Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргіскі муфцій сышоў з пасады праз сэкс-скандал


Галоўны муфцій Кіргізстану Рахматула-Хаджы Эгембердыеў

Галоўны муфцій Кіргізстану Рахматула-Хаджы Эгембердыеў

Галоўны муфцій Кіргізстану Рахматула-Хаджы Эгембердыеў падаў у адстаўку ў сувязі са скандалам вакол відэа сэксуальнага зьместу.

Эгембердыеў паведаміў Радыё Свабода, што ў аўторак ён асабіста падаў прашэньне аб адстаўцы Радзе рэлігійных старэйшынаў.

Адстаўка адбылася пасьля таго, як напярэдадні Новага Году ў інтэрнэце зьявілася відэа, на якім Эгембердыеў займаецца сэксам з маладой жанчынай. Муфцій патлумачыў, што гэта ягоная другая жонка, зь якой ён ўзяў шлюб паводле мусульманскай цырымоніі.

Паводле кіргіскіх законаў, шматжонства не дазволенае, але сярод мужчынаў даволі пашырана, калі акрамя афіцыйнага грамадзянскага шлюбу яны маюць дадатковых жонак, пабраўшыся мусульманскім шлюбам.

Рада рэлігійных старэйшынаў прыняла адстаўку Эгембердыева і прызначыла выканаўцам абавязкаў яго намесьніка, Максата Тактамушава. Эгембердыеў — ужо шосты галоўны кіргіскі муфцій, які са скандалам пакідае сваю пасаду за апошнія чатыры гады. Яго абралі на пяцігадовы тэрмін у сьнежні 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG