Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Берасьці: «Лукашэнка ўсім надакучыў»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Як, на Вашу думку, апошнім часам мяняецца папулярнасьць Лукашэнкі ў грамадзтве: павялічваецца ці зьмяншаецца? Чаму? Адказваюць берасьцейцы.

Спадарыня: Наўрад ці яна павялічваецца, таму што Лукашэнка ўжо ўсім надакучыў. Кожны год больш абяцае, чым робіць. Надта нічога не мяняецца, цэны толькі што растуць. Заробкі абяцаюць, дзіцячыя абяцаюць, цэны растуць у два разы хутчэй, чым заробкі і дзіцячыя.

Спадарыня: Ды тое, што не павялічваецца, гэта дакладна. Таму што столькі гадоў ва ўладзе, канешне ён ужо надакучыў, як яна можа расьці папулярнасьць? Нават многія знаёмыя, нават пэнсіянэры кажуць, што надакучыў. Многія, хацелі б, каб новы быў, але ўжо і ня вераць, што будзе. Не галасавала і галасаваць за яго не зьбіраюся.

Пэнсіянэрка: Паніжаецца, мне падаецца, працэнт яго папулярнасьці. Людзі мусіць яму ўжо ня так вераць, як раней. Раней пэнсіі часьцей пэнсіянэрам падымаў, то пэнсіянэры ў асноўным за яго і галасавалі. А зараз пэнсіі толькі два разы ў гэтым годзе падняў. А ў асноўным, заробкі ў людзей нізкія, працы моладзі не хапае. Вось, я думаю, што на выбарах, калі нічога ня зьменіцца, то могуць яго і ня выбраць прэзыдэнтам.

Спадар: Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі адназначна падае. Ну, мне здаецца, што ён падае ўжо толькі з-за таго, што гэта будзе дваццацігодьдзе яго ўлады. Таму само сабою будзе падаць, гэта абумоўлена гістарычна.

Спадарыня: Адносіны да Лукашэнкі, вядома, пагоршыліся ў людзей. Ужо шмат-шмат нават прыхільнікаў ставяцца да яго вельмі дрэнна. Але людзі не ведаюць, як яго замяніць. Настолькі ў разгубленасьці... Я размаўляю зь людзьмі, таму ведаю меркаваньне людзей, яны ў разгубленасьці...

Спадар: Зразумела, надакучыў ён усім даўно ўжо. Ну, ведаю, што пакуль ніякіх зьменаў не прадугледжваецца, таму хто быў за яго, той так яго і падтрымлівае...

Пэнсіянэр: Я нават цікавіўся ў тых, хто былі такімі ярымі абаронцамі, то другі раз ня хочуць і адказваць на пытаньне. Ужо казалі што-што, але за яго галасаваць ня будзем ніколі. Законны тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта ў Лукашэнкі скончыўся ў 1999 годзе. І вось ужо чатырнаццаты год я гэтага чалавека ніколі не называю прэзыдэнтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG