Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка лічыць, што «абвінавачаньні ў гомасэксуалізьме» выкарыстоўваюцца для ўнутрыцаркоўных «разборак».

«У Расеі сталі апошнім часам дыскрэдытаваць людзей, называючы іх „гомасэксуаламі“, — кажа Андросенка, камэнтуючы скандальныя абвінавачаньні на адрас эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. — Стэрэатыпныя штампы пра гомасэксуалаў, „зонаўскія“ паняткі пра „апушчаных“ настолькі шырока распаўсюджаныя ў расейскай палітычнай культуры, што калі чалавека „абвінавачваюць“ у гомасэксуальнасьці, шмат хто нават ня будзе разьбірацца, а ў чым яшчэ правініўся гэты чалавек... Вядома, гэта страшныя наступствы невуцтва і дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на маргіналізацыю розных сацыяльных групаў.

Сказаць, што я зьдзіўлены, што ў беларускай царкве ёсьць гомасэксуалы, гэта няпраўда. Я ведаю багата гомасэксуалаў у царкве і касьцёле, гэта глыбока веруючыя і рэлігійныя людзі, якія, напраўду, глыбока хаваюць сваю прыродную сэксуальнасьць, каб ня мець праблемаў. І ў Расеі, і ў Беларусі ёсьць у рэлігійных колах своеасаблівыя гурткі, якія аб’ядноўваюць гомасэксуальных сьвятароў, сэмінарыстаў, харыстаў і іншых. Вядома, усё гэта неафіцыйна. Але відавочная патрэба людзей быць сабой у бясьпечнай атмасфэры.

Праблема можа палягаць ня ў тым, што гомельскі архібіскуп — гомасэксуал (гэта абсалютна натуральная прыродная зьява і асабістая справа кожнага), а ў дамаганьнях, пра якія распавядае Андрэй Кураеў. Але, вядома, абвінавачваць чалавека толькі спасылаючыся на словы расейскага эпатажнага клерыкала будзе няправільна. Тут будзе правільным даць слова самому эпіскапу Стэфану».

Дзьмітры Альшанскі, расейскі публіцыст, у фэйсбуку выказаў сумненьні наконт чысьціні матываў Андрэя Кураева.

«...У Кураева заўжды — нейкая паліттэхналёгія, піяр, кавалак праўды, выказаны менавіта там, тым і тады, калі трэба... Кураеўскія выкрыцьці — фармальна вельмі нават да месца і правільныя — аказваюцца яшчэ адным голасам супраць „підараў“ як такіх, і ўжо ўсё адно, у расе яны ці не, таемныя ці адкрытыя».

Афіцыйных камэнтароў з Гомельскай эпархіі няма. У неафіцыйнай размове адзін зь яе прадстаўнікоў выказаўся так:

«Гэта нахабная і подлая мана. Пакуль мы ніякіх афіцыйных камэнтароў не дамо. Усё строга будзе выверана з канонамі, бо Кураеў палез туды, куды яму ня варта лезьці. У любым выпадку па канонах царквы «аще кто досадит епископу, да будет проклят». Гэта адно з правілаў Халкідонскага сабору. Кураеў пра гэта цудоўна ведае. Чалавек фактычна сам сябе адлучыў ад царквы».
І ў Расеі, і ў Беларусі ёсьць у рэлігійных колах своеасаблівыя гурткі, якія аб’ядноўваюць гомасэксуальных сьвятароў, сэмінарыстаў, харыстаў і іншых

5 студзеня протадыякан Андрэй Кураеў апублікаваў у сваім блогу ліст ад імя Сяргея Ф., які абвінавачвае эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана ў дамаганьнях. Апроч таго, у запісе сьцьвярджаецца, што эпіскап дапускае разбэшчваньне навучэнцаў духоўных установаў і маладых сьвятароў.

Выкрываць «блакітнае лобі ў Царкве» Андрэй Кураеў пачаў з выпадку прарэктара Казанскай духоўнай сэмінарыі Кірыла Ілюхіна. У гэтай справе працавала адмысловая камісія, і прарэктара ўрэшце звольнілі.

Ігумен Кірыл Ілюхін страціў пасаду пасьля скаргаў навучэнцаў Казанскай духоўнай сэмінарыі ў Маскоўскі патрыярхат і адпаведнага разбору. Аднак публічнай гэтая справа так і ня стала. Ігумен знайшоў сабе працу ў Цьвярской эпархіі.

31 сьнежня стала вядома, што Андрэя Кураева звольнілі з пасады прафэсара Маскоўскай духоўнай акадэміі. Протаярэй Сяргей Лепін, прэсавы сакратар Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы, лічыць, што звальненьне Кураева зьвязанае менавіта зь ягонай актыўнасьцю ў блогу:

«Дыякана Андрэя Кураева звольнілі з пасады прафэсара Духоўнай акадэміі менавіта таму, што ён занадта шмат абвінавачваў. Тое, што ён апублікаваў у сваім блогу, выглядае ня надта... Яго звальненьне з пасады прафэсара — гэта ўжо адзін са сродкаў уплыву на ягоныя паводзіны. А што будзе далей, то пытаньне не да нас, а да нашых братоў у Маскве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG