Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГромадськеТВ: Кветкі рэвалюцыі


ГромадськеТВ — самая вясёла-шалёная рэдакцыя, якую я бачыла.

ГромадськеТВ — самая вясёла-шалёная рэдакцыя, якую я бачыла.

Яны крутыя. У іх студыі Ксенія Сабчак бярэ інтэрвію ў братоў Клічкоў. У іх самая прыгожая і разумная вядучая ва Ўкраіне Тацяна Даніленка. Твітэр майданіць, калі Багдан Куцепаў не выходзіць на начную варту. Гэта ГромадськеТВ.

На круглым стале з чатырма ўкраінскімі прэзыдэнтамі поўна журналістаў і месца з добрым аглядам усім не хапае. Я стаю за журналістам ГромадськеТВ Мустафом Наемам. На выцягнутай руцэ ён трымае міні-айпэд так, каб стол і ўдзельнікаў было відаць у кадры.

Проста за мною — ахоўнік з навушнікам і я чую, як ён кажа сабе ў далонь: «Гэты ў белым швэдры перадае праз трыджы».

Яшчэ праз колькі хвілінаў Наем робіцца адзіным журналістам-удзельнікам круглага сталу:

«Трансьляцыя перарвалася на выступе апазыцыі! Ва ўсім палацы вырубілі інтэрнэт» — гучным шэптам крычыць ён.

Першы прэзыдэнт Леанід Краўчук паўз прысутнага тут прэзыдэнта Януковіча, прэм’ер-міністра Азарава, ахоўнікаў і службу бясьпекі пытаецца ў Наема, хто замінаў трансьляцыі. Пытаецца так, што сумневаў не застаецца — Наем мусіць ведаць.

Ва Ўкраіне кажуць, што менавіта з допісу ў фэйсбуку Мустафы пачаўся Майдан.

«Калі б мяне спыталі, што ёсьць кветкай гэтай рэвалюцыі, то я б не назвай аніводнай асобы, аніводнай зьявы, але дакладна наш канал, — упэўнена кажа Наем. — Мы першыя зрабілі намаганьні выйсьці з прафэсійнымі журналістамі ў інтэрнэт — якасна, прафэсійна і ўвесь час. Гэта вынік неабыякавай пазыцыі. Мы не заангажаваныя ў эфіры, але мы ўсё паказваем вельмі-вельмі актыўна. І мне здаецца, што гэта кветка, якая расквітнее, і калі-небудзь мы будзем згадваць пра рэвалюцыю, і я буду згадваць гэты канал і ўсіх людзей, якія стаяць на Майдане, якія дазволілі нам адчуць, што гэта магчыма».


Мустафа Наем: «Усе думалі, што людзі выйдуць за тое, што Цімашэнку пасадзілі ў турму, за тое, што пасадзілі Луцэнку, за падатковую рэформу. І ніхто ня думаў, што хтосьці выйдзе за нейкія дзьве літары, за якімі стаяць каштоўнасьці. Якія ня можна памацаць рукамі, адчуць, альбо пабачыць. І ў гэтым вялікі прарыў».

Мустафа Наем і Наталка Гумянюк

Мустафа Наем і Наталка Гумянюк



Ужо за адзінаццатую, калі мы размаўляем з Наемам у тады яшчэ старым офісе ГромадськеТВ. Празь некалькі гадзінаў улады паспрабуюць «зачысьціць» Майдан. А пакуль Мустафа вярнуўся з вулічнай онлайн-трансьляцыі, амаль адразу сеў у крэсла вядоўцы пад камэру і пачаў інтэрвію зь госьцяй эфіру. Госьця — маладая ўкраінка з руху Майдан-SOS. У яе фантастычна прыгожыя вочы, а ў Мустафы рэпутацыя мача.

Падчас размовы зь ёю ён піша ў твітэр штосьці кшталту: «Я не вытрымаю! Скажыце, што ў яе лінзы!».

ГромадськеТВ — самая сур’ёзная і шалёная рэдакцыя, якую я калісьці бачыла.

Праект-мэнэджэр Людміла Янкіна — сапраўдны цэнтар кіраваньня ГромадськеТВ. «Не было гуку, перакладу, тытраў. Усё гэта трэба было знайсьці і зрабіць. Уласна на ўсё пайшло тры дні. Цяпер ужо працуе вельмі адладжаная сыстэма са 150 валянтэраў».

«Журналісты ўсе "мульцітаскеры": яны ўсе ходзяць "у поле", частку часу адказваюць на электронную пошту і тэлефанаваньні, яны сядаюць у крэсла вядучага» , — праект-мэнэджэр Людміла Янкіна — кажа, што апошнія дні працуюць па 16-20 гадзінаў. — «У нас ва ўсіх такі рэжым, і мы ўсе працуем у фармаце шчыльнай каардынацыі. Гэтая арганізацыя — фэномэн з пункту гледжаньня фармату працы, ніхто ні з кім не канкуруе, усе супрацоўнічаюць. Мы ўжо як бы жывем ў новай краіне. Ня ведаю, ці гэта было б магчыма ў мірны час. Але менавіта цяпер людзі зразумелі, як трэба супрацоўнічаць адно з адным, каб дасягнуць таго, што мы хочам».

Магнітныя дошкі, дзе запісаныя імёны супрацоўнікаў, тэлефоны і месцы, дзе яны знаходзяцца. Тут жа графік эфіру і розныя іншыя заўвагі.

Магнітныя дошкі, дзе запісаныя імёны супрацоўнікаў, тэлефоны і месцы, дзе яны знаходзяцца. Тут жа графік эфіру і розныя іншыя заўвагі.







Пасьля таго, як зьверскі зьбілі журналістку «Ўкраінскай праўды» Тацяну Чарнавол, ужо ня трэба пераконваць, як важна ведаць у рэдакцыі, дзе журналіст. Журналістаў ГромадськеТВ Дмытра Гнапа і Якава Любчыча зьбілі каля Марыінскага парку яшчэ 29 лістапада, забралі флэшку з інфармацыяй. Тыя, хто білі, ведалі, каго б’юць.



Сама я апынулася ў Кіеве дзякуючы ГромадськеТВ. Ад 2 сьнежня ў мяне быў замоўлены гатэль у горадзе-курорце. Зь пятніцы я адключыла скайп, перастала чытаць навіны і ўвогуле рэагаваць на зьнешнія раздражняльнікі. Але ў нядзелю ўвечары, 1 сьнежня, правы ўказальны сам націснуў на спасылку да онлайна ГромадськеТВ з Кіева. У той дзень была Банкавая. Да цягніка Менск-Кіеў заставалася дзьве гадзіны. Я пасьпела.

Офіс — адзін пакой, у якім рабілася ўсё тэлебачаньне. Цяпер ГромадськеТВ пераехала ў большы, але прынцып працы застаўся такім жа. У офісе студыя зь вядучымі, сьвятлом і гасьцямі, сталы з рэдактарамі і рэжысёрамі, будка перакладчыка, тэхнічны аддзел, канапа для адпачынку і стол зь ежай.

Ежу ў hromadske.tv прыносяць людзі. Стол завалены запакаванымі гарачымі абедамі, садавіной, печывам і сокамі.

Ежу ў hromadske.tv прыносяць людзі. Стол завалены запакаванымі гарачымі абедамі, садавіной, печывам і сокамі.





У тады яшчэ стары офіс ГромадськеТВ мяне прывёў Андрэй Баштовы. Такі сябар, якога бачыш раз на год, а калі сустракаесься, пачынаеш размову з учора.

«Мы ня можам сабе дазволіць вялізны штат і патасныя пэтээскі (птс — перасоўная тэлевізійная станцыя — рэд.) з кіроўцамі і кухарамі, — кажа Андрэй. — Мы СМІ, у якім кожны чалавек выконвае вялізную колькасьць функцый. Таму наша птс — гэта такі маленькі мадэм, які ляжыць у кішэні і тэлефон, айпэд — ну ці што заўгодна. Мы мусім апэратыўна і максымальна якасна перадаваць інфармацыю. Астатняе — дэталі».



Нельга сказаць, што ГромадськеТв выкарыстоўвае новыя тэхналёгіі, бо яно само і ёсьць такой тэхналёгіяй. Усё робіцца якасна, апэратыўна і танна. «Калі назваць суму, якую гэта ўсё каштуе, тэлевізійнікам, яны будуць проста сьмяяцца», — кажа Андрэй.

Фішка ГромадськеТв — наўпроставы эфір зь месца падзеяў і студыі. Для гэтага трэба ўсяго тры чалавекі.

Андрэй Баштовы: «Трансьлюем на ютубе — гэта і зь меркаваньняў бясьпекі нашмат лепш, і эканамічна таксама вельмі зручна. Для трансьляцыі мы выкарыстоўваем банальны ю-стрым, які выводзім на трансьляцыю праз "рэжысэрку"».

Рэжым «онлайн» дазваляе агучваць інфармацыю адразу і не прывязвацца да моманту выхаду ў эфір. Як толькі зьяўляюцца навіны, іх тут жа агучваюць вядучыя і яны разыходзіцца па сацыяльных сетках. Адразу ў эфіры можна ўключыць «стрым» кагосьці з журналістаў, які знаходзіцца «ў полі» — на месцы падзеяў.



Тут не саромеюцца карыстацца сацыяльнымі сеткамі і абапіраюцца на тых, каму давяраюць. «Інфармацыя, якую мы агучваем, яна правераная, але гэта ня значыць, што мы паслалі на месца трох журналістаў з сабакам», — тлумачыць Андрэй.

«Гукач» Андрэй Раманенка. Дзякуючы яму на hromadske.tv зьявілася англамоўная трансьляцыя.

«Гукач» Андрэй Раманенка. Дзякуючы яму на hromadske.tv зьявілася англамоўная трансьляцыя.





Прафэсійныя перакладчыкі-сынхраністы таксама валянтэры. Прыходзяць на ГромадськеТВ і адпрацоўваць па некалькі гадзін.

«Наш твітэр "ламаюць" па 2-3 разы на дзень, — кажа Андрэй. — Гэта таксама рэальнасьць. Сайт таксама часта "ляжыць" з-за атак. Таму мы мы кажам: "шаноўныя хакеры, паспрабуйце паламаць сэрвэры ютуба" і накіроўваем людзей на ютуб».

Уся каманда ГрамадськеТВ — 27 чалавек. Зь іх 10 журналістаў. Людміла Янкіна не здарма кажа, што арганізацыя працы ўнікальная. Найлепшыя ўкраінскія журналісты прыйшлі сюды не дзеля ганарараў. Існуе ГромадськеТВ на замежную дапамогу і грамадзкія ахвяраваньні. Людзі пералічаюць сродкі проста падчас эфіру . Дае справаздачу за іх выкарыстаньне ГромадськеТВ таксама публічна — у сябе на сайце.



«У нас няма гаваркіх галоваў, — кажа Наталка Гумянюк, журналістка-міжнародніца. — Калі трэба — я сядаю ў крэсла і стаўлю гасьцям пытаньні. Хаця я ў кадры ніколі не працавала як вядучая, але калі трэба, то я і вядучая, я сама здымаю, я магу сама замовіць госьця, якога мне трэба. Калі трэба, я займаюся арганізацыяй. Вось гэта, мне здаецца, і ёсьць журналістыка — знайсьці правільную і карысную інфармацыю для людзей тады, калі яна ім трэба. І мы ўсе сілы на гэта кладзем».

Эфір у дзень 10 сьнежня завяршаецца пад дванаццатую. У аднаго з маладых супрацоўнікоў дзень народзінаў. Тут жа разьліваюць на ўсіх адну пляшку Марціні. Хлопец, імя якога я не памятаю, кажа, што ГромадськеТВ — найлепшае, што зь ім здарылася.

Андрэй Баштовы пасьля гэтага ідзе на «начную варту». Якраз у гэтую ноч «зачышчаюць» Майдан. Усё гэта будзе ў простым эфіры ГромадськеТВ, які пабачаць дзясяткі тысячаў чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG