Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўстагодзьдзя таму самай частай прычынай сьмерці людзей былі хваробы сэрца. Сёньня рак, як галоўная прычына сьмерці, пачынае абганяць хваробы сэрца. Ці гэта азначае, што чалавецтва прайграе змаганьне з ракам?

Нічога падобнага — так лічыць былы рэдактар The New York Times Джордж Джонсан, аўтар кніжкі «Хронікі раку».

Рак, аргумэнтуе Джонсан у сваім артыкуле ў The New York Times, зьяўляецца значна болей складанай праблемай, чым недамаганьні сардэчна-сасудзістай сыстэмы.

«Рак — гэта стан, глыбока ўкаранёны ў характары эвалюцыі і мнагаклетачных арганізмаў. Калі мець гэта на ўвазе, дык можна сказаць, што дасьледнікі раку у змозе змагацца з ракам і нават перамагаць у меншых бітвах: зьніжэньні сьмяротнасьці ад ракавых захворваньняў сярод дзяцей і прадухіленьні — а часам і лячэньні — раку людзей у росквіце сіл. Але калі справа даходзіць да хваробаў пажылых людзей, там ня можа быць рашучай перамогі. Гэта, у рэшце, гульня з нулявой сумай» — кажа Джордж Джонсан.

Чаму?

«Звычайная рыторыка пра вайну з ракам кажа, што пры наяўнасьці дастатковай колькасьці грошай і рашучасьці навука можа зьнізіць сьмяротнасьць ад раку так рэзка, як у выпадку іншых сьмяротных хваробаў. Калі так, дык ад чаго б мы паміралі? Хваробы сэрца і рак зьяўляюцца ў першую чаргу хваробамі старэньня. Калі менш людзей памірае ад першай хваробы, гэта азначае, што тыя, якія дажывуць да старасьці, мусяць памерці ад другой» — лічыць амэрыканскі журналіст.

І ён працягвае:

З узростам людзей клеткі назапашваюць штораз больш патэнцыяльна ракавых мутацый. Значыць, у канчатковым выніку заб’е вас рак, калі вы да таго часу не памрэце ад нечага іншага
«Для найстарэйшых сярод нас рызыка сьмерці ад адной з гэтых дзьвюх сьмяротных хваробаў прыблізна роўная. Але ёсьць падставы меркаваць, што рак будзе мацней супраціўляцца, што тычыцца яго вылечваньня. Гэта ня столькі хвароба, як зьява — вынік асноўнага эвалюцыйнага кампрамісу. У меру таго, як наша цела расьце і разьвіваецца, яго клеткі пастаянна дзеляцца, капіруючы свой код ДНК — велізарную генэтычную бібліятэку — і перадачы яго даччыным клеткам. Яны, у сваю чаргу, перадаць яго сваім нашчадкам: копіі перадаюцца копіям, каб ствараць новыя копіі. На гэтым шляху памылкі непазьбежныя. Некаторыя зь іх выкліканыя канцэрагеннымі рэчывамі, але большасьць зь іх — гэта выпадковыя памылкі друку. На працягу усёй гісторыі свайго разьвіцьця клеткі распрацавалі складаныя мэханізмы, якія выяўляюць і ліквідуюць многія з такіх памылак. Але працэс не зьяўляецца дасканалым, і ён такім ня можа быць. Бо ж мутацыі зьяўляюцца рухавіком эвалюцыі. Бязь іх мы б ніколі не разьвіваліся. Кампраміс эвалюцыі палягае ў тым, што раз на нейкі час пэўна клетка атрымлівае зашмат энэргіі і пачынае разьвівацца незалежна ад астатняй часткі цела. Як новы від у старой экасыстэме, яна ператвараецца ў ракавую пухліну. На гэта не заўсёды лёгка можна знайсьці лякарства» — піша Джонсан.

Ягоная канчатковая выснова такая:

«З узростам людзей клеткі назапашваюць штораз больш патэнцыяльна ракавых мутацый. Значыць, у канчатковым выніку заб’е вас рак, калі вы да таго часу не памрэце ад нечага іншага. Гэтак было б нават у сьвеце, які быў бы свабодны ад канцэрагенаў і валодаў самымі магутнымі мэдычнымі тэхналёгіямі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG