Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сем’ям рэпрэсаваных — ад сьвятога Мікалая


Іна Кулей. Фота Зьміцер Хведарук

Іна Кулей. Фота Зьміцер Хведарук

40 сьвяточных пасылак з цацкамі, флямастэрамі, цукеркамі павезьлі сёньня ў рэгіёны Беларусі актывісты камітэту «Салідарнасьць».

Так стартавала польска-беларуская акцыя «Сьвяты Мікалай: ад Польшчы да Беларусі». Гэтыя падарункі падрыхтавалі для сем’яў рэпрэсаваных беларусаў сем’і з польскага Ўроцлава.

У кожным пакеце ляжыць яшчэ і ліст ад канкрэтнай уроцлаўскай сям’і. У ім — словы падтрымкі і жаданьне пазнаёміцца бліжэй зь дзецьмі і дарослымі, якія пацярпелі ў Беларусі за сваю дэмакратычную дзейнасьць. Польскія сем’і такім чынам пацьвярджаюць сваё жаданьне ўсталяваць кантакты зь беларускімі сем’ямі, — адзначае старшыня камітэту «Салідарнасьць» Іна Кулей:

«Гэтая акцыя была задумана і цяпер ажыцьцяўляецца з нашай сталай партнэрскай арганізацыяй з Уроцлава „Мы — разам“. Яна мае на мэце дапамогу — рэпрэсаваным людзям, актывістам. У першую чаргу сем’ям, дзе ёсьць дзеці, сем’ям з рэгіёнаў. Бо там, дзе бацькоў пазбавілі працы, дзе яны трапілі пад арышт, — ім цяжка. Яны ўвесь час навідавоку ва ўлады. Ім не даюць магчымасьці працаўладкавацца. Яны як белыя вароны. І ім вельмі цяжка ў штодзённым жыцьці.

Гэта акцыя — ня толькі для таго, каб раздаць падарункі. Гэта робіцца для таго, каб наладзіць сталыя кантакты. Гэта будзе пачаткам перапіскі, а пасьля і наведваньня адзін аднаго, аздараўленьня».

15 пакетаў атрымаў сёньня прадстаўнік Берасьцейшчыны Сяргей Ваўчанін. Каму ён іх павязе?

«Гэта людзі з палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Я лічу, што гэта добра, калі падтрымліваюць і бацькоў, і дзяцей. І каб яны памяталі пра салідарнасьць, якую паказвае Рэспубліка Польшча. Вялікі дзякуй палякам. А нашым сем’ям будзе вельмі прыемна атрымаць падарункі і парадавацца Новаму году і Раству. І, вядома, наладзіць кантакты».

Цяперашняя акцыя — сьвяточная. Яе працяг пойдзе ўжо ў новым фармаце: «Сям’я — сям’і». Польскія сем’і куплялі спэцыяльныя квіткі коштам 25, 50 і 125 злотых. Гэтыя грошы зьбіраліся на спэцыяльны рахунак. Цягам акцыі яны ператворацца ў рэчы, якія цяпер найбольш неабходныя канкрэтным беларускім сем’ям.
XS
SM
MD
LG