Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў беларускага прэзыдэнта, Георгія Саракашыша пакінулі пад вартай да 21 лютага.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сын Георгія Саракашыша Канстанцін:

«Усё на тым жа месцы, дзе і было. Патлумачылі, што ідзе сьледзтва. Кажуць, што хутка перададуць справу ў суд, чакайце. Але гэта ўжо даўно казалі — і нічога не адбываецца. Лісты ён піша, але там няма нічога, што тлумачыла б сэнс таго, што адбываецца. Бо пра гэта ніхто ня ведае — ні я, ні бацька, ні адвакат. Ніякай інфармацыі няма — маўляў, ідзе сьледзтва. Маўляў, будзеце ведаць, калі справу перададуць у суд, а пакуль нічога не вядома. Нічога не адбываецца. Я нават ня ведаю, як гэта разумець: гэта дзеяньне ці бязьдзеяньне. Год прайшоў — і нічога. Можа, яны там і разьбіраюцца. Але чамусьці неяк надта доўга».

Паводле Канстанціна, бацьку трымаюць у СІЗА КДБ, толькі камэру памянялі. На здароўе ён ня скардзіцца:

«Некалі гэта павінна скончыцца. Калі ў вас паводле закону сьледзтва можа ісьці паўтара года, то ён адседзеў ужо год, а ў лютым будзе год і два месяцы. Я ня ведаю, што будзе далей, магчыма, і да паўтара года датрымаюць. Тым часам санаторый прайграе суды. А ягонаму цяперашняму кіраўніку далі строгую вымову, што не кантралюе, не пасьпявае з будаўніцтвам», — апавядае Канстанцін.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які ў сьнежні пазамінулага году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Ніякай інфармацыі пра Саракашыша афіцыйныя структуры Беларусі дагэтуль не паведамілі.

Санаторый «Беларусь» месьціцца ў горадзе Сочы на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Там ня раз адпачываў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, сябры афіцыйных прафсаюзаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG