Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі пра шклоўскага чыноўніка: «Учора хадзіў у кітайскіх чаравіках, а сёньня набыў шыкоўнае аўто»


Да скандалу з былым шклоўскім чыноўнікам, які падазраецца ў хабарніцтве, днямі дадаўся новы карупцыйны скандал у Нясьвіскім раёне.

У Сьледчы камітэт па Менскай вобласьці для расьсьледаваньня перадалі справу на старшыню Гарадзейскага сельсавету Нясьвіскага раёну Леаніда Качановіча, якога падазраюць у махінацыях зь зямельным участкам. Паводле пракуратуры Менскай вобласьці, Леанід Качановіч, скарыстаўшы службовае становішча, у 2011 годзе незаконна аформіў кавалак зямлі на асобу, якая ня мела права атрымліваць гэтую зямлю пад будоўлю дома. Сьледчыя не выключаюць, што чыноўнік узяў хабар ці атрымаў іншыя выгоды ад сваіх дзеяньняў.

Карупцыя ў Беларусі сустракаецца на розных узроўнях дзяржаўнага апарату. Пра гэта сьведчыць і перададзеная днямі ў суд справа былога першага намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму Дзьмітрыя Мінянкова, які абвінавачаны ў атрыманьні вялікага хабару. Прычым эпізод, які інкрымінуецца Мінянкову, таксама здарыўся тры гады таму, але толькі летась выклікаў цікаўнасьць сьледчых. Жыхар Шклова, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў не выключае наступных прычын такой марудлівасьці:

«Мінянкоў жа амаль тры гады быў на волі. Відаць, хацелі справу замарудзіць, але тут умяшаліся расейскія сьледчыя, якія раскруцілі гэтую справу і наступілі на мазоль нашым чыноўнікам. У выніку адваротнага ходу ўжо не маглі даць і мусілі справу ўсё ж заводзіць».

Былы першы намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму Дзьмітры Мінянкоў паплаціўся пасадай за тое, што не адбылася зьдзелка па набыцьці ў Сэрбіі цялушак для жывёлагадоўчага комплексу ў вёсцы Дабрэйка. 17 мільярдаў беларускіх рублёў, атрыманых паводле дзяржпраграмы разьвіцьця жывёлагадоўлі, былі пералічаныя ў Сэрбію, аднак і грошы зьніклі, і цялушак адтуль гаспадарка не дачакалася. Спадар Кастусёў зьвяртае ўвагу, што гэтыя 17 мільярдаў пералічваліся яшчэ да інфляцыі 2011 году, то бок зьніклі больш як 5 мільёнаў даляраў. І «адкат» за іх, паводле зьвестак, быў ня меншы за 200 мільёнаў рублёў, то бок каля 70 тысяч даляраў. Рыгор Кастусёў адзначае яшчэ і такую дэталь: адразу пасьля скандалу спадара Мінянкова ня звольнілі з райвыканкаму:

«Што цікава, калі ўскрыліся гэтыя махінацыі, яго адразу ня звольнілі з райвыканкаму, а перавялі толькі ніжэй — на пасаду намесьніка кіраўніка толькі ўправы аграпраму па жывёлагадоўлі. І ён яшчэ працаваў доўгі час на гэтай пасадзе».

Паводле Рыгора Кастусёва, падобныя схемы махінацый з грашыма, якія выдзяляе дзяржава на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, — звычайная зьява ў рэгіёнах. І Шклоўшчына, радзіма Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым сэнсе не выключэньне. Рыгор Кастусёў пералічыў шклоўскіх чыноўнікаў, якіх за некалькі мінулых гадоў пакаралі за карупцыю, але карупцыі ад гэтага меней ня стала:
Дырэктар жылкамгасу, які адседзеў, вярнуўся, уладкаваўся намесьнікам на водаканал — дык яго зноўку пасадзілі на 8 год

«Два начальнікі адседзелі, адзін пад сьледзтвам. Адзін павесіўся. А дырэктар жылкамгасу, які адседзеў, вярнуўся, уладкаваўся намесьнікам на водаканал — дык яго зноўку пасадзілі на 8 год».

Кандыдат эканамічных навук, былы гаспадарчы кіраўнік са Шклоўчыны Пётар Мігурскі мяркуе, што схема раскраданьня бюджэтных грошай, якую выкрылі ў іхнім раёне, пасьпяхова дзейнічае і ў іншых. Дзьмітрыю Мінянкову проста не пашанцавала, лічыць Пётар Мігурскі:

«Сёньня аловак нельга набыць, парушыўшы закон, а тут 4,2 мільёна эўра! У галаву не ўкладаецца! Сам Мінянкоў ня мог прыняць такое рашэньне, гэта адназначна. Ён ня мог выканаць гэтую працэдуру на пасадзе начальніка ўправы сельскай гаспадаркі. Тут адказнасьць значна большая. Гэта была апэрацыя па ўсёй Беларусі. А ў чым памыліўся Мінянкоў? Проста яны запусьцілі заробленыя грошы ў Расею, а менавіта там пачалі раскручваць махінацыі з нашымі грашыма. Толькі зьдзелка адбылася, а ён ужо паехаў на лепшым аўто. І ўсё ў раёне адразу загаварылі, што ўчора хадзіў у кітайскіх чаравіках, а сёньня езьдзіць на шыкоўным аўто».

Дзе трымаюць пад вартай Дзьмітрыя Мінянкова, у Сьледчым камітэце не паведамляюць.
XS
SM
MD
LG