Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя абяцае сфармаваць «каманду перамогі»


Арсень Яцанюк, Алег Цягнібок і Віталь Клічко, архіўнае фота

Арсень Яцанюк, Алег Цягнібок і Віталь Клічко, архіўнае фота

Кіраўнік фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк заявіў з трыбуны Эўрамайдана ў Кіеве, што паміж апазыцыйнымі палітыкамі «будзе адзінства», і апазыцыя ў «самыя кароткія тэрміны» створыць «адзіную праўкраінскую, праэўрапейскую каманду, каманду ўкраінскай перамогі», якая павінна перамагчы на выбарах прэзыдэнта.

Паводле слоў Яцанюка, апазыцыя просіць у Майдана «трошкі цярпеньня і мудрасьці», каб стварыць такую каманду:

«Найменш важна, хто будзе ў якім крэсьле сядзець. Самае важнае — што будзе пасьля таго, калі наша адзіная каманда выйграе гэтыя выбары. А мы ж разам іх выйграем», — сказаў Яцанюк.

Разам зь ім на Майдане выступіў і лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок.

Раней Яцанюк заяўляў, што абвяшчаць адзінага апазыцыйнага кандыдата ў першым туры выбараў прэзыдэнта азначае «выстаўляць мішэнь, якую зьнішчаць яшчэ да выбараў» , і што ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў будуць удзельнічаць лідэры ўсіх трох апазыцыйных палітычных сіл.

Затое лідэр партыі «ЎДАР» Віталь Клічко, выступаючы на Майдане, у чарговы раз заявіў, што для пераканаўчай перамогі над цяперашнім прэзыдэнтам Віктарам Януковічам «няма іншага шляху, акрамя вылучэньня адзінага кандыдата ўжо ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў», паведаміла прэсавая служба ягонай партыі.

Раней ён ужо ня раз заяўляў, што ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах павінен быць толькі адзін кандыдат. Таксама Клічко шмат разоў казаў, што абавязкова сам будзе балятавацца на гэтых выбарах.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG