Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times пра запатрабаваныя ў Эўропе прафэсіі


Нягледзячы на высокі ўзровень беспрацоўя, у шэрагу эўрапейскіх краінаў застаецца шмат вакансіяў у інавацыйных кампаніях, бо адпаведных спэцыялістаў не хапае.

Нягледзячы на высокі ўзровень беспрацоўя, у шэрагу эўрапейскіх краінаў застаецца шмат вакансіяў у інавацыйных кампаніях, бо адпаведных спэцыялістаў не хапае.

Як піша міжнароднае выданьне International New York Times, сотні тысяч унівэрсытэцкіх выпускнікоў і людзей, якія згубілі працу, высьвятляюць, што іх навыкі не пасуюць для вакантных працоўных месцаў. Паводле нядаўняй справаздачы Міжнароднай арганізацыі працы, пасьля нядаўняга эканамічнага крызісу разыходжаньні паміж попытам і прапановай на эўрапейскім рынку працы надалей павялічыліся. Злучаныя Штаты таксама сутыкнуліся з падобнай праблемай.

Прыкладна два мільёны працоўных месцаў у краінах Эўразьвязу застаюцца вакантнымі. Амаль 40 працэнтаў кампаніяў, апытаных дасьледчыкамі Эўразьвязу, паведамілі, што ня могуць знайсьці патрэбных спэцыялістаў.

Асабліва гэта тычыцца інавацыйных кампаніяў. Як папярэджвае ў нядаўняй справаздачы Эўракамісія, у 2015 годзе ў Эўразьвязе можа быць 900 тысяч працоўных месцаў у сфэры інфармацыйных і камунікацыйных тэхналёгій, на якія ня будзе адпаведных спэцыялістаў.

Часткова цяперашнія праблемы выкліканы тым, што біржавы абвал акцыяў інфармацыйных кампаніяў на пачатку стагодзьдзя значна зьменшыў прэстыж тэхналягічнай ўнівэрсытэцкай адукацыі. International New York Times дае прыклад Ірляндыі, дзе шмат людзей пайшлі працаваць у будаўнічую сфэру ці турызм — гэтыя сэктары квітнелі ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя. Цяпер прыкладна палову працоўных месцаў ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій ў Дубліне займаюць замежнікі, а прыблізна 4.500 месцаў па ўсёй краіне застаюцца вакантнымі.

Таму выглядае, што, прынамсі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, такія спэцыялісты будуць сярод найбольш запатрабаваных ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG