Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня зможа перадаць уладу сыну, — лідэр азэрбайджанскай апазыцыі


Гасанлі: Народы Беларусі і Азэрбайджану самі павінны вырашыць свой лёс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:25 0:00

Гасанлі: Народы Беларусі і Азэрбайджану самі павінны вырашыць свой лёс

Чым падобныя Лукашэнка і Аліеў? Навошта і каму патрэбная кішэнная апазыцыя? Беларуская Свабода гутарыць зь лідэрам азэрбайджанскай апазыцыі Джамілем Гасанлі.

У кастрычніку ў Азэрбайджане адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Нязьменны кіраўнік дзяржавы Ільгам Аліеў, які атрымаў уладу ад свайго бацькі 10 гадоў таму, «элегантна» атрымаў 85% галасоў. Адзіны кандыдат ад апазыцыі Джаміль Гасанлі — 5,5%

Апазыцыя, натуральна, аб’явіла аб маральнай перамозе ў галовах людзей, выйшла на вуліцы і запатрабавала новых выбараў. Назіральнікі зафіксавалі фальсыфікацыі. Але прайшло некалькі тыдняў, і жыцьцё ў Азэрбайджане вярнулася ў звыклы рытм.

Джаміль Гасанлі
Джаміль Гасанлі
Прафэсар Гасанлі стаў адзіным апазыцыйным кандыдатам досыць нечакана для сябе, пасьля таго, як улады не зарэгістравалі лідэра Нацыянальнай рады дэмакратычных сілаў, аўтара фільму «Белае сонца пустыні» Рустама Ібрагімбэкава.

Пазьней, 3 сьнежня Джаміль Гасанлі быў абраны кіраўніком апазыцыйнай кааліцыі, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Ібрагімбэкава

— Вы ня згодныя з вынікамі выбараў?

— Гэта ня выбары, а фарс. Адбылася ўзурпацыя ўлады. Паводле назіраньня АБСЭ, за апошнія пяць гадоў, быў самы высокі ўзровень фальсыфікацыяў. У 2008 сфальшавана 23%, у 2010 — на парлямэнцкіх выбарах 32%. Сёлета — 58%, больш за палову!

— Але Аліеў застаецца на сваёй пасадзе.

— Мы гэтыя выбары не прызнаем. Тое, што ўлады аб’явілі яшчэ раз сваю перамогу, гэта ўсяго толькі заява. Яны нават ня могуць урачыста адзначыць, бо ведаюць, што не перамаглі. Апазыцыя лічыць, што атрымала маральную перамогу.

Антыўрадавыя пратэсты ў Баку
Антыўрадавыя пратэсты ў Баку
— І ў чым перамога?

— Насельніцтва пабачыла, што азэрбайджанская апазыцыя ёсьць сіла. Што ўсе рэальныя апазыцыйныя партыі аб’ядналіся ў Нацыянальную дэмакратычную раду. Гэтая мадэль паказала сябе. Больш за 60% прагаласавала за нас.

— У вас ёсьць доказы?

— Людзі на выбары не прыйшлі. Рэальная яўка склала 20%. У нас палова насельніцтва жыве за мяжой, яны ўвогуле не маглі галасаваць! Цэнтарвыбаркам апублікаваў вынікі галасаваньня яшчэ 8 кастрычніка, за дзень да выбараў. Яны нават не хавалі, увесь сьвет ведаў, што ў іх усё падлічана. Проста ганьба.
Апазыцыя лічыць, што атрымала маральную перамогу.

— Калі ўсе ўсё ведалі, чаму азэрбайджанцы ня выйшлі на вуліцы?

— Бальшыня не гатовая абараняць свой голас сёньня. На пасьлявыбарчы мітынг прыйшлі 17 тысячаў, хоць мы чакалі яшчэ менш. Стаялі камэры, здымалі мітынгоўцаў. Людзі баяцца згубіць працу, могуць згубіць сваю гандлёвую ятку ці краму, студэнтам пагражае кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў. Вынікі выбараў не выклікалі масавай незадаволенасьці, бо насельніцтва не гатовае.

Пратэсты апазыцыі ў Баку
Пратэсты апазыцыі ў Баку

— І што вы робіце, каб насельніцтва падрыхтаваць?

— Зараз трэба арганізацыйна ўзмацніць нацыянальную раду, ствараць сеткі па ўсёй тэрыторыі Азэрбайджану. Трэба запрасіць інтэлігенцыю, больш самастойных людзей, у якіх ёсьць адчуваньне дэмакратыі. Усіх сабраць у адну арганізацыю, каб змагаліся за дэмакратыю, супраць манаполіі ды карупцыі.

— Цяпер у вашай апазыцыі няма адзінства?

— Нацыянальная рада паказала, што тыя, хто лічыць сябе сапраўднай апазыцыяй, — аб’ядналіся. Іншыя, хто не ўвайшлі, былі прадстаўнікамі праўладнай апазыцыі. Яны яшчэ сябе называюць цікавым тэрмінам — канструктыўнай апазыцыяй.

— Канструктыўная апазыцыя?

— Яны праўладныя. Улада хоча мець сваю кантраляваную, кіраваную апазыцыю. А сапраўдная апазыцыя аб’ядналася вакол нас.

— А што агульнага і рознага ў Аліева і Лукашэнкі?

— Агульнае — яны думаюць пра адно і тое ж — як захаваць уладу. Але рознымі формамі. Лукашэнка, напрыклад, адкрыта аб’яўляе, што ён аўтарытарны і кіруе краінай так, як хоча, а Аліеў хоча паказаць, што ён дэмакрат, і ён імкнецца выглядаць дэмакратам, хаця кіруе аўтарытарна, ці нават лепш сказаць — таталітарна.

Лукашэнка і Аліеў
Лукашэнка і Аліеў
— Але Лукашэнка толькі нядаўна прызнаў сябе дыктатарам, раней ён таксама казаў, што ў нас дэмакратыя... У гэтым яны якраз падобныя.

— Аліеў і яго рэжым пабудаваны на карупцыі, гэта яго неад’емная частка. Напэўна, у Беларусі няма крыніцаў для такой карупцыі, і таму ў вас з гэтым лепш. Наколькі я ведаю, беларускія грамадзяне маюць працу, кавалак хлеба, а ў азэрбайджанцаў палова працаздольнага насельніцтва па-за краінай: яны ва Ўкраіне, Расеі, Казахстане. Прыблізна 60-70 тыс. азэрбайджанцаў працуюць у Беларусі.

— Але сотні тысячаў беларусаў таксама вымушаныя шукаць працу за мяжой...

— Але яны ня едуць у Азэрбайджан. Аліеў хоча паказаць сябе дэмакратам, а насамрэч ён фэадал. І дыктатар. Калі павялічыліся нафтавыя прыбыткі, ён стаў больш аўтарытарным.

— Дык што Аліеву замінае прызнаць, маўляў, «я дыктатар», не пускаць пыл у вочы сьвету і народу?
Калі чалавек дыктатар і прызнаецца ў гэтым, зь ім усё зразумела.

— Рэч у тым, што Азэрбайджан багаты на энэргарэсурсы. І Азэрбайджану выгадна падтрымліваць кантакты з Захадам. Мы наіўна думалі, што сяброўства Азэрбайджану ў Радзе Эўропы пераўтворыць Азэрбайджан у дэмакратыю. Атрымалася наадварот. Азэрбайджан прымусіў эўрапейцаў гуляць паводле сваіх правілаў — так званай «ікорнай дыпляматыі».

— На вашу думку, рэжым у Беларусі мякчэйшы?

— Я ў Беларусі не жыву і не магу сказаць дакладна, хто большы дыктатар. Калі чалавек дыктатар і прызнаецца ў гэтым, зь ім усё зразумела. А калі дыктатар кіруе аўтарытарнымі мэтадамі, але прэтэндуе на дэмакратычнае лідэрства — гэта яшчэ горш. Аліеў узнагароджвае карупцыянэраў. Сумленным лічыцца той, хто прызнаецца ў сваёй карумпаванасьці.

Прэзыдэнт Азэрбайджан Ільгам Аліеў з кіраўніком КДБ Беларусі Вадзімам Зайцавым
Прэзыдэнт Азэрбайджан Ільгам Аліеў з кіраўніком КДБ Беларусі Вадзімам Зайцавым
— Як думаеце, Лукашэнка перадасьць сваю ўладу сыну, як гэта зрабіў Аліеў-старэйшы?

— Я думаю, у Беларусі гэтага не атрымаецца. Бо лёс людзей, якія ў спадчыну атрымліваюць уладу, — ня вельмі вясёлы. Напрыклад, перад арабскай рэвалюцыяй Мубарак таксама спрабаваў перадаць пасаду сыну, ці Кадафі падрыхтаваў сына на сваё месца. Зрэшты, і ў Сырыі Башар Асад у тым самым стане. Кола палітычных «нашчадкаў» звужаецца. Застаецца Паўночная Карэя, Азэрбайджан. Кім Чэн Ын і Аліеў абодва атрымалі ўладу ў спадчыну, я не жадаю, каб зь Беларусьсю гэта адбылося. І ня будзе, бо час зьмяніўся.
Нашыя людзі, нашыя народы павінны самі вырашыць свой лёс. Мы не павінны чакаць, што нехта прыйдзе і прынясе дэмакратыю ў нашыя краіны.

— Якая будучыня чакае Беларусь і Азэрбайджан?

— У абедзьвюх краінах будзе дэмакратычная сыстэма. Зьмены — гэта пытаньне і неабходнасьць часу.

— Гэта будуць мірныя перамены?

— Калі так атрымаецца, гэта будзе добра. Думаю, усё будзе мірна.

— Якім чынам Захад можа паспрыяць, каб зрабіць Беларусь і Азэрбайджан больш дэмакратычнымі?

— Нашыя людзі, нашыя народы павінны самі вырашыць свой лёс. Мы не павінны чакаць, што нехта прыйдзе і прынясе дэмакратыю ў нашыя краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG