Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раство ў Петрапаўлаўскай царкве: «Толькі вера ратуе нас і больш нішто»


Вернікі ў царкве
Вернікі ў царкве

Сьвяточныя службы ў менскіх цэрквах праходзілі практычна усю ноч і працягнуліся ранішнімі літургіямі.

Нараджэньне Хрыстовае — адно з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў — адзначае Беларуская праваслаўная царква. Упершыню гэтае сьвята вернікі і духавенства сустракаюць з новапрызначаным мітрапалітам Паўлам.

Сьвяточныя службы ў менскіх цэрквах праходзілі практычна усю ноч і працягнуліся ранішнімі літургіямі. У Сьвята-духавым катэдральным саборы галоўную малітву ўпершыню ўзначальваў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал. Але для беларускага духавенства і вернікаў галоўным усё ж застаецца самое сьвята, кажа айцец царквы Пятра і Паўла Андрыян Латушка:

«Зьмена арцыпастыра — гэта працэс натуральны і звычайны. Бачыце, як ён адбываўся — вельмі тактоўна, безь якіх-небудзь сур’ёзных зьменаў. Мы пакуль што ня ведаем уладыку, таму нашыя адносіны пакуль ніяк ня склаліся, але спадзяёмся, што зьмены ўсё ж адбудуцца. Бо ўладыка маладзейшы, мае больш сілаў, вялікі досьвед працы, у тым ліку за мяжой. Вядома, спадзяёмся на лепшае. Але ўсё гэта ніяк не ўплывае на сьвята Нараджэньня Хрыстовае — сьвята як было, так і засталося».

Тым часам вернікі і самыя розныя людзі працягвалі ісьці ў цэрквы цягам усяго сьвяточнага дня. Гутару з наведнікамі менскай Петрапаўлаўскай царквы:

Карэспандэнтка: Вы сёньня ўжо былі на якой-небудзь службе ці яшчэ будзеце?

Спадарыня: Не, на службе мы не былі, але прыйшлі сьвечкі паставіць.

Спадарыня: Замовілі службы за супакой, за здароўе.

Спадарыня: Сьвята — дома накрываем сьвяточны стол, каб абавязкова каўбасы былі.

Карэспандэнтка: Ёсьць?

Спадарыня: Ёсьць, ёсьць — самі рабілі. І гэтак сьвяткуем.

Карэспандэнтка: Як вы сьвяткуеце Нараджэньне Хрыстовае, Каляды?

Юначка: Рэч у тым, што я не сьвяткую, бо ня веру ў Бога.

Карэспандэнтка: У царкве тады чаму?

Юначка: Зь сяброўкай. Мае бацькі сьвяткуюць, але я — не. Так склалася.

Карэспандэнтка: А для вас гэта сьвята?

Юначка: Так, для мяне Нараджэньне Хрыстовае — гэта, як Новы год. Вось прыйшла, паставіла сьвечку, бо для мяне гэта сапраўды сьвята

Карэспандэнтка: Надвор’е не каляднае, а настрой калядны?

Спадарыня: Настрой цудоўны.

Спадарыня: Сёньня ішлі тут побач і не змаглі не зайсьці ў такі дзень. Паставілі сьвечку — вельмі прыемна такое цудоўнае сьвята сьвяткаваць.

Карэспандэнтка: Так сталася, што ў царкве найчасьцей можна спаткаць жанчын, мужчын спаткаеш рэдка. Вось спаткала вас — вы тут якім чынам — зь сям’ёй за кампанію ці паводле ўласнай ініцыятывы?

Спадар: Вядома, паводле ўласнай волі. Заўсёды хаджу, жонка мая таксама чалавек, які верыць.

Карэспандэнтка: Паўплывала на вашую веру?

Спадар: Так, яна і выратавала мяне.

Карэспандэнтка: Духоўна, фізычна?

Спадар: І духоўна, і фізычна. Вы ж ведаеце, што зараз шмат моладзі пераймае такія заганныя звычкі, як нарокотыкі. Мяне гэта таксама не абмінула. А вось зараз дзякуй Богу, маю сям’ю, гадую з жонкай дзяцей.

Карэспандэнтка: Як вы лічыце, вера ў Бога дапамагла вам?

Спадар: Мы толькі вераю і жывем. Толькі вера ратуе нас і больш нішто.

Карэспандэнтка: Як сьвяткуеце?

Спадар: Вельмі добра. Гэта нашыя адзіныя сьвяты — Нараджэньне Хрыстовае і Уваскрашэньне Хрыста.

Карэспандэнтка: Што пажадалі бы людзям?

Спадар: Веры, веры, толькі веры. Вера дасьць ім усё — здароўе і духоўнае, і фізычнае. Ратуй вас Божа.

Айцец Андрыян Латушка кажа, што ў сьвяточныя дні ў царкве асабліва шмат людзей, многія зь якіх робяць толькі першыя крокі да Бога:

«Людзей сапраўды шмат, асабліва людзей, якія рэдка бываюць у храме — толькі ў вялікія сьвяты, як Нараджэньне Хрыстовае. І пытаньне — растлумачыць, распавесьці — стаіць вельмі востра. Людзі шмат пытаюцца: і як сустракаць сьвята, і як паводзіцца ў царкве, і шмат што. Але гэта вельмі прыемна і радасна людзям гэта распавядаць. І хачу пажадаць, каб нараджэньне Хрыста, якое мы сьвяткуем ужо 2014 разоў, каб яно адбывалася найперш у сэрцах людзей. Неабходна, каб Хрыстос нарадзіўся ў нашым сэрцы, каб зьявілася гэтая любоў. І тады мы зможам прайсьці гэты жыцьцёвы шлях больш годна і правільна. І таму я хацеў бы пажадаць, каб у гэтыя дні, у якія мы сьвяткуем нараджэньне немаўляці, нараджэньне збаўцы, каб Хрыстос нарадзіўся ў нашым сэрцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG