Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Алеся Ўмпіровіч (Фурс): «Беларусь павінна быць беларускай, са сьцягам бел-чырвона-белым і Пагоняй»


Яшчэ навучэнкай Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі яна ўсьвядоміла, што Беларусь павінна быць беларускай, з сваёй мовай, бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй. І ніякія зьдзекі і катаваньні ня змусілі яе адрачыся ад сваіх перакананьняў.

Сябра Саюзу беларускай моладзі і Саюзу беларускіх патрыётаў, вязень сталінскіх лягераў, мастачка Алеся Ўмпіровіч (Фурс) — гераіня чарговага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Гэта быў 44 год, калі дзякуючы спадару Кіту была адкрытая настаўніцкая беларуская сэмінарыя ў Паставах. Выкладалася ўсё ў ёй, вядома ж, па-беларуску. Мы ў ёй упершыню даведаліся сапраўдную нашу гісторыю, і гімн беларускі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», і Пагоню. Станавіліся ўсё больш і больш патрыётамі, і ня толькі між сабой, але і іншым расказвалі, што гэта такое і што мы — беларусы, і ў нас павінны быць свае сымбалі.

Калі прыйшлі саветы, то замест беларускай настаўніцкай сэмінарыі была адкрытая пэдвучэльня. І тут адбыліся вялікія зьмены. Выкладаньне ўсіх прадметаў было пераведзенае на расейскую мову, нават альгебра, геамэтрыя, хімія. Дык як жа мы маглі адказваць па-расейску, калі мы вучыліся да гэтага па-беларуску? А дырэктар — малаадукаваны чалавек, партызан — скончыў свой выступ перад вучнямі такімі словамі: «Сярод нас знаходзяцца фашысты». Тады, праўда, выступіў ваенрук і сказаў: «Фашысты сышлі зь немцамі, а тут — дзеці».

Дык міжволі падштурхнулі нас аб’ядноўвацца і штосьці рабіць. Бо як жа далей? Сабраўшыся, мы пастанавілі: як зможам — будзем змагацца. І суполачку сваю назвалі «За Беларусь».

Мяне пасьля гэтага амаль кожны вечар выклікалі ў КГБ, задавалі розныя пытаньні. Дадому мяне заўсёды прыводзіў адзін афіцэр-кагэбіст. Я плакала і казала: «Хачу вучыцца, а вы мне не даяце». А ён кажа: «Ты будзеш вучыцца, цябе хочуць адправіць у Маскву ў разьведшколу». Я сказала, што нікуды не хачу, а ён адказвае, што гэта іншая справа.

Адным словам — мяне вярбуюць. Я пастанавіла кінуць вучобу ў пэдвучэльні і пайсьці дамоў. Папярэдзіла сваіх сяброў, што за намі сьлежка ідзе. І пайшла ў падпольле. Дома не жыла, на людзі не выходзіла.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Сябры паведамілі мне, што будзе ў нас прысяга, дзеля чаго папрасілі намаляваць дзьве Пагоні: адну для сваіх, а другую для глыбоцкай групы. Маю Пагоню і сьцяг павесілі на сьцяне падчас прысягі.

Спрабавала ўцякаць, як высачылі, проста інстынктыўна бегла да таты ў школу праз жыта. Мяне дагналі, білі, за косы цягнулі.

Прысудзілі мне 25 гадоў як «сувязной з амэрыканскай контравыведкай».

У лягеры малявала ўсім, хто зьвяртаўся да мяне, на кавалачках паперы кветачкі. Імі віншавалі з днём нараджэньня. Гэта не дазвалялі мне рабіць у бараку. Калі былі вобшукі, то фарбы раскідвалі, а зьняволеныя зьбіралі, і потым, калі малявала, то хтосьці стаяў на варце. Аднойчы не ўпільнавалі, і на праверцы зачытваюць мне пяць дзён карцэру за тое, што малявала. Людзі адстаялі мяне ад гэтай кары, хадзілі да начальніка рэжыму і прасілі, каб мяне не каралі.

Вярнуліся зь лягера мы патрыётамі сапраўднымі.

Сто карцін я намалявала пасьля вызваленьня, а вось толькі некалькі засталося дома.

Для мяне сьвятое — мая Радзіма Беларусь, і яна павінна быць беларускай, зь сьцягам бел-чырвона-белым і Пагоняй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG