Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанцін: Валоданьне беларускай дазваляе разумець славянскія мовы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы!

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



1. Усё пачалося зь дзіцячага садка, у які мяне аддала маці. Ён быў бліжэйшы ад нашага дому і беларускамоўны. Знаходзячыся там, я штодня чуў беларускую мову, далей вёска ў бабулі, дзе мае веды замацоўваліся. Пасьля я вучыўся ў беларускамоўным клясе, які ў пятым клясе па просьбах бацькоў перавялі на расейскую мову навучаньня. Але і гэтага хапіла, каб закласьці трывалы фундамэнт беларушчыны. Да сканчэньня школы я вёў дзёньнік па-беларуску, хаця неаднаразова ад мяне патрабавалі весьці яго па-расейску.

2. Неяк так атрымалася, што мова ішла са мною па жыцьці. Пасьля школы я паступіў на гістарычны факультэт БДУ, спэцыяльнасьць – гісторыя ўсеагульная і айчынная, на беларускамоўную плынь. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў навуковым супрацоўнікам у Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту, у якім справаводзтва, мерапрыемствы, экскурсіі вяліся па-беларуску. Пасьля я працаваў рэдактарам сайта «ARCHE», працоўная мова якога таксама беларуская. Цяпер беларускую мову я ўжываю збольшага ў прыватным жыцьці, а таксама вяду на ёй свой блог, акаўнты ў сацыяльных сетках ды пішу артыкулы.

3. Добрае валоданьне беларускай мовай дазваляе прасьцей разумець славянскія мовы, прычым ня толькі суседніх краін, але і далёкіх. Упершыню я зразумеў гэта, калі, працуючы над сваёй курсавой працай, сутыкнуўся з дакумэнтамі на харвацкай мове. Абсалютна не валодаючы ані сэрбскай ані харвацкай, я здолеў неяк разабрацца. Тое ж можна сказаць і пра мовы блізкіх народаў, напрыклад, польскую. Калі мне даводзілася жыць у Варшаве, то я на дзень-другі ўжо разумеў збольшага, што кажуць палякі, пры гэтым да гэтага ў мяне ніколі падобных кантактаў не было. Веданьне беларускай лацінкі палягчае чытаньне на такіх мовах, бо прынцыпы напісаньня словаў у нас падобныя. У гэтым я пераканаўся, калі перакладаў гістарычныя крыніцы з харвацкай мовы для свайго дыплёму. Агулам беларуская мова, на маю думку, дае вялікія пэрспэктывы для чалавека, які ёй больш-менш добра валодае, бо робіць яго ня толькі адукаваным чалавекам, але і спрашчае адаптацыю ў чужой краіне. Пра расейскую мову такога сказаць нельга.

4. Ніколі асаблівых цяжкасьцяў не было, а тое, з чым даводзілася сутыкацца, і так добра вядома ўсім беларускамоўным грамадзянам нашай краіны.

5. Хацелася б, каб на вашым радыё колькасьць жывых эфіраў павялічвалася. Я штодня слухаю Свабоду, амаль што ўсе перадачы для мяне цікавыя. Яшчэ раз дзякую Вам за дасланыя кнігі і вашу працу, жадаю посьпеху і плёну!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG