Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заступіцца за музэй Багдановіча можа кожны. Праз інтэрнэт


Музэй Максіма Багдановіча
Музэй Максіма Багдановіча

У сеціве зьявіўся рэсурс для абароны музэя Багдановіча ад плянаванай рэарганізацыі.

«Арт Сядзіба» сумесна з сэрвісам онлайн-зваротаў у дзяржаўныя органы Беларусі «Zvarot.by» прапануюць падтрымаць ініцыятыву супраць рэарганізацыі літаратурнага музэя Максіма Багдановіча.

Праз сэрвіс, які рэсурс «Zvarot.by» разьмясьціў на сайце «Арт Сядзібы», кожны ахвотны можа адправіць падрыхтаваны зварот аб спыненьні дзеяньняў, накіраваных на рэарганізацыю музэя Максіма Багдановіча, у Міністэрства культуры і Савет міністраў Рэспублікі Беларусь. Трэба толькі запоўніць форму і націснуць «Адаслаць». Зварот прыйдзе на электронныя адрасы Міністэрства культуры і Савету Міністраў.

«Zvarot.by» — гэта першы ў краіне сэрвіс онлайн-зваротаў у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь. Яго база налічвае больш за 600 дзяржаўных органаў па ўсёй краіне. Тут зьмешчаны органы ЖКГ, міліцыі, адукацыі, аховы здароўя ды іншыя. Формы, празь якія адбываецца сувязь зь дзяржаўнымі органамі, адпавядаюць патрабаваньням да зваротаў, якія прадугледжаныя законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

Сэрвіс таксама задавальняе патрэбы ініцыятыўных групаў і арганізацыяў, якія падтрымліваюць грамадзкія інтарэсы, ладзячы кампаніі онлайн-зваротаў.

Ёсьць магчымасьць падтрымаць музэй Багдановіча і па-за сецівам.

10 студзеня ў «Арт Сядзібе» пройдзе літаратурна-музычная імпрэза, у якой возьмуць удзел дзеячы кампаніі супраць рэарганізацыі літаратурнага музэя Максіма Багдановіча, вядомыя літаратары і музыкі.

На ёй выступяць прадстаўнікі рэсурсу «Zvarot.by», якія прэзэнтуюць сэрвіс, распавядуць пра ягоную працу ды магчымасьці, а таксама падзеляцца папярэднімі статыстычнымі вынікамі кампаніі.

А стваральнікі літаратурнага відэапраекту «Litara-A» Павал Доўнар і Дзяніс Бурко прэзэнтуюць відэачытаньні вершаў Максіма Багдановіча і пачытаюць ягоныя творы ўжывую.

Арганізатары раяць усім удзельнікам таксама вывучыць некалькі вершаў Максіма Багдановіча. Будзе магчымасьць прачытаць іх перад публікай і дамовіцца на здымкі для «Litara-A».

Чакаецца акустычны выступ гурту «Hurma». Пачатак у 18:00. Адрас «Арт Сядзібы»: Інструмэнтальны завулак, д. 6, 1 паверх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG