Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кураеў: «50 з 300 эпіскапаў уваходзяць у блакітнае лобі»


Андрэй Кураеў
Андрэй Кураеў

Андрэй Кураеў апавёў Радыё Свабода пра «блакітнае лобі» ў праваслаўнай царкве, пра тое, што гомасэксуал можа быць амаль сьвятым, і пра боязь хваравітай старасьці.

«Блакітнае лобі здольнае вырашаць любыя кадравыя пытаньні, нягледзячы на любыя пратэсты. Пакуль, паводле пэсымістычных падлікаў (я ня ўсіх ведаю, дый колькасьць эпіскапаў памнажаецца), гэта 50 чалавек з прыблізна 300 эпіскапаў», — Андрэй Кураеў апавёў Радыё Свабода пра «блакітнае лобі» ў праваслаўнай царкве, пра тое, што гомасэксуал можа быць амаль сьвятым, і пра боязь хваравітай старасьці.

«Калі размова ідзе пра лобі, то гэта ня толькі людзі, якія датычныя да гэтага граху (гомасэксуалізму — рэд.). Бо з пункту гледжаньня царквы гэта грэх. Лобі — гэта яшчэ і тыя, хто пакрывае, хто ведае, хто баіцца. У той жа Беларусі колькі гадоў таму быў выпадак, калі адзін эпіскап, даведаўшыся пра такі эпізод у жыцьці сьвятара сваёй эпархіі, зрабіў спробу яго звольніць. У выніку звольнілі эпіскапа. Таму што зь беларускага ўпраўленьня прагучаў жорсткі вокрык».

Радыё Свабода: «Андрэй Вячаслававіч, якую рэакцыю выклікалі вашыя допісы наконт дзейнасьць «блакітнага лобі?»

Андрэй Кураеў: «На афіцыйным узроўні мяне звольнілі з Маскоўскай духоўнай акадэміі. На неафіцыйным узроўні — якраз пагрозы падаць у суд з боку Гомельскай эпархіі. І вялізная падтрымка з боку простых сьвятароў і людзей.

Цяпер мне ўсё новыя зьвесткі, гісторыі, на жаль, паведамляюць. У тым ліку новыя паведамленьні прыйшлі зь Цьвярской вобласьці. Але для таго каб я разьмясьціў гэта ў блогу, у мяне павінны быць альтэрнатыўныя паведамленьні. Як, напрыклад, з гомельскай гісторыяй, калі ў мяне былі пацьверджаньні ад двух розных людзей».

Андрэй Кураеў кажа, што калі Гомельская эпархія падасьць на яго ў суд за паклёп на эпіскапа Стэфана, то абедзьве крыніцы, якія паведамлялі яму пра Стэфанавы сэксуальныя дамаганьні, будуць гатовыя сьведчыць у судзе.

Назваць імёны гэтых людзей Андрэй Кураеў пакуль адмаўляецца, бо адзін зь іх дагэтуль дыякан і не сышоў з царквы.

Радыё Свабода: «Чаму гэтыя людзі ня зьвернуцца ў праваахоўныя органы з пазовам супраць эпіскапа Стэфана?»

Андрэй Кураеў: «Зьвяртацца ў праваахоўныя органы бессэнсоўна: прайшло шмат часу. І ў любым выпадку гэта будзе «слова супраць слова».
Былі выпадкі, калі людзі зьвярталіся ў сьвецкі суд. Але гэта «скасоўвалася» адміністрацыйнымі і сяброўскімі шляхамі

Былі выпадкі, калі людзі зьвярталіся ў сьвецкі суд. Але гэта «скасоўвалася» адміністрацыйнымі і сяброўскімі шляхамі. Праўда, у іх хаця б былі наступствы. За апошнія 15 гадоў мы ведаем 4 выпадкі, калі эпіскапаў хаця б здымалі, але пераводзілі на іншае месца і не пазбаўлялі сану. А пасьля іх звычайна цяпер цалкам рэабілітуюць і зноў даюць паўнату царкоўнай улады ў тых выпадках, якія пры патрыярху Аляксію хоць неяк караліся.

Радыё Свабода: «Чаму гэтыя выпадкі не разглядаюцца ўнутры самой царквы?»

Андрэй Кураеў: «Шляхі самаачышчэньня царквы занадта забітыя. Нават царкоўны суд не прадугледжвае магчымасьці міраніну паскардзіцца на эпіскапа. Ягоная скарга прыйдзе да самога эпіскапа, які ўзначальвае гэты суд і зацьвярджае ягонае рашэньне. На ягонае рашэньне можа падаць апэляцыю агульнацаркоўны суд, але толькі сьвятар, ужо пасьля таго як ён прайграў суд са сваім эпіскапам. Зразумела, што спалучэньне ў адных руках і ў адной асобе ўлады судовай і выканаўчай, натуральна, ня робіць гэтую сыстэму здольнай да эфэктыўных дзеяньняў па абароне свайго ўласнага права і статута».

Што тычыцца абвінавачанага Кураевым эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, то протадыякан зь ім знаёмы. Аднак асабісты матыў у сваіх выкрыцьцях катэгарычна адмаўляе:

«З эпіскапам Стэфанам мы вучыліся ў паралельных клясах у сэмінарыі, — кажа Кураеў. — Беларусь для мяне — іншая краіна. У тых месцах я не бываў. Толькі ў мінулым годзе пачуў першую з гэтых гісторыяў. Матыў маёй асабістай помсты ці карысьлівасьці ў гэтай справе абсалютна выключаны. Мне з уладыкам няма чаго дзяліць».

На пытаньне, якую рэпутацыю мае эпіскап Стэфан у царкве, Андрэй Кураеў згадвае, як адбывалася хіратонія Стэфана — пасьвячэньне ў эпіскапы. Паводле праваслаўных правілаў частку эпіскапаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым абрадзе, прызначаюць, а частку той, каго высьвячаюць, можа запрасіць сам. Выбар эпіскапаў, якіх пажадаў запрасіць Стэфан, падаецца Андрэю Кураеву двухсэнсоўным:

«Пра рэпутацыю такіх людзей вельмі лёгка даведацца. У царкоўным асяродзьдзі мы больш-менш адзін аднаго ведаем. Ёсьць людзі, пра якіх у царкве ёсьць несумненнае меркаваньне як пра гомасэксуалістаў. І глядзіш проста на кампанію, з кім вядзецца чалавек.

Я адкрываю афіцыйную біяграфію ўладыкі Стэфана і бачу, хто яго высьвячаў на эпіскапа. Справа ў тым, што паводле праваслаўных правілаў гэта нельга рабіць аднаму эпіскапу. Павінен быць сабор. Ня менш як тры эпіскапы павінны сабрацца, каб высьвяціць новага эпіскапа. Гэта сёньня можа быць нават 20 чалавек. Частка зь іх удзельнічае ў гэтым паводле рашэньня патрыярха ці ў Беларусі — паводле рашэньня мітрапаліта Філарэта. Пры гэтым кандыдату ў эпіскапы даецца права выбраць, запрасіць некалькі чалавек зь ліку сваіх сяброў. Можа, ён запросіць свайго духоўнага настаўніка, ці аднаклясьнікаў па сэмінарыі, ці яшчэ кагосьці. Тых эпіскапаў, зь якімі ў яго добрыя чалавечыя стасункі.

І вось на хіратоніі эпіскапа Стэфана былі такія людзі. З адным зь іх ён ніколі не вучыўся разам, бо паводле ўзросту вялізнае разыходжаньне, гэта эпіскап з Казахстану. Пра яго ізноў жа ў мясцовай прэсе былі адназначныя і вельмі жорсткія публікацыі пра засільле гомасэксуальнага лобі ў ягонай эпархіі з удзелам яго самога.

З Украіны яшчэ такі самы эпіскап прыехаў, пра якога кажуць, што ён не „блакітны“, а проста „фіялетавы“.

А іншых не было, усе астатнія былі эпіскапы зь Беларусі, якія проста праз службовы абавязак у гэтым удзельнічалі».

Паводле інфармацыі сайта patriarchia.ru, у хіратоніі эпіскапа Стэфана бралі ўдзел эпіскапы Ўральскі Антоні, украінскія эпіскапы Чарнігаўскі — Амвросі, Васількоўскі — Панцеляіман і іншыя.

Радыё Свабода: «Андрэй Вячаслававіч, вы распавядаеце пра выпадкі, якія былі вядомыя даўно. Шмат хто закідвае вам, што вы ўзьнялі праблему ў патрэбны вам асабіста момант. Чаму менавіта цяпер вы пачалі пра гэта распавядаць?»

Андрэй Кураеў: «Мне падалося, і, магчыма, я ў гэтым памыліўся, што зьявіўся шанец гэтую праблему вырашыць. Камісія, якая прыехала ў Казанскую сэмінарыю, зразумела, прыехала туды не бязь ведама патрыярха. І ў яе былі паўнамоцтвы сумленна вырашаць скаргі сэмінарыстаў, што і было зроблена. Я даведаўся, што сапраўды скаргі сэмінарыстаў былі разгледжаныя і па выніках прарэктар, які дамагаўся да дзяцей, звольнены. Я ўспрыняў гэта як знак таго, што патрыярхія пачала палітыку самаачышчэньня, пачынаючы з Казанскай эпархіі, у якой цалкам адназначная рэпутацыя ў гэтым сэнсе, і далей. І я палічыў, што трэба падтрымаць дзейнасьць гэтай камісіі.

Але, відавочна, я зрабіў тактычную памылку: гатовасьць патрыярхіі выявілася не настолькі трывалай. І скончылася тым, чым скончылася. Урэшце, я як рэлігійны чалавек бачу ў гэтым промысел Божы».

Радыё Свабода: «Ня варта аспрэчваць, што і ў царкве ёсьць людзі, якія вызнаюць сябе гомасэксуаламі. Ці ёсьць магчымасьць, што яны апублічняць гэта?

Андрэй Кураеў: «Магчымасьць ёсьць, але гэта азначае сыход з герархічных царкоўных пасадаў. Зразумейце, тут патрэбныя тонкія градацыі.
Чалавек адчувае сябе гомасэксуалам, але пры гэтым адмаўляецца ад практыкі. У нашай сыстэме каштоўнасьцяў гэта падзьвіжнік, амаль сьвяты чалавек…

Першая: чалавек адчувае сябе гомасэксуалам, але пры гэтым адмаўляецца ад практыкі. У нашай сыстэме каштоўнасьцяў гэта падзьвіжнік, амаль сьвяты чалавек — то бок чалавек, які стрымлівае свае памкненьні, кантралюе сябе. Гэта добры паказьнік ягонай сілы волі, рашучасьці. Тады няма аніякіх абмежаваньняў, у тым ліку і з пункту гледжаньня ягонага месца ў герархіі царквы.

Другое: чалавек адчувае сябе гомасэксуалам і ажыцьцяўляе пэўную практыку, але як хрысьціянін і чалавек адчувае гэта як свой асабісты грэх. У такім выпадку ён адзін з нас. Усе хрысьціяне лічаць сябе грэшнікамі.

Трэцяе: чалавек вядзе гомасэксуальны лад жыцьця, але ніяк сябе з царквой ня зьвязвае. Проста сьвецкі чалавек. Тады, што называецца, і нам да яго няма справы. Хто ты такі, каб судзіць чужога раба?

Чацьвёртае: чалавек пачынае апраўдваць сваю гомасэксуальнасьць, выкарыстоўваючы багаслоўскія аргумэнты. У мяне цяпер у блогу ідуць гэтыя дыскусіі, і час ад часу менавіта такую пазыцыю людзі займаюць. Або да іх калісьці зьвярталася такая папоўская гомасэксуальная прапаганда, каб да сябе іх заманіць, і спрабавалі выкарыстоўваць менавіта багаслоўскія аргумэнты.

Напрыклад, ёсьць вядомыя, асабліва католікам, словы Хрыста апосталу Пятру: „Петар, ты камень, я на табе ствару сваю царкву“. Дык вось, аказваецца, гэтыя таварышы вельмі своеасабліва цытуюць гэтыя словы і ў патрэбнай сытуацыі яны гучаць так: „Пётар, я на табе...“ І на гэтым цытату абрываюць. Вось гэта, я лічу, гранічна подла».

Радыё Свабода: «Як вы ставіцеся да ініцыятывы Івана Ахлабысьціна вярнуць у Крымінальны кодэкс артыкул пра адказнасьць за гомасэксуальныя стасункі?»

Андрэй Кураеў: «Адмоўна стаўлюся. Ініцыятыва Ахлабысьціна вядзе да фармаваньня палітычнага блёку. Калі зараз пачнецца абмеркаваньне „а давайце вернем гэты артыкул у КК“, то гэта будзе азначаць, што імгненна лібэральнае лобі ў прэсе, у Думе і так далей стане на абарону ў тым ліку і царкоўна-герархічных гомасэксуалістаў. Сытуацыя толькі ўскладніцца. Я нічога добрага ад гэтага не чакаю. Ня трэба ставіць недасяжныя мэты. Тым больш зразумела, што напярэдадні Алімпіяды Крамлю гэта зусім не патрэбна».

Радыё Свабода: «Андрэй Вячаслававіч, чым для вас асабіста можа абярнуцца гэтая гісторыя?»
Зразумела, што мая кар’ера скончаная, ну і дзякуй Богу

Андрэй Кураеў: «Ведаеце, я чалавек досыць стары. Пэрспэктывамі горшымі, чым хваравітая старасьць, мяне не напалохаеш. Кар’ерных плянаў у мяне няма. Зразумела, што мая кар’ера скончаная, ну і дзякуй Богу. Зараз я, як дасьведчаны стары лягернік, жыву паводле прынцыпу „Ня вер, ня бойся, не прасі“. Ня вер абяцаньням начальства, ня бойся іхніх пагрозаў і не прасі паблажак і прывілеяў.

Калі нават і буду чымсьці займацца, то як прыватная асоба, свабодны чалавек. Звальненьнем з Акадэміі мне зрабілі вялізны і каштоўны падарунак — „Мне вчера дали свободу, что я с ней делать буду?“».

5 студзеня протадыякан Андрэй Кураеў апублікаваў у сваім блогу ліст ад імя Сяргея Ф., які абвінавачваў эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана ў дамаганьнях і разбэшчваньні маладых сьвятароў і навучэнцаў духоўных установаў. Гэтым запісам Андрэй Кураеў працягнуў выкрываньне «блакітнага лобі» ў РПЦ. 31 сьнежня стала вядома, што Кураева звольнілі з пасады прафэсара Маскоўскай духоўнай акадэміі.

Афіцыйных камэнтароў з Гомельскай эпархіі няма. У неафіцыйнай размове адзін зь яе прадстаўнікоў выказаўся так:

«Гэта нахабная і подлая мана. Пакуль мы ніякіх афіцыйных камэнтароў не дамо. Усё строга будзе выверана з канонамі, бо Кураеў палез туды, куды яму ня варта лезьці. У любым выпадку па канонах царквы „аще кто досадит епископу, да будет проклят“. Гэта адно з правілаў Халкідонскага сабору. Кураеў пра гэта цудоўна ведае. Чалавек фактычна сам сябе адлучыў ад царквы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG