Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Financial Times: Спробы Пуціна аднавіць СССР бясплённыя


Калі верыць Уладзіміру Пуціну, Эўразійскі саюз стане «сямейнай справай» дзяржаваў-аднадумцаў. Аднак у Эўропе асьцерагаюцца, што за брацкай рыторыкай Масквы хаваецца злавесная праўда: Крэмль спрабуе адрадзіць СССР і аднавіць халодную вайну, гаворыцца ў артыкуле старэйшага навуковага супрацоўніка Маскоўскага цэнтру Карнэгі Ліліі Шаўцовай, апублікаваным у The Financial Times.

«Калі Пуцін сапраўды паставіў такія мэты, то пра яго матывы можна толькі здагадвацца, — цытуе аўтара партал Inopressa. — Магчыма, наступнік Барыса Ельцына, пры якім савецкая дзяржава падзялілася, хоча застацца ў гісторыі як лідэр, які ўзьяднаў яе».

Цяпер Расея, Казахстан і Беларусь уваходзяць у Мытны саюз, але гэта толькі пачатак, працягвае Шаўцова: да 2015 года яны аб’яднаюцца ў Эўразійскі саюз. Новая структура ўсьлед за ЭЗ будзе паўтараць мантру аб інтэграцыі і скапіюе контуры эўрапейскіх інстытутаў. Аднак з формай будучага саюзу яшчэ шмат у чым трэба будзе вызначыцца. Масква вылучыла ідэю наддзяржаўных палітычных структураў, што азначала б частковую страту незалежнасьці. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўжо неяк заўважыў, што «сувэрэнітэт не ікона, на якую трэба маліцца». Кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў, наадварот, лічыць, што хопіць і эканамічнай інтэграцыі.

Яшчэ адзін пункт разыходжаньня — ці змогуць краіны, якія падпісалі пуцінскі пакт, «прымаць заляцаньні» іншых краін. Рашучасьць, зь якой Крэмль перашкодзіў Украіне падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, кажа аб тым, што Пуцін разглядае свой э​ўразійскі праект як альтэрнатыву Адзінай Эўропе. «Гэта ня дзіўна: расейскае эўразійства, якое сягае каранямі ў пачатак XX стагодзьдзя, заўсёды было варожым у адносінах да Эўропы і Захаду, — нагадвае Шаўцова. — Сёньня расейскія эліты бачаць у эўразійскай ідэі апраўданьне для аднаўленьня савецкага сусьвету пад эгідай Расеі, няхай і ў падрэзаным выглядзе і без камуністычнай дактрыны».

Пуцін ня здолеў бы зайсьці так далёка, калі б ягоны плян ня быў падмацаваны расейскай фінансавай моцай, падкрэсьлівае палітоляг. Паводле падлікаў аналітыкаў, падтрымка рэжыму Лукашэнкі абыходзіцца Расеі ў 7-12 млрд. даляраў на год, а за згоду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча на «шлюб» з Расеяй Масква выклала 15 млрд. даляраў і паабяцала зьнізіць цэны на газ.

Аднак расейскі бюджэт здольны вытрымаць толькі абмежаваную колькасьць падобных хабараў. Да таго ж недахоп грошай — не адзіная перашкода: ва Ўкраіне і ў Беларусі залежнасьць ад Расеі супярэчыць шырокім нацыяналістычным настроям, адзначаецца ў публікацыі. Дый расейцам неўзабаве можа надакучыць плаціць за імпэрскія комплексы сваіх элітаў.

«Эўразійскі праект — гэта міраж постсавецкага архіпэлягу, у якім аўтарытарныя лідэры выкарыстоўваюць адзін аднаго, каб даўжэй утрымацца ва ўладзе. Гэта будзе доўжыцца яшчэ нейкі час, але ўжо хутка імпэрскім амбіцыям Пуціна прыйдзе канец», — прадказвае Шаўцова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG