Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны паведамілі, што салдат 5-й асобнай брыгады спэцпрызначэньня ў Мар’інай Горцы, які самавольна пакінуў вайсковую частку, знойдзены. Аднак камэнтаваць гэты інцыдэнт там адмовіліся.

«Ніякіх камэнтароў адносна гэтага жаўнера няма і быць ня можа. Бо гэта не праблема. Знайшлі салдаціка, нікуды ён не падзеўся. У нас у 50 разоў меней на тысячу вайскоўцаў самавольных пакіданьняў часткі, чым у кантрактнай арміі ЗША. Таму гэта не праблема, якой варта надаваць усяленскі скандал. Таму больш ніякіх камэнтароў», — сказаў карэспандэнту Свабоды начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў пашукова-выратавальным атрадзе «Анёл», салдата затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў Чэрвені. А ўцёк ён з войска нібыта з-за пляншэта.

«У яго быў асабісты пляншэт. І нехта з афіцэраў ці сяржантаў убачыў гэты пляншэт падчас службы і забраў яго, паколькі мець яго нельга. Салдат зразумеў, што пляншэт вернуць, калі пойдзе ў звальненьне. Магчыма, гэта яго пакрыўдзіла. Мне цяжка патлумачыць яго дзеяньні. Але ён тлумачыў, што гэта з-за таго, што ў яго забралі пляншэт. Нэрвовы зрыў, нешта накшталт гэтага», — патлумачыў прадстаўнік «Анёла» Сяргей Коўган.

Вайскоўца 5-й асобнай брыгады спэцпрызначэньня Аляксандра Сушчыка, ураджэнца Мазыра, шукалі міліцыя і вайскоўцы. Інфармацыя пра яго зьнікненьне ноччу 3 студзеня зьявілася ў сацыяльных сетках. Там паведамлялася, што салдат зьнік, узяўшы з сабой зброю. Пазьней Міністэрства абароны зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што салдат зьнік са зброяй.
XS
SM
MD
LG