Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэарганізацыя музэя Максіма Багдановіча распачалася


Музэй Максіма Багдановіча

Музэй Максіма Багдановіча

Міністар культуры Барыс Сьвятлоў падпісаў распараджэньне аб рэарганізацыі музэя Максіма Багдановіча ў Менску і ў Гародні. Рашэньне сёлета набыло юрыдычную моц, і ўжо распачаўся працэс рэарганізацыі. Яна праходзіць на фоне грамадзкіх ініцыятыў у абарону музэя.

Загад аб рэарганізацыі музэя Максіма Багдановіча міністар культуры Барыс Сьвятлоў падпісаў сёлета, але дакладнай даты ў міністэрстве не паведамляюць. Удакладняюць толькі, што ўжо 14 студзеня завяршаецца «першы кантрольны этап» рэарганізацыі, якая распачалася з моманту падпісаньня распараджэньня, паведаміў Свабодзе намесьнік кіраўніка ўправы ўстаноў культуры Дзьмітры Шляхцін:

«Рэарганізацыя ідзе ад пачатку прыняцьця рашэньня аб рэарганізацыі. Гэта значыць, што адбываюцца пэўныя мерапрыемствы, прадугледжаныя распараджэньнем міністра: рассылаюцца паведамленьні аб рэарганізацыі розным органам і гэтак далей».

Паводле Дзьмітрыя Шляхціна, Міністэрства юстыцыі ня мае заўвагаў да распараджэньня Мінкульту, як пра тое паведамлялася раней. Таксама міністэрскае распараджэньне не павінен зацьвярджаць і ўрад краіны. Тым часам дырэктарка музэя Тацяна Шэляговіч упэўненая, што рэарганізацыя музэя нанясе яму вялікую шкоду:

«Музэй, увесь вось гэты творчы арганізм, ён будзе пакалечаны, На жаль, даводзіцца гэта канстатаваць. І хоць кажуць, што ай-ай, маўляў, будзеце працаваць, але магчымасьці будуць крыху іншыя. Хоць і цяпер ня самыя лепшыя часы... Ня хочацца верыць і ствараць атмасфэру, што гэта адбылося».

Ператварэньне музэя Максіма Багдановіча ў філію Музэя гісторыі беларускай літаратуры мае адбыцца на тле грамадзкіх ініцыятыў у яго абарону: на заклікі літаратараў і грамадзкіх дзеячоў напрыканцы мінулага году каля будынку праходзілі літаратурныя чытаньні. Іх прадоўжыў інтэрнэт-рэсурс «Зварот», які дапамагае неабыякавым грамадзянам зьвяртацца ў афіцыйныя органы з электроннымі запытамі і пратэстамі. Гаворыць ініцыятар ідэі Ўладзімер Махнач:

«Ідэя такая, што чаму не дапамагчы музэю Максіма Багдановіча і накіраваць зварот у Міністэрства культуры і Савет міністраў, каб грамадзтва ўдзельнічала ў гэтых пытаньнях — наколькі гэта патрэбна, каб рэарганізоўваць музэй і далучаць да іншых устаноў?»

У падтрымку музэя Максіма Багдановіча выступілі таксама акторы Купалаўскага і іншых менскіх тэатраў: яны прачыталі вершы Максіма Багдановіча і разьмясьцілі відэаролік у інтэрнэце. Гаворыць аўтар ідэі, актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка:
Каб дзяржава падтрымлівала на належным узроўні культуру, то як у нас гэтага не было з 1994 году, так і няма, і не прадбачыцца пры гэтым кіраўніцтве

«Пачуў са СМІ, што хочуць рэарганізаваць музэй Максіма Багдановіча. Мне гэта было незразумела, і я падумаў, што магу зрабіць як актор. Што я мог зрабіць — знайсьці аднадумцаў са свайго акторскага атачэньня і пачытаць вершы Максіма Багдановіча. Каб людзі пачулі, што гэта паэзія найвышэйшага гатунку, што яна сягае нябёсаў і яе трэба абараняць».

Сярод удзельнікаў літаратурных чытаньняў у падтрымку музэя Максіма Багдановіча, якія некалькі дзён адбываліся на ганку музэя напрыканцы сьнежня, быў і сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец. Акцыі пратэсту і рашэньне Мінкульту ён пракамэнтаваў гэтак:

«Натуральна, што працэсы ў беларускім грамадзтве мусілі б быць мацнейшымі. Тут шмат залежыць ад пэўных людзей. Варта і трэба было грамадзтву яднацца вакол Максіма Багдановіча і бараніць яго. Што да Міністэрства культуры, то ў мяне ўражаньне, што гэта ідэалягічны аддзел у справах беларушчыны пры адміністрацыі прэзыдэнта. І ягоная асноўная роля — скарачаць выдаткі на сябе самога. Каб дзяржава падтрымлівала на належным узроўні культуру, то як у нас гэтага не было з 1994 году, так і няма, і не прадбачыцца пры гэтым кіраўніцтве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG