Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хуткая дапамога»: сьціплая спроба пратэсту


Машына хуткай дапамогі, архіўнае фота

Машына хуткай дапамогі, архіўнае фота

Супрацоўнікі сталічнай хуткай дапамогі ініцыявалі збор подпісаў пад пэтыцыяй да кіраўніка краіны, міністра аховы здароўя і старшыні Рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя, у якой патрабуюць прыняць Закон аб хуткай мэдычнай дапамозе, палепшыць умовы працы, павялічыць заробкі.

Пад пэтыцыяй у інтэрнэце падпісалася больш за 5 тысяч чалавек з усёй краіны, але 7 студзеня электронны збор подпісаў быў спынены.

Подпісы пад пэтыцыяй мэдыкі хуткай дапамогі пачалі зьбіраць яшчэ 24 сьнежня. Чаму збор подпісаў спынены, аўтар тэксту пэтыцыі Аляксей Іпатаў не патлумачыў, толькі падзякаваў усім падпісантам.

На сталічных падстанцыях хуткай дапамогі Менску подпісы працягваюць зьбіраць. Высокія чыноўнікі пра гэта ведаюць.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра сталай камісіі па ахове здароўя Дзьмітры Шаўцоў, у нядаўнім мінулым галоўны лекар адной са сталічных паліклінік, пацьвердзіў, што ў курсе праблемы:

«Мы ж усе добра ведаем, што прэстыж прафэсіі лекара вельмі нізкі, ня той, які б хацелася мець. Таму тое, што лекары хуткай дапамогі ўздымаюць праблему нізкай заработнай платы, нястачы кадраў, — гэта насамрэч існуе, і ніхто гэтага не замоўчвае. Ніхто нічога не выдумляе».

Тым часам першы намесьнік старшыні Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч у інтэрвію агенцтву «Минск-новости» паведаміў, што ў 2014 годзе зь бюджэту Менску на павышэньне заработнай платы мэдычным работнікам хуткай дапамогі выдзелена 7,1 мільярда рублёў. А сярэдняя заработная плата па ўстанове аховы здароўя «Гарадзкая станцыя хуткай мэдычнай дапамогі» ў дактароў (пры працы на 1,5 стаўкі) — больш за 7 мільёнаў рублёў, у сярэдняга мэдпэрсаналу — 4,8 мільёна. Але калі сталічныя мэдыкі, каб зарабіць, маюць магчымасьць працаваць на паўтары стаўкі (хоць і прызнаюцца, што гэта вельмі цяжка), у рэгіёнах такой магчымасьці часьцяком няма. Андрыян Чарняўскі 23 гады працуе фэльчарам на хуткай у Крупках:

«Суткамі працуем, і па 12 гадзін працуем. Вядома, справа ў аплаце. Хацелася б атрымліваць болей. Бо ў нас нічога ня схопіш, у нас голая стаўка. Калі хтосьці сыходзіць у адпачынак, тады дзяжурствы лішнія кожнаму выпадаюць. Так што ў нас асабліва не заробіш».
Суткамі працуем, і па 12 гадзін працуем. Вядома, справа ў аплаце. Хацелася б атрымліваць болей

У многіх беларускіх райцэнтрах, у адрозьненьне ад вялікіх гарадоў, у брыгадах хуткай дапамогі дактароў наагул няма, працуюць адны фэльчары:

«Крупкі — горад, а дактароў на хуткай дапамозе няма, рэанімацыйных брыгадаў няма і не было — я 23 гады працую. Паўсюль толькі фэльчарскія брыгады: у Жодзіне, у Смалявічах, у Новалукомлі, ва ўсіх гарадах з такой колькасьцю насельніцтва. Вядома, было б ідэальна, каб два фэльчары прыехалі на выклік і кантралявалі стан хворага, а не цягалі б самі насілкі. Санітар бы не зашкодзіў...»

Фэльчар з Крупак Андрыян Чарняўскі пагаджаецца, што нагрузка ў сталічных мэдыкаў большая, выклікаў больш, але іхнія скаргі падзяляе не заўсёды:

«Я чытаў на сайце ліст, там бедалагі зь Менску, выходзіць, настолькі „забітыя“ працай, што яны ўдваіх ня могуць рэанімацыю аказваць, ім патрэбны трэці чалавек! Маўляў, адзін штучную вэнтыляцыю лёгкіх робіць, другі — масаж, ім патрэбны трэці, каб да вены падкалоцца. Гэта непрафэсійна. У нас стандарты аказаньня дапамогі аднолькавыя — што да фэльчара, што да доктара».

Як запэўніваюць мэдыкі, што працуюць на хуткай дапамозе, страйкаваць яны не зьбіраюцца, усё яшчэ спадзяюцца на мірнае вырашэньне праблемаў. Мы спрабавалі зьвязацца з кіраўніком Рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Робэртам Часнойцем, але ягоная сакратарка спаслалася на няісную норму Закону аб СМІ — быццам бы паводле гэтага закону кіраўніцтва ня мае права даваць камэнтары праз тэлефон, а толькі пісьмова на пісьмовы запыт. Астатнія чыноўнікі таксама пакуль маўчаць. 8 студзеня а 14-й гадзіне ўсё кіраўніцтва Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі тэрмінова выклікалі на нараду ў Камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкаму.
XS
SM
MD
LG