Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі забойца — адстаўны палкоўнік міліцыі


Побач зь месцам забойства на слупе — букет гвазьдзікоў

Побач зь месцам забойства на слупе — букет гвазьдзікоў

У Бабруйску палкоўнік міліцыі ў адстаўцы падчас спрэчкі застрэліў маладога хлопца. Забойства выклікала шырокі розгалас. Многія абураюцца і патрабуюць для былога высокапастаўленага міліцыянта суровага пакараньня.

Інцыдэнт са стралянінай здарыўся ў завулку Катоўскага — побач з будынкам раённай міліцыі, які цяпер на рамонце. Незадоўга да стрэлаў ля невялікай крамы адбылася спрэчка між мужчынам сталага веку, які быў нападпітку, і маладымі людзьмі. Як сьцьвярджаюць хлопцы, пэнсіянэр пагражаў ім пісталетам. Яны выклікалі міліцыю, мужчына сышоў, але калі міліцэйскі нарад зьехаў, то вярнуўся. Міхаіл Шкрабаў, як кажуць ягоныя сябры, узяўся суняць разьюшанага пэнсіянэра. Той і стрэліў у яго двойчы. Хлопца завезьлі ў бальніцу, там ён памёр.

Супраць шасьцідзесяцігадовага палкоўніка міліцыі ў адстаўцы распачатая крымінальная справа. Яму інкрымінуецца «Асабліва злоснае хуліганства». Ён пад вартаю. Вядзецца сьледзтва.

На месцы інцыдэнту гутару зь сябрамі Міхаіла. Тыя паказваюць, як усё адбывалася. Побач на слупе — букет гвазьдзікоў. Пад нагамі — кінутыя міліцэйскімі экспэртамі пальчаткі. Хлопцы ўпэўненыя, што былы міліцыянт хоць і быў нападпітку, але разумеў, што рабіў. Ягоныя дзеяньні былі абдуманымі, зазначае адзін зь Міхайлавых сяброў Аляксандар:

«Ён лічыў, што яму ўсё можна. Што я, маўляў, міліцыянт, я палкоўнік і мне ўсё можна. Таму ён і вырашыў: лёс Міхаіла я вырашу сам. Ён хоць і палкоўнік у адстаўцы, але мусіць нас бараніць. А першапачаткова ён нас правакаваў. Даставаў пісталет. На калені хацеў паставіць. Пагражаў: яшчэ крок — і я буду страляць. Раней я падобнымі выпадкамі не цікавіўся. А цяпер лажу па інтэрнэце, то бачу шмат такіх выпадкаў. Мы ж самі, па сутнасьці, зь вёскі, мо таму шмат чаго і ня ведалі».
Месца забойства

Месца забойства


Трагедыя ў завулку Катоўскага здарылася 26 сьнежня. Тутэйшыя жыхары дагэтуль шакаваныя. Ня ўсе гатовыя гаварыць пра яе. Тыя, хто ўсё ж наважваецца, выказваюцца асьцярожна. Некаторыя заяўляюць: інцыдэнт здарыўся таму, што сьпіртное ў краме прадаюць да позьняга вечара. Ёсьць у меркаваньнях і агульнае.

Спадар: «Для мяне гэта шок. Мне як сказалі, а потым калі даведаўся — хто гэта зрабіў. Якая цяпер вера ў нашы праваахоўныя органы? Яму ўсё можна. Калі выдаюць законы, то варта жыць паводле гэтых законаў».

Спадар: «Забіваць нельга, пагатоў і цягаць гэтую „пушку“. Гэта наагул злачынства. Калі ён быў нападпітку, то гэта гарэлка вінаватая. Ён начальнікам быў сьледчага аддзелу».

Спадарыня: «У нас ніколі гэтага не было. Тут жа во будуецца і міліцыя, і ахова ёсьць уначы. І каб вось так проста ўзяць і застрэліць чалавека... Адкуль у яго зброя?»
Завулак Катоўскага. На заднім пляне рамантуецца будынак раённай міліцыі

Завулак Катоўскага. На заднім пляне рамантуецца будынак раённай міліцыі


У былога міліцыянта нібыта быў дазвол на нашэньне зброі. Страляў ён з зарэгістраванага спартыўнага пісталета, які канфіскавалі разам зь пяцьцю патронамі. Паводле мясцовых жыхароў, жыве адстаўны палкоўнік непадалёк ад месца, дзе здарылася злачынства. Але паказаць ягоны дом людзі адмовіліся.

Пахавалі Міхаіла Шкрабава ў ягонай роднай вёсцы Каменка, што пад Бабруйскам. Бацькі не гатовыя пакуль гутарыць на тэму гібелі сына. Сястра Алена кажа, што ў вёсцы сьмерць Міхала выклікала выбух у сьвядомасьці людзей, бо ніхто ня мог даць веры, як ён загінуў і хто ў тым вінаваты.

«Як куля, у мірны час? Не ўкладаецца ў галаве, што вось маладосьць — і яе няма. Атрымліваецца, што чалавечае жыцьцё — не каштоўнасьць. Гэта самае страшнае, што можа быць. Атрымліваецца, што я магу любога, хто мяне турбуе, вось гэтак пакараць? Самасуд — гэта не 21 стагодзьдзе. Гэта выглядае, што я так пастанавіў — і я так зрабіў, і мне напляваць, што ў краіне ёсьць законы. Я згодная, што прафэсія можа накласьці адбітак на паводзіны чалавека».

Спадарыня Алена спадзяецца, што сьледзтва будзе справядлівае і забойцу брата пакараюць. Сваё чаканьне аргумэнтуе гэтак:

«Калі чалавек у пагонах зьдзяйсьняе такое — гэта паказальны выпадак. Ёсьць сэнс цяпер гэта ўсё спыняць, каб у будучыні такога не паўтаралася. Я ўпэўненая, што ўсё будзе справядліва...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG