Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Амэрыку прыйшла суворая беларуская зіма, — сьвятар у ЗША


Праваслаўны сьвятар-беларус з Кліўлэнду Зьміцер Беленькі расказаў Радыё Свабода, як адзначалі Раство Хрыстова ва ўмовах найвялікшых за апошнія дзесяцігодзьдзі маразоў у ЗША.

Як кажа айцец Зьміцер Беленькі, у Кліўлэндзе на Раство было -11 градусаў паводле Фарэнгайту (прыкладна -24 паводле Цэльсію), але нязвычны для гэтых мясьцінаў мароз не спыніў вернікаў.

«Гэтае сьвята адно з галоўных для ўсіх хрысьціянаў, і вельмі важна ўдзельнічаць у набажэнствах, таму сёньня службы адбываліся ва ўсіх праваслаўных храмах у Кліўлэндзе. Я ня ведаю ніводнага храму, які б сёньня адмяніў службы. Мушу зазначыць, што некаторыя старэйшыя людзі не рызыкавалі ехаць у царкву, але гэтыя людзі ўсё роўна ўдзельнічалі, бо цяпер ёсьць інтэрнэт-трансьляцыі і радыётрансьляцыі богаслужбаў. Нават калі яны фізычна не прысутнічалі ў царкве, яны слухалі набажэнствы, якія лякальна тут трансьляваліся.

За мае сямнаццаць год у Кліўлэндзе я ўпершыню адчуў зіму, якая неяк нагадвае тую, да якой я прызвычаіўся, калі гадаваўся ў Беларусі. Мароз сапраўды браўся за рукі і за твар».

А наколькі гэты мароз спаралізаваў жыцьцё гораду?

«Школы былі зачыненыя і ў панядзелак, і ў аўторак, і гэта атрымалася ў нечым добра для нас, бо мы сёньня сьвяткуем, а звычайна праваслаўныя дзеці ў гэты дзень не ідуць у школу.

Калі казаць пра адмоўныя моманты, дык у суседнім мястэчку былі праблемы з прыродным газам, там 24 гадзіны не было газу – складана было з гатаваньнем ежы, не было гарачай вады. Але безумоўна адразу ж адрываюцца нейкія цэнтры па дапамозе гэтым людзям. Мясцовыя спартовыя і культурныя цэнтры адкрываюць свае дзьверы, людзі могуць туды ісьці, быць там увесь час, і робіцца ўсё, каб яны маглі гэта перажыць як мага лягчэй».
XS
SM
MD
LG