуюцца на вадзе, а не на булёне».

За нізкі ўзровень абслугоўваньня раскрытыкаваны і санаторый МУС «Белая Русь». Адзін з наведнікаў наўпрост піша, што гэта не адпачынак, а «кідалава». Паводле ягоных словаў, нумарны фонд тут — як у піянэрскім лягеры, адпаведнае і харчаваньне. Пры гэтым за нумар з вузкім ложкам бяруць 100 даляраў, а ад мясцовай ежы дзіцё званітавала. Пасьля першага ж дня госьці вярнуліся назад у Маскву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG