Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хаджу і ў царкву, і ў касьцёл»


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

7 студзеня ў вернікаў праваслаўнай царквы Беларусі — вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага. Як вядомыя ў Беларусі асобы адзначаюць Раство?

Палітык, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначае і каталіцкае Раство (бо ягоная жонка Іна Кулей — каталічка), і праваслаўнае таксама, бо сам праваслаўны:

«Сяброў запрасілі ў госьці на праваслаўныя Каляды. Што да выкананьня ўсіх канонаў, то спрабуем наблізіцца, але нельга сказаць, што ўсё па правілах. І колькасьць страў можам не „дагнаць“ да старой традыцыі. Але ня ў гэтым бачым сэнс. Сьвята Раства абавязкова адзначаем. Для мяне гэта вельмі важна, таму што ад бабулі і дзядулі памятаю. Яны ў пушчы не баяліся і за Саветамі адзначаць. Цяпер я хаджу і ў царкву, і ў касьцёл. Царква для мяне важную ролю адыгрывае. Для мяне гэта вялікае маральнае набліжэньне да ісьціны. Таму бываю ў царкве даволі часта».

Леанід Шчамялёў
Леанід Шчамялёў
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, якому празь месяц споўніцца 91 год, прыгадаў некалькі хваляў адраджэньня веры ў беларусаў:

«Я памятаю ўсё, пачынаючы з 1928–29 гадоў. Навагодняя ёлка была ўпершыню ў 1938 годзе на стадыёне ў Віцебску ўсталяваная, і былі сьвяткаваньні. Але веры да вайны асаблівай не было (напэўна, вернікі былі, але веры адкрыта ніхто не выказваў і рэлігійныя сьвяты асабліва не адзначаў). А падчас вайны царква была адроджана, і набажэнствы былі».

Узгадаў Леанід Шчамялёў і пасьляваенныя гады, калі людзей прымушалі быць атэістамі. І вельмі рады, што ўрэшце Раство стала дзяржаўным сьвятам:

«Я лічу, што рэлігія, рэлігійныя сьвяты нікому не перашкаджаюць. І калі гэта адраджаецца, гэта цікава і толькі ідзе на карысьць грамадзтву. Я — чалавек веруючы, і, як усе людзі хрысьціянскай веры, канечне, Раство адзначаць буду».

Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка апавяла, што для яе сям’і 2013 год быў вельмі шчасьлівы: у сына нарадзілася двойня, два хлопчыкі. І цяпер у Зінаіды Аляксандраўны трое ўнукаў — старэйшая Маша і немаўляткі Апанас і Ціхан. Таму сёлетняе Раство для яе асаблівае:

«Для мяне гэта самае галоўнае, самае дарагое сьвята. Калі я працавала, мы неяк не зьвярталі ўвагі менавіта на 7 студзеня, таму што ўсё гэта забаранялася — і такі час быў. Тады мы сьвяткавалі Новы год. А цяпер Новы год — ужо больш сьціпла сустракаем, а Раство Хрыстова, 7 студзеня для маёй сям’і — гэта вялікае сьвята. З раніцы мы ідзем усёй сям’ёй (праўда, муж у мяне — атэіст, ён ня ходзіць), але сын, нявестка, усе ўнукі — мы ідзем у храм, спавядаемся, прычашчаемся, і потым прыходзім да сьвяточнага стала».

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк
А вось паэт Леанід Дранько-Майсюк, хоць і лічыць Раство вялікім сьвятам, сустрэне яго не за сьвяточным, а за працоўным сталом:

«Ніяк, ніяк не адзначаю, шчыра прызнаюся... Проста цудоўнае сьвята. Але тое, як трэба правільна адзначаць, колькі страў трэба ставіць на стол — неяк гэта з жыцьця майго сышло. Не скажу, што гэта добра, але неяк яно незаўважна зьнікла. Сяджу над сваімі паперамі — вось і ўсё сьвята.

У мяне сусед — азэрбайджанец Валера, родам з Баку, чалавек мусульманскай культуры, раніцай падышоў да мяне і павіншаваў з нараджэньнем Хрыста. Мне гэта сёньня спадабалася. Дык вось, калі людзі мусульманскай культуры будуць віншаваць людзей хрысьціянскай культуры з нараджэньнем Хрыстовым — тады на зямлі будзе ўсё добра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG