Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяты за кратамі і зэкаўскія песьні


Калядныя песнапеньні. Акрэсьціна. Менск, 2010

Калядныя песнапеньні. Акрэсьціна. Менск, 2010

7 студзеня праваслаўнае Раство сустрэнуць і зьняволеныя. Некаторыя вязьні турмаў ды СІЗА выказалі жаданьне ўбачыцца са сьвятаром. Што да сядзельцаў папраўчых устаноў, то яны змогуць наведаць сьвяточныя службы, якія ладзяцца ў саміх калёніях.

Асуджаная Гомельскай калёніі Марыя ўзгадвае, што іхнюю праваслаўную царкву дабудавалі два гады таму. А ўзводзілі яе гадоў восем — на ахвяраваньні як супрацоўнікаў калёніі, так і сваякоў сядзельцаў. Сьвятар досыць часта наведваў установу, сустракаўся зь верніцамі, прычашчаў іх. Адкрыцьця храму вельмі чакалі. Самыя першыя службы, асабліва на царкоўныя сьвяты, зрабілі на яе вялікае ўражаньне. Але пазьней жаданьне наведваць храм неяк зьнікла, хоць, кажа жанчына, меншай верніцай яна ня стала. Проста цяпер храм нельга назваць храмам.



Марыя лічыць: усё ідзе ад таго, што пераважная большасьць людзей у турме няхрышчаныя, або калі і хрышчаныя, то неўцаркоўленыя. Ці магчыма прывесьці іх да веры, будуючы на зоне ўсё новыя (прычым выключна праваслаўныя) храмы? Сама жанчына цяпер моліцца перад невялікай іконкай у сваім кутку ў кубрыку. Да сьвятара на споведзі ня ходзіць, бо лічыць, што той працуе на адміністрацыю.

Тым часам прадстаўнікі адміністрацыі калёніі, якія пазыцыянуюць сябе як вернікі, наўрад ці пагодзяцца з падобнай ацэнкай. Як сказала ў адным з інтэрвію начальніца ПК Сьвятлана Паходава, «шлях да дабра можна здабыць, калі ты ачысьцісься духоўна. Асуджаная можа сказаць няпраўду таму ж псыхіятру, начальніку, суседцы па камэры, дзесьці схітраваць, каб яе крыху раней вызвалілі. Але тут, у сьвятым месцы, такое выключана. А гэта і ёсьць шлях да ачышчэньня».

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які належыць да каталіцкага веравызнаньня, неяк у размове з нашай праграмай сказаў, што сустракаў у Гарадзенскай турме шчырых вернікаў, якіх радавала магчымасьць сустрэцца са сьвятаром. Хоць такіх было няшмат. Самому Пачобуту сустрэцца з ксяндзом турэмнае начальства не дазволіла. Далёка не заўсёды, дарэчы, удавалася дамагчыся сустрэчаў са сьвятарамі і іншым палітвязьням. Як лічыць журналіст, падобнае рашэньне прымаецца не ў турме. А вось самі ксяндзы, якія прыходзілі ў вязьніцу, паводле Андрэя Пачобута, імкнуліся ўсяляк дапамагчы вязьням — тым жа адзеньнем, напрыклад, калі ў гэтым была патрэба.

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

«Безумоўна, — узгадвае журналіст, — у турме чакаюць гэтых навагодніх сьвятаў. Аднак у такі час быць за кратамі асабліва сумна ды прыкра. Я размаўляў зь людзьмі, якія сустракалі ў турме Раство ды Новы год — гэта вельмі сумная падзея.У лепшым выпадку ў камэру прыйдзе начальнік турмы і ў якасьці пажаданьня скажа вязьням, каб тыя больш сюды не траплялі».

Ці адродзіцца традыцыя наведваць вязьняў у турмах?

Допіс, які даслаў у праграму былы асуджаны Юры... Ён вызваліўся з калёніі напярэдадні Новага году, у месцах пазбаўленьня волі сустрэў пяць Новых гадоў ды Калядаў.

«З надыходам калядных ды навагодніх сьвятаў да многіх сядзельцаў
а савецкім часам зьніклі і Каляды, і традыцыі... У выніку спагаду да зьняволеных зьнішчылі і на ўзроўні грамадзтва
прыходзіць цяжкае пачуцьцё самоты. Тое, што побач няма родных ды блізкіх, успрымаецца ў такія моманты амаль як поўная безвыходнасьць. У свой час — здаецца, з кнігі пісьменьніка Ўладзімера Арлова — я даведаўся, што цяжкі псыхалягічны стан арыштантаў добра разумелі нашы продкі. У сярэднявечным Полацку многія знаныя гараджане напярэдадні Раства Хрыстовага наведвалі турмы, давалі арыштантам грошы ці нейкія падарункі. У іншых крыніцах я чытаў, што падобная дабрачыннасьць захоўвалася і ў пазьнейшыя часы, нават калі Беларусь лічылася Паўночна-Заходнім краем Расеі. За прыкладам царскай сям’і турмы Паўночна-Заходняга краю наведвалі сем’і мясцовых вяльможаў. Яны сустракаліся са зьняволенымі і маліліся за іх. За савецкім часам зьніклі і Каляды, і традыцыі... У выніку спагаду да зьняволеных зьнішчылі і на ўзроўні грамадзтва. Няма яе і цяпер, хоць у турмах і зьявіліся бацюшкі з ксяндзамі».

Кінарэжысэр Вольга Мікалайчык, якая ня раз сустракалася зь вязьнямі і здымала пра іх фільмы, лічыць: зьнікненьне гэтай традыцыі зьвязанае з тым, што на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў дзяржава была атэістычная. Але Вольга ня стала б сьцьвярджаць, што сёньня, прынамсі на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, існуе поўная абыякавасьць да праблемы вязьняў. Пасьля сьнежаньскіх падзеяў 2010 году абсалютна спантанна ўзьніклі ды працягваюць узьнікаць невялікія групы людзей — найчасьцей сяброўскія колы — якія, чым могуць, дапамагаюць людзям за кратамі.



сустрэча Максіма Вінярскага, 03.01.2014




суд над Макаевым



суд над Парфянковым



сустрэча Цярлецкага



сустрэча Францкевіча з зоны


«Ведаеце, — кажа Вольга, — нам зь сябрамі ў гэтыя самыя першыя дні Новага году давялося сустракацьі людзей з Акрэсьціна. Увечары 1 студзеня вызвалілі былога палітвязьня Сашу Францкевіча, які быў затрыманы на акцыі "Стоп-падатак", а 3 студзеня пасьля 15 сутак – грамадзкага актывіста Максіма Вінярскага, які за кратамі праводзіў пратэстную галадоўку. На сустрэчу Сашы мы прыехалі разам зь яго маці, і зь яе вачэй ішло такое сьвятло, такая радасьць ад таго, што ані яна, ані яе сын – не самотныя. Бачачы гэта, мы пераканаліся, што ўсё робім так».

Вольга адзначае, што жаданьне апекавацца палітзьняволенымі і ў яе, і ў ейных сяброў зьвязанае менавіта з хрысьціянскім сьветапоглядам ды хрысьціянскай маральлю.

Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык

Мікалайчык: «Я не магу сказаць пра існаваньне нейкай традыцыі, але людзі, якія вельмі шчыра падтрымліваюць тых, каму цяпер значна горш, у нашай Беларусі сёньня ёсьць. Мы молімся за нашых зьняволеных. Лістуемся зь імі, віншуем іх са сьвятамі ды днямі нараджэньня. Прычым размова ня толькі пра палітычных. Мы дапамагаем тым, каго нават і ня ведаем. Напрыклад, асуджаным паводле эканамічных артыкулаў. Ні для кога не таямніца, што цяпер у дзяржаве нярэдка робяцца рэйдэрскія захопы. Я ведаю, што самым розным зьняволеным, асуджаным у тым ліку і паводле крымінальных артыкулаў, дапамагаюць маці палітвязьняў, напрыклад, тая ж Валянціна Аліневіч... Сёньня ў нашай краіне так шмат людзей, якія сядзяць па недаказаных справах. І грамадзянская супольнасьць павінна падтрымліваць гэтых людзей».

А вось меркаваньні некаторых сяброў Вольгі. Прадпрымальнік і грамадзянскі актывіст Алесь Макаеў мяркуе, што «таталітарная сыстэма ў Беларусі сёньня дамагаецца таго, каб значна зьнізіць тую плянку салідарнасьці, якая існуе ў людзей».

Алесь Макаеў

Алесь Макаеў

Алесь Макаеў: «Сёньня, калі людзі хочуць сустрэць некага ля вязьніцы — не кажу пра Зьмітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, іншых палітвязьняў — проста шараговых грамадзкіх актывістаў, — то заўсёды першыя, каго яны бачаць ля ўстановы, гэта так званыя „ціхары“ (асобы ў штацкім). Цяпер іх, дарэчы, менш, чым раней, але ўсё ж такі. Гэтыя „ціхары“ стаяць ня дзеля таго, каб неяк перашкаджаць, яны збольшага і не перашкаджалі, а дзеля таго, каб запалохаць тых, хто прыйшоў да вязьніцы або пастарунку — маўляў, у цябе будуць непрыемнасьці на працы. Але ж мы бачылі, якая вялікая салідарнасьць была ў грамадзтве пасьля разгону Плошчы. У сядзібу БНФ прыносілі цёплыя рэчы, грошы... Зусім розныя людзі, з самымі рознымі поглядамі, тыя, хто адзначаецца неабыякавасьцю, жаданьнем умацаваць салідарнасьць з тымі, хто трапіў у бяду».

Грамадзянская актывістка Юля Сьцяпанава цалкам згодная: пасьля Плошчы ў грамадзтве сапраўды пачынае адраджацца тое, што раней так было ўласьціва беларусам — узаемадапамога ды салідарнасьць.

Юлія Сьцяпанава

Юлія Сьцяпанава

«Асабіста мне яшчэ ніколі не даводзілася назіраць за тым, каб людзі, так бы мовіць, зь іншай тусоўкі ставіліся да нашых прапановаў неяк абуральна. Напрыклад, адна жанчына, якой належыць прыватная крамка адзеньня, яна вельмі дапамагала з адзеньнем тым, хто выйшаў з турмы ці ўтрымліваўся ў ёй. Праз нас перадавала на Акрэсьціна нейкія цёплыя швэдры, штаны, каб людзі адчувалі сябе лепш. Пры гэтым і сама жанчына, і іншыя, хто дапамагаў зьбіраць перадачы, казалі: выбачайце, што ня можам быць з вамі».

Паводле Юлі Сьцяпанавай, і ёй, і ейным сябрам вельмі б хацелася, каб у адпаведнасьці са старажытнымі беларускімі традыцыямі вольных грамадзянаў маглі пускаць у турмы. Зразумела, дамагчыся гэтага няпроста. Але ёсьць пазытыўны досьвед з тым жа ізалятарам на Акрэсьціна. Пасьля шматлікіх лістоў у вышэйшыя інстанцыі ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і Юліных сяброў, стары корпус ізалятара адрамантавалі і нават паабяцалі падключыць у камэры гарачую ваду.

Згодна з апытаньнем грамадзкай думкі, якое наша праграма правяла на вуліцах буйных беларускіх гарадоў, большасьць удзельнікаў выказала жаданьне наведаць турмы, каб убачыць умовы ўтрыманьня зьняволеных, паразмаўляць зь вязьнямі ды падтрымаць іх.


«Песьня, якая дапамагае жыць і сядзець»


«Не паверыце, але за кратамі вельмі дапамагае жыць і сядзець тое, што называецца „турэмным шансонам“, — напісаў да нас у праграму былы асуджаны Міхаіл. — Сапраўды, гэта неяк падтрымлівае. Аматараў гэтай песьні на зоне шмат. Яна льецца з самых розных СД-плеераў, што амаль у кожным кубрыку. Мець у бараках гітары было забаронена. Прычыны, праўда, не называліся. Кожны ўзрост аддаваў перавагу пэўным выканаўцам, стылю, рэпэртуару. Маё пакаленьне 50—60-гадовых, з адукаваных сядзельцаў, слухалі ГУЛАГаўскую клясыку ды Круга. Тыя, хто прасьцейшы, любілі слухаць нешта жаласьлівае ды душашчыпальнае. Моладзі падабалася нешта рэпавае. У нашай калёніі на Віцьбе кіраўніцтва нават дазваляла выконваць гэты рэп са сцэны».

Вось адзін з прыкладаў турэмнага рэпу. Яго аўтар — беларускі гангста-рэпэр Міця Аўчыньнікаў, які памёр летась 21 кастрычніка ва ўзросьце 27 гадоў ад перадазіроўкі наркотыкаў. У 2007-м Міцю асудзілі паводле артыкула 328 на 8,5 года пазбаўленьня волі. Вызваліўся ўмоўна-датэрмінова празь пяць гадоў за актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці зоны. Падчас адседкі ў Магілёўскай ПК-19 стварыў абсалютна новае турэмнае радыё ды запісаў свае першыя альбомы: «Турэмныя рагі» (2008) ды «Асобы» (2009). Гэты музычны праект, які сам ён ахарактарызаваў як «гангстэрскі», карыстаўся папулярнасьцю ў калёніі, а потым, што называецца, узарваў інтэрнэт. Вось адзін з трэкаў, ён прысьвечаны кароткаму спатканьню на зоне.



Напярэдадні Новага 2014 году беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў свой новы альбом «Варанок». Як лічыць Зьміцер, а таксама аўтар большасьці тэкстаў песьняў, ён жа натхняльнік праекту, паэт Генадзь Бураўкін, гэта была спроба стварыць беларускі шансон, але не такі бандыцкі ды вульгарны, што круціцца сёньня па каналах і расейскага, і беларускага тэлебачаньня. Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю гэтай падзеі. Вось адна з 12 песьняў — тая самая, па якой названы і ўвесь першы альбом беларускага турэмнага шансону.



На просьбу «Свабоды» сваімі меркаваньнямі дзеляцца знаўцы турэмнага фальклёру.

Наш сталы чытач і слухач 40-гадовы Зьміцер Вольны, які, паводле ягоных словаў, мае «вялікі досьвед» турэмнай адседкі, праслухаў праект Вайцюшкевіча-Бураўкіна зь цікавасьцю:

«Слухаючы альбом „Варанок“, адразу разумееш, што тэкст пісаў сапраўдны паэт, а аўтар музыкі ды выканаўца — сапраўдны музыкант. У Бураўкіна ды Вайцюшкевіча, хутчэй, лірычны шансон. Да рэальнага турэмнага шансону
Дарэчы, сярод зэкаў не прынята сьпяваць
далекавата, у звыклым разуменьні. Не выключаю, што гэта тыя песьні, якія могуць прыйсьці за краты праз палітвязьняў. А так слухаюць, як ні банальна, расейскі турэмны шансон — Круга, Кучына, Нагавіцына, гурт „Бутырку“, значна меней — Шуфуцінскага ды Новікава. Дарэчы, сярод зэкаў не прынята сьпяваць. Магчыма, дзе-небудзь, у якой-небудзь зоне нехта і сьпявае, але мне з гэтым сутыкацца не даводзілася. Хоць, калі я сядзеў на „асобым рэжыме“ ў Глыбокім, дык там былі гармонік ды гітара, і рэцыдывісты гралі для аматараў ды сьпявалі. Памятаю такі імправізаваны канцэрцік на Новы год. Гэта быў сапраўдны сьцёб. Вельмі клясны, дарэчы, але гэта было на „асобым“. Там усё было адрознае ад іншых рэжымаў».

Яшчэ адзін з нашых чытачоў, 50-гадовы Ігар, у мінулым афіцэр МУС, які пры канцы 1990-х — пачатку 2000-х трапіў за краты па абвінавачаньні ў хабары, сёньня калекцыянуе запісы турэмных песень. Праект «Варанок» ён назваў імітацыяй ці нейкім новым крокам у галіне турэмнай песьні. Дарэчы, ён катэгарычна супраць таго, каб яе называлі шансонам:

«Калі быць дакладным, то шансон — гэта француская вулічная песьня 20–30-х гадоў і пазьней. Гэта таксама і савецкая аўтарская песьня, якую ў СССР
блатняк — гэта зьява турэмнай субкультуры, дарэчы, даволі цікавая. Тое, што сёньня ідзе з „тэлескрыні“, — гэта кабак, які я проста ненавіджу
выконвалі пад гітару. А блатняк — гэта зьява турэмнай субкультуры, дарэчы, даволі цікавая. Тое, што сёньня ідзе з „тэлескрыні“, — гэта кабак, які я проста ненавіджу. Адной зь вяршыняў турэмнага песеннага жанру лічу сапраўдны трагічны гімн зэкаў „Па тундры“. Ён створаны дзесьці ў другой палове 1940-х, калі ў ГУЛАГ пачалі кідаць былых ваеннапалонных з гітлераўскіх лягераў ды былых паўстанцаў-нацыяналістаў, найперш з Украіны. Вось тады, па сутнасьці, пачаліся сапраўдныя сур’ёзныя ўцёкі са сталінскіх лягераў. Звычайна, я лічу, лепш, чым самі сядзельцы, такіх песьняў ніхто не выконвае, аднак ёсьць рэдкія выключэньні. Напрыклад, Аркадзь Северны — сапраўдны кароль гэтай песьні, хоць ніколі і ня быў у турме. Ён памёр у той жа год, што і Высоцкі. Вельмі цікавы альбом з „Тундрай“ запісалі Андрэй Макарэвіч ды вядомы джазіст Аляксей Казлоў. Гэта таленавіта стылізавана пад зэкаўскае выкананьне».

Альбом Макарэвіча-Казлова «Піянэрскія блатныя песьні», у які ўвайшла «Па тундры», выйшаў на пачатку 2000-х. Як адзначалі ў адным з інтэрвію аўтары і выканаўцы, гэтыя песьні можна назваць піянэрскімі, можна лягернымі, можна дваровымі. Проста тое, што ў свой час нараджалася ў андэграўндзе, рана ці позна станавілася здабыткам маскоўскіх, ленінградзкіх ці менскіх двароў, у якіх камсамольцы ды піянэры сьпявалі пад гітару гэтыя непажаданыя песьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG