Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве апазыцыя рыхтуе страйкі і экскурсіі да палацу Януковіча


Віталь Клічко на майдане ў Кіеве

Віталь Клічко на майдане ў Кіеве

Ва Ўкраіне апазыцыйныя лідэры заявілі, што Эўрамайдан ня будзе разыходзіцца і пасьля праваслаўных Калядаў, і што ён будзе ня проста стаяць, але і дзейнічаць.

У бліжэйшых плянах, у прыватнасьці, кароткачасовыя страйкі, запэўнівае Лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко:

«Калі ўлада ня хоча нас чуць, мы будзем заклікаць да страйку. Каб яны пачулі. Спачатку будзе папераджальны страйк. На некаторы кароткі час. Калі спыніцца вытворчасьць, спыніцца транспарт. Дзе на некалькі хвілін, а, можа быць, дзе на некалькі гадзін. Улада павінна адрэагаваць на патрабаваньні людзей».

Учора народнае веча, якое звычайна па нядзелях аб’ядноўвала на Эўрамайдане сотні тысяч людзей, апазыцыя скасавала з-за калядных сьвятаў, але лідэры запэўніваюць, што так было толькі ў гэтую нядзелю. У далейшым палітыкі абяцаюць мабілізаваць людзей на масавыя мерапрыемствы.

Акрамя таго, актывісты апазыцыі не пакідаюць намеры працягваць аўтапрабегі да прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі «Межыгор’е» і палацаў іншых вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Гэтыя аўтамабільныя акцыі ў Кіеве называюць Аўтамайданам. ДАІ вельмі нэрвова рэагуе на іх, спрабуе перасьледаваць удзельнікаў.

Актывісты Аўтамайдану маюць намер наняць дом ля рэзыдэнцыі Януковіча, заснаваць там музэй і турыстычнае агенцтва, каб вадзіць да брамы прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі шматтысячныя экскурсіі.
XS
SM
MD
LG