Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Варламаў пра свой Віртуальны дом моды: Меншыя кошты, болей кліентаў


Мадэльер Саша Варламаў расказвае «Свабодзе», як засвоіў інтэрнэт і стварыў віртуальны дом моды — як месца сустрэчы і камунікацыі паміж дызайнэрамі і кліентамі.

Ганна Соўсь: Саша, за некалькі апошніх месяцаў вам удалося стварыць Віртуальны дом моды Сашы Варламава. Як сама ідэя ўзьнікла, і як працуе гэты дом?

Саша Варламаў: Найвялікшая праблема сёньня — гэта грошы. Часта даводзіцца падвышаць кошты паслугаў дызайнэраў, паколькі вялікія грошы ідуць на ўтрыманьне штату, прыбіральшчыц, адміністрацыі, арэнду, камунальныя паслугі. Гэта вялікія грошы, якія сёньня і знайсьці ня проста, таму віртуальная прастора — гэта адзіная прастора, якая дазваляе абвясьціць пра каманду Дому моды, пра тое, чые рукі будуць шыць, хто будзе тканіны выбіраць, хто будзе кансультаваць наконт фасонаў...

У віртуальнай прасторы ня трэба прызначаць дадатковыя сустрэчы, шукаць дадатковыя месцы, усё атрымліваецца даволі мабільна. Проста дамаўляесься з чалавекам, сустракаесься ў краме тканінаў альбо майстэрні, дзе непасрэдна адзеньне шыецца. Прапускаецца вялікі цыкль утрыманьня вялікага салёну з абслугай і гэтак далей. Гэта значна таньней, асабліва, калі працуеш з маладымі дызайнэрамі. Зразумела, што яны ня могуць і не павінны прадаваць свае рэчы вельмі дорага, яны ня могуць супернічаць зь вядомымі, прасунутымі маркамі, якія каштуюць дорага. Гэта неабгрунтавана. Таму трэба рабіць кошт як мага меншым, тады і кліентаў будзе болей. Першапачаткова для дызайнэра важна, каб у прынцыпе яго насілі, куплялі, на яго зьвярталі ўвагу, каб яго імя было на слыху.

Соўсь: Так у віртуальным доме моды адзеньне можна замовіць і ў вас, і ў маладых дызайнэраў?

Варламаў: У любым выпадку гэта ўсё атрымліваецца праз мяне, таму што дызайнэрам вельмі хочацца ведаць маё меркаваньне, мой досьвед, мае прыёмы. Прымерка, выбар тканіны, увесь тэхнічны працэс стварэньня адзеньня — усё адбываецца з маім удзелам, дызайнэр глядзіць, слухае, робіць прымерку ў маёй прысутнасьці. Я магу даць пэўныя рэкамэндацыі, парады, як лепей зрабіць. Калі ў дызайнэра зьяўляецца цікавая ідэя, я магу падказаць, як яе ўвасобіць, таму што тэхнічна я ведаю, як гэта робіцца. Атрымліваецца такі прадуктыўны сымбіёз, калі я выступаю ў якасьці кансультанта, трэнэра. Дызайнэр выконвае мадэль, разам з тым гэта для яго пэрыяд вучнёўства ў дызайнэра, ён засвойвае некаторыя прыёмы майстэрства, якія былі яшчэ ў ХХ стагодзьдзі. Я пасьпеў гэта захапіць, бо я ў модзе недзе з 1980-х гадоў. Мне давялося вучыцца ў такіх вядомых людзей, як Іна Булгакава, Ірына Емяльянава, Тамара Рудзіцэр, Жана Баравец, і я магу шмат перадаць са свайго досьведу...

Фота парталу diva.by

Фота парталу diva.by



Соўсь: У чым перавагі віртуальнага дому моды над звычайным?

Варламаў: Кліенту загадзя можна пабачыць працы дызайнэра, пазнаёміцца з майстрам, прачытаць, якая ў яго адукацыя, досьвед, стыль, нават паўтарыць нешта з таго, што ён зрабіў. Мяне, напрыклад, прасілі, ці можна пашыць тую самую мадэль, што была раней, але большага памеру, бо ў павялічыўся памер у кліента. Пачынаеш перапіску, просіць даслаць фатаграфіі, і чалавек дакладна ведае, што яму сшыюць, і што атрымаецца. Уся працэдура адбываецца віртуальна, у кампутары, праз Фэйсбук ці скайп.

Соўсь: Колькі дызайнэраў у вас ужо у віртуальным штаце?

Варламаў: Пра штат казаць нельга. Гэта каманда, якой я ганаруся. У дызайнэраў і сёньня ўжо ёсьць імёны, на іх ёсьць чарга на некалькі месяцаў, але ім цікава папрацаваць са мной у камандзе. Калі яны закончылі інстытут, далей былі ў «Млыне моды», то мы кантактавалі. Калі «Млын моды» скончыўся, кантактаў прафэсійных практычна ня стала, кожны сядзіць у сваім кутку і думае, як бы што прыдумаць. Фантазіі ў гэтым узросьце дастаткова, а вось тэхнічнае ўвасабленьне дастаткова складанае. І вось тады я зьвярнуўся да вядомых людзей: «Давайце працаваць разам». Яны чакалі гэтага звароту. Калі мы пачнем больш актыўна дзейнічаць, тады можна будзе дапаўняць і пашыраць каманду.

Соўсь: Можна ўжо імёны назваць?

Варламаў: Канечне. Гэта Людміла Лабкова, Сьвятлана Гнедзянок, Алена Феранчук, Тацяна Марыніч, Апці Эзіеў і многія іншыя. Гэта спосаб перадачы досьведу. Я ў прынцыпе не магу быць мастацкім кіраўніком, мне забаронена два гады працаваць, я выступаю ў якасьці кансультанта і за гэта грошай не бяру. Атрымліваецца, што і мой досьвед выкарыстаны, і дызайнэр атрымлівае дапамогу, і кліент задаволены, бо ёсьць магчымасьць паглядзець на адзеньне не двума, а чатырма вачыма.

Соўсь: Ці можна так сказаць, што пасьля зьняволеньня, калі вы выйшлі ў інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі, ваша жыцьцё дзякуючы гэтаму зьмянілася ў лепшы бок і сучасныя тэхналёгіі падказалі вам новы спосаб працы і творчасьці?

Варламаў: Безумоўна. Раней я кампутарам не валодаў, мне давялося засвоіць новыя тэхнічныя моманты, і дзякуючы гэтаму да мяне могуць зьвярнуцца практычна зь любой краіны сьвету. Любыя пытаньні вырашаюцца ў віртуальнай прасторы. І самае галоўнае, што за гэта плаціць ня трэба. Калі сёньня кітайская прадукцыя моцна выходзіць на рынак і практычна Эўропу «зьела», то трэба, каб нашая прадукцыя была таньнейшай.

Соўсь: Як раз хацела запытацца пра цэны ў віртуальным доме моды, наколькі яны даступныя?

Варламаў: Я пераконваю маладых дызайнэраў рабіць як мага меншым кошт, паколькі сёньня важна, каб людзі аддавалі перавагу дызайнэрскай вопратцы. Яна будзе ня настолькі дарагой, як П’ер Кардэн ці Крыстыян Дыёр, там імя дзесяцігодзьдзямі напрацоўвалі. Трэба працаваць, нельга проста сядзець: адну майку сшыў і жывеш паўгода на гэта. Гэта ў мінулым стагодзьдзі засталося. Сёньня трэба займацца індывідуальным пашывам, гэта адзінае, што можа нейкім чынам супрацьстаяць масаваму адзеньню з Кітаю, Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Напрыклад, там сабекошт джынсаў — 2 даляры, а калі іх прадаюць за 100, зразумела, што 98 даляраў — гэта паветра, камунальныя паслугі, транспарціроўка і гэтак далей. Таму маладому дызайнэру, каб выжыць як прафэсіяналу, каб выстаяць у канкурэнцыі, трэба займацца індывідуальным пашывам для людзей, якія ня хочуць насіць масавае адзеньне, купленае ў крамах стандартных цэнаў і памераў.

Соўсь: У свой час вы шылі адзеньне для многіх вядомых людзей. Хто цяпер сярод вашых кліентаў і кліентаў маладых дызайнэраў, якіх вы патрануеце?

Варламаў: Гэтыя і новыя, і старыя кліенты. Некаторыя даўно мяне ведалі, але яны проста не карысталіся маімі паслугамі, таму што я быў моцна заняты арганізацыяй «Млына моды». А цяпер я свабодны ад гэтых рэчаў і таму магу сьмела і цалкам займацца прафэсійным кансультаваньнем кліентаў і маладых дызайнэраў.

Соўсь: На вуліцах Прагі можна адразу пазнаць па адзеньні пераважную большасьць жыхароў постсавецкай прасторы. Жанчыны будуць абавязкова на высокіх абцасах, з празьмернай касмэтыкай, будзе футра, яркія колеры, і шмат чаго іншага. Эўрапейцы збольшага выбіраюць менш прыкметнае і больш практычнае адзеньне. Як фармуюцца густы масавай публікі?

У Расеі заўсёды было імітаваньне. Зразумела, што ўся модная індустрыя Эўропы працуе на расейскі рынак, расейцы прыяжджаюць і скупляюць ўсе крамы Вены і Бэрліну
Варламаў: Час возьме сваё, і тое, што цяпер жанчына ў меншай ступені думае пра сваё здароўе, а больш думае пра зьнешні выгляд, усё гэта пройдзе. І як і эўрапейскія жанчыны, нашыя стануць насіць больш практычнае адзеньне, якое ім зручнае. Ім хочацца неяк вылучыцца, а больш як на працу надзець яго і няма куды, таму што ўвечары збольшага дома сядзяць, а тусавацца дорага. Таму жанчыны і імкнуцца ў дзённы час выглядаць так, нібыта яны ўвечары жывуць. Гэты час пройдзе. Так было і ў Польшчы, у краінах Балтыі, але зьмянілася ўсё. І асабліва старацца ня трэба, жыцьцё расставіць усё на свае месцы.

Соўсь: На вашую думку, ёсьць розьніца ў тым, як адзяваюцца беларусы і расейцы?

Варламаў: У Расеі заўсёды было імітаваньне. Зразумела, што ўся модная індустрыя Эўропы працуе на расейскі рынак, расейцы прыяжджаюць і скупляюць ўсе крамы Вены і Бэрліну. Гэта заўсёды было, і ня ведаю, калі расейцы спыняць скупляць і пераймаць. Гэта зьвязана з тым, што ў Расеі ня так прывыклі да дызайнэрскага адзеньня, як у Беларусі. У Беларусі таксама такое было ў 90-я гады. За 20 гадоў ўдалося прышчапіць крыху цікавасьці да дызайнэрскай моды.

Соўсь: Як слухачам і наведнікам сайту Свабоды замовіць у вас напрыклад, сукенку?

Варламаў: Для пачатку можна патэлефанаваць (+375 44) 704 00 01). Я адказваю на ўсе званкі, прызначаю віртуальную сустрэчу, пачынаем перапісвацца ў скайпе (sashavarlamov), ці фэйсбуку, а потым ужо накіроўваем ў краму тканінаў, або свае тканіны можна прынесьці. Дызайнэры часам свае тканіны маюць, кожны раз па-рознаму працуе... Трэба проста зьвярнуцца.


Мадэльер Саша Варламаў два гады правёў за кратамі паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах і быў вызвалены ў залі суду летась у ліпені. Ён быў дырэктарам «Агенцтва моды Сашы Варламава», мастацкім кіраўніком цэнтру сучаснага стылю і моды Universum models упраўлення па справах культуры БДУ, намесьнікам старшыні аргкамітэту фэстывалю-конкурсу «Млын моды» і начальнікам Цэнтру маладзёжнай моды БДУ.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG