Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальнага кіроўцу аўтобуса могуць звольніць


Аркадзь Крачун пасьля аднаго з здарэньняў, плошча Бангалор

Аркадзь Крачун пасьля аднаго з здарэньняў, плошча Бангалор

Намесьнік дырэктара па бясьпецы дарожнага руху сталічнага Аўтобуснага парку № 6 Аляксандар Лужынскі паведаміў Свабодзе, што цяпер ідзе праверка па адным з дарожна-транспартных здарэньняў, у выніку якога кіроўца Аркадзь Крачун, які летась падбіў у Менску 20 легкавых машын, можа страціць працу.

«3 сьнежня 2013 году кіроўца Аркадзь Крачун учыніў сутыкненьне зь легкавым аўтамабілем BMW. У дачыненьні да гэтага здарэньня да гэтага часу праводзіцца праверка з боку УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму. Пасьля вынясеньня адпаведнай пастановы па гэтым ДТЗ мы будзем прымаць рашэньне наконт далейшай супрацы з кіроўцам Аркадзем Крачуном», — сказаў Аляксандар Лужынскі.

Камэнтуючы іншыя ДТЗ, у якіх удзельнічаў аўтобус Аркадзя Крачуна, у аўтапарку адзначылі, што, нягледзячы на адсутнасьць пацярпелых, з кіроўцам пастаянна праводзіліся прафіляктычныя гутаркі з мэтай недапушчэньня аварыяў.

«Усе дарожна-транспартныя здарэньні, у якіх удзельнічаў кіроўца Аркадзь Крачун у пэрыяд з студзеня да лістапада 2013 году, адбыліся па віне староньняга транспарту, гэта значыць, не па віне кіроўцы аўтобуса. У нас ёсьць дакумэнты і даведкі, якія пацьвярджаюць гэта ў кожным канкрэтным выпадку. Ні ў якім са згаданых ДТЗ пацярпелых не было, а аўтобусу былі нанесеныя нязначныя пашкоджаньні. З кіроўцам Аркадзем Крачуном я, а таксама інжынэры, якія працуюць у нашым парку, сыстэматычна пасьля кожнага здарэньня праводзілі індывідуальныя размовы пра магчымасьць унікнуць гэтых аварый», — зазначыў Свабодзе Аляксандар Лужынскі.
XS
SM
MD
LG