Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: судзяць за тое, што пратэставаў супраць п’янства


Зьміцер Карашкоў
Зьміцер Карашкоў

3 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля судзілі лідэра кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць!» Зьмітра Карашкова. Міліцыя абвінаваціла яго ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

На пачатку судовага паседжаньня Зьміцер Карашкоў заявіў адвод судзьдзі Алене Цалковай, якая разглядала адміністрацыйны пратакол, складзены супраць яго ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі. Тлумачэньне падаў наступнае: ягоны асабісты досьвед і практыка разгляду адміністрацыйных спраў у дачыненьні да іншых актывістаў пераконваюць, што суд не разглядае такія справы аб’ектыўна і бесстаронна.

Аднак судзьдзя адхіліла адвод як нематываваны й пачала разглядаць адміністрацыйную справу па сутнасьці.

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, уранку 11 лістапада Зьміцер выйшаў на пляцоўку пры аблвыканкаме з транспарантам: «Спыніце продаж алькаголю каля школаў». За гэта міліцыя й затрымала яго. У пратаколе, які склаў маёр міліцыі Уладзімер Недабой, напісана, што Карашкоў «публічна выказваў свае асабістыя інтарэсы з выкарыстаньнем транспаранта».

Карашкоў: «Я выйшаў на пляцоўку насупраць будынку аблвыканкаму з мэтай прыцягнуць увагу грамадзтва і дзяржаўных чыноўнікаў да праблемы алькагалізацыі краіны. У краіне спажываецца 11,3 літра алькаголю ў год на душу насельніцтва. Больш п’е толькі Расея. Ёсьць дасьледаваньні Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, якія сьведчаць, што спажываньне больш як 8 літраў чыстага алькаголю ў год на душу насельніцтва вядзе да дэградацыі грамадзтва».

Судзьдзя пыталася ў Зьмітра Карашкова: ці зьвяртаўся ён у гарвыканкам па дазвол на пікет? Актывіст адказаў, што гэтым разам не зьвяртаўся, бо раней пісаў туды заяву, але гарвыканкам не дазволіў праводзіць антыалькагольны пікет. Забарону Карашкоў абскардзіў у Цэнтральным райсудзе. Аднак і суд Цэнтральнага раёну, і вышэйшыя суды пакінулі ягоную скаргу без задавальненьня. Цяпер заява Карашкова — на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Карашкоў: «У Гомелі за апошнія сем гадоў не дазволена ніводнага масавага мерапрыемства. Адсутнічае свабода слова. Грамадзяне паводле Канстытуцыі маюць права на мірныя пратэсты, але чыноўнікі ўвесь час забараняюць. У горадзе нашым шмат крамаў, якія прадаюць алькаголь побач са школамі ды іншымі навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, у Савецкім раёне ёсьць сярэдняя школа № 7. Побач зь ёю — крама, якая гандлюе алькаголем. Дзеці з вокнаў бачаць, як дарослыя выходзяць з гэтай крамы й за рогам п’юць і гарэлку, і віно. А чыноўнікі паводзяць сябе так, быццам такога пытаньня і не існуе».

На судзе, дзе разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненьні да Зьмітра Карашкова, прысутнічала грамадзкая актывістка Натальля Крывашэй:

Натальля Крывашэй
Натальля Крывашэй
«Вельмі ўразіла, што чалавека судзяць за тое, што ён змагаецца з п’янствам. Увогуле ў нашай краіне судзяць усіх, хто выяўляе хоць нейкую грамадзянскую актыўнасьць — і няма розьніцы, дрэннае чалавек нешта робіць ці добрае. Як мне падаецца, галоўнае ў нашай краіне, каб чалавек не высоўваўся, нічога не рабіў, магчыма, і піў. Чым больш людзі п’юць, тым больш маўчаць».

Паплечнік Карашкова па кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць!» Кастусь Жукоўскі так паставіўся да распачатай адміністрацыйнай справы:

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі
«На мой погляд, з боку Зьмітра быў мужны ўчынак. А ўлада, са свайго боку, паказвае, за якія каштоўнасьці яна выступае: каб народ бухаў і ня думаў ні пра што. На словах яна нібыта супраць алькагалізацыі, а на справе, і сёньняшні факт судовага разбору пра гэта сьведчыць, яна — за алькагалізацыю. Бо чалавек, які выступае супраць алькагалізацыі насельніцтва, трапляе пад прэс дзяржаўнай машыны. Таму Зьміцер і ў судзе».

Судзьдзя Алена Цалкова абвясьціла, што вырак па адміністрацыйнай справе Зьмітра Карашкова будзе вынесены 9 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG