Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Васілеўскі: Virus Albaruthenium – вядомая хвароба


Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы!

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



1. Virus Albaruthenium – вядомая хвароба. Падчапіў у 16 гадоў. Пасьля беларускай гаворкай карыстаўся толькі ў агульнай прасторы з аднамоўнымі знаёмымі, радзей – з выпадковымі суразмоўцамі. У Сеціве зьбеларусіўся раней, бо там прасьцей. Цалкам беларускамоўным стаў у 31, то бок толькі цяпер. Напачатку было проста цікава, новы сьвет. Цяпер – дзеля дзетак. Каб род доўжыўся. Ня парабкаў, але Гаспадароў.

2. Паўсюль і заўсёды. З радзінай і суседзямі, з кліентамі і партнэрамі, зь мінакамі ды нашымі меншымі братамі. Зь дзецьмі. У спраўным ліставаньні, дамоўных стасунках, бухгальтарскай дзейнасьці. З сабою – у думках. З Богам – у душы.

3. Паспаліты люд у большасьці сваёй пачынае ставіцца паважліва, робіцца лагодным. Часам шкадуюць, што не размаўляюць самі. Маўляў, вось я б таксама, але забыўся, развучыўся, саромеюся...

4. Магу канстатаваць, што ніякіх. Рэдкія савецкія рудымэнты – ня ў лік.

5. Пазычу ад душы:
Радыё Воля!
Грамчэй гучы,
Не змаўкай ніколі
Ні ў сэрцы, ні ў галаве!
Мінуць няўзгоды.
Беларусь жыве!
І жыве Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG