Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары «хуткай» працягваюць зьбіраць подпісы на паперы


Адзін з ініцыятараў збору подпісаў менскіх лекараў хуткай дапамогі да Аляксандра Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Васіля Жарко з патрабаваньнямі забясьпечыць ім сацыяльную абарону і годны заробак распавёў Свабодзе, чаму кампанія ў інтэрнэце спынілася, а подпісы ў папяровым выглядзе зьбіраюць дагэтуль.

Свабода ўзяла інтэрвію ў студэнта апошняга курсу Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, лекара хуткай дапамогі, аднаго з ініцыятараў збору подпісаў пад электроннай пэтыцыяй з патрабаваньнем зьмяніць сытуацыю ў службе хуткай дапамогі. Ён прасіў не называць ягонага імя.

Лекар паведаміў, што 7 студзеня збор подпісаў у інтэрнэце быў прыпынены, бо такія подпісы ня маюць юрыдычнай вагі, і таму было вырашана сканцэнтравацца на зьбіраньні рэальных подпісаў сярод лекараў хуткай дапамогі:

«Патрабаваньні пад папяровымі подпісамі, якія цяпер зьбіраюцца, ідэнтычныя тым, што стаялі ў электроннай пэтыцыі. Пад электроннай пэтыцыяй мы зьбіралі подпісы толькі адзін дзень, а назьбіралі больш за 5000. Але пасьля кансультацыяў зь юрыстамі, якія сказалі, што электронная пэтыцыя ня мае сэнсу, мы вырашылі яе закрыць і прадоўжыць збор рэальных подпісаў сярод супрацоўнікаў службы хуткай дапамогі».

Нягледзячы на тое, што электронная пэтыцыя паспрыяла рэкляме пратэсту мэдыкаў у сеціве, ініцыятары вырашылі, што некаторыя СМІ пачалі няслушна інтэрпрэтаваць іхныя дзеяньні.

«Таму было вырашана пэтыцыю закрыць, тым больш што вялікі рэзананс ужо і так пайшоў», — кажа лекар.

Ён таксама адзначыў, што ціску з боку ўладаў ці кіраўніцтва на ініцыятараў зьбіраньня подпісаў не было.

Малады лекар таксама распавёў Свабодзе пра працу ў службе хуткай дапамогі.

«У нашых сутках павінна быць 25–26 гадзін»

«Цяжка працаваць ня толькі таму, што малыя заробкі, — распавядае лекар хукай дапамогі. — Цяжка ў тым сэнсе, што вельмі вялікая напружанасьць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, брыгада „хуткай“ цягам сутак робіць 11 візытаў. Але на самой справе візытаў робіцца нашмат больш. Вось мы палічылі. З 1 студзеня цягам 8 сутак у Менску было 32 000 візытаў. У горадзе працуе 152 брыгады. Атрымліваецца, што кожная брыгада робіць 25–26 візытаў за суткі. А яшчэ трэба ўлічыць, што на 1 візыт адводзіцца 1 гадзіна. Вось і вырашайце, колькі ў нас гадзін у сутках».


«Заробак 2,4 мільёна»


«Сёньня я атрымаў лісток з разьлікам заробку. Я працую на поўную стаўку. У мяне норма 158,5 гадзіны. Я адпрацаваў 144 гадзіны, таму што некалькі дзён быў на бальнічным. Мне заплацілі 2 392 980 рублёў. Праз тое, што я быў на бальнічным, мне не далі прэмію, а таксама не заплацілі цалкам за той дзень, калі я хварэў, хоць бальнічны павінен цалкам аплачвацца. Калі ішоў працаваць на хуткую дапамогу, абяцалі за поўную стаўку 3 мільёны. Пакуль я нават такога заробку, які і так наўрад ці можна назваць дастатковым, ня бачыў. І так ува ўсіх лекараў хуткай дапамогі. Людзі вельмі доўга цярпелі, а зараз сасьпеў пратэст».


Плацёжка за сьнежань

Плацёжка за сьнежань

«На „хуткай“ працуе шмат студэнтаў»


«Я студэнт, дык мне гэтых грошай, у прынцыпе, хапае. У мяне няма сям’і, дзяцей, вялікія пакупкі я не раблю. Але я дакладна разумею, што я працую нашмат больш, чым тое, як мая праца аплочваецца. Менавіта таму я актыўна ўдзельнічаю ў пратэсьце, таму што вельмі падтрымліваю сваіх калегаў, якія вымушаныя за такія ж грошы ўтрымліваць сем’і. У хуткай дапамозе ў Менску працуе вельмі шмат студэнтаў. Іх ахвотна бяруць, бо яны згодныя за невялікія грошы працаваць. Але ж што гэта за такая хуткая дапамога, калі ў ёй каля 30 працэнтаў супрацоўнікаў — студэнты? Зразумела, што студэнт ня можа працаваць так, як спэцыяліст са стажам».


«Усё роўна люблю сваю працу»


«Што мяне тут трымае? Мне сапраўды падабаецца гэтая праца. Яна нашмат цікавейшая за працу ў стацыянары. Мне падабаецца, што я бачу вынік сваёй працы праз 20 хвілін пасьля таго, як пачаў яе выконваць. Самае простае — гэта ўсім сысьці, калі нам нешта не падабаецца. Але хто тады будзе працаваць на хуткай дапамозе і ратаваць людзей?»
XS
SM
MD
LG